“Другая” — не апошняя

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

“Другая” — пад такой назвай у галерэі “Акадэмія” напрыканцы жніўня — у пачатку верасня працавала сумесная выстаўка мастакоў Алега Ладзісава і Уладзіміра Макаркова. Іх першы сумесны праект адбыўся ў Музеі гісторыі беларускага кіно ў 2006-м. Цягам пяці гадоў мастакі заставаліся вернымі сваім творчым прынцыпам: абстрактнаму жы- вапісу і мастацтву інсталяцыі.

/i/content/pi/cult/342/6352/9-3.jpg"Жывапіс не адлюстроўвае нічога - ён проста існуе",- гэтыя словы мастака-філосафа Патрыка Сантуса можна лічыць сугучнымі творчасці Алега Ладзісава. Выхаваны на творах Самюэля Бекета, авангардных балетных пастаноўках Філіпа Жанці, ён паступова перайшоў ад жывапісу фігуратыўнага да беспрадметнага. У аснову яго твораў пакладзены прынцып мастакоўскай палітры: гэта, у пэўным сэнсе, нагадвае працэс стварэння музычных кампазіцый мінімалістам Джонам Кейджам пры дапамозе малюнка выпадкова і бессістэмна раскіданых палачак, які выбітны амерыканскі кампазітар практыкаваў напрыканцы свайго жыцця. Работы, пазбаўленыя прывязкі да рэчаіснасці, загадзя задуманай альбо выпрацаванай у ходзе напісання кампазіцыі, вызначаюцца натуральнасцю, адсутнасцю жорсткай рэгламентацыі і структуры, што, у сваю чаргу, стварае асабістую рэальнасць.

У іншым вымярэнні працуе Уладзімір Макаркоў. Яго музычныя інтарэсы палягаюць у галіне класічнай і рок-музыкі 1990-х гадоў, сярод пісьменнікаў Уладзімір аддае перавагу, зноў жа, класікам - Фёдару Дастаеўскаму і Герману Гесэ. Прадметны свет фільмаў Андрэя Таркоўскага, яго сімвалізм і, адначасова, тэатральнасць мізансцэн кінастужак Фрэдэрыка Феліні, здаецца, таксама апасродкавана паўплывалі на пошукі мастака. Поруч з эмацыйным складнікам, у творчасці Уладзіміра назіраецца характэрнае для еўрапейскага чалавека імкненне да няспешнага дакументавання, штодзённай каталагізацыі падзей, пачуццяў. Цягам апошніх гадоў ён удзельнічае ў выстаўках як майстар інсталяцый, якія можна назваць кнігай-дзённікам, дыярыушам. Напамінам аб людзях, падзеях, эмоцыях выступаюць артаб'екты: рукачынныя альбо створаныя непасрэдна самой прыродай, яны нібы нанізваюцца мастаком на нітку часу...

/i/content/pi/cult/342/6352/9-4.jpgАб'ядноўваючыся для рэалізацыі сумесных праектаў, розныя па светаўспрыманні мастакі надаюць шмат увагі працэсу гарманізацыі прасторы, што павінна ўспрымацца як адзінае цэлае і, разам з тым, даваць права кожнаму захоўваць сваю самастойнасць і ідэнтычнасць.

Галіна ЛЯШЧОНАК