Гаючае ўздзеянне мастацтва

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Сёлета Гомельскі абласны шпіталь інвалідаў вайны адзначае юбілей. За 70 гадоў сваёй гісторыі з невялікага эвакуацыйнага шпіталя ён ператварыўся ў адну з найлепшых медыцынскіх устаноў былога Савецкага Саюза, а цяпер — Рэспублікі Беларусь. Тут сфар- міраваўся высокапрафесійны калектыў, ужываецца сучаснае абсталяванне, створаны добрыя магчымасці для лячэння і побытавыя ўмовы. За ўсю гісторыю шпіталя тут аздаравіла- ся звыш чвэрці мільёна чалавек.

/i/content/pi/cult/342/6351/9-1.jpg

Знамянальнаму юбілею абласнога шпіталя прысвечана выстаўка гомельскіх жывапісцаў, графікаў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У яго холе разгарнулася экспазіцыя з 16 твораў сучаснага мастацтва, аўтарамі якіх з'яўляюцца члены Гомельскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў": заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Казакевіч, Аляксандр Гайлевіч, Ларыса Зуева, Аляксандр Касцючэнка, Святлана Курашова, Пётр Лук'яненка, Святлана Наздрын-Платнiцкая, Міхась Паповiч, Анжаліка Шабалтас. Кожны з іх прадстаўляе ўнікальны творчы свет; у гэтым праекце ўсе разам яны знiтавалі сваімі творамі панараму пазітыўных, дабратворных выяў.

Вялікае значэнне падобных выставак, уплыў мастацтва на з'яўленне станоўчых эмоцый пацыентаў адзначылі галоўны ўрач шпіталя Алег Іванцоў, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Фелікс Каліноўскі.

Заўважана, што энергія мастацкіх твораў здольная вылечваць і вяртаць да жыцця, усяляць надзею і ўмацоўваць упэўненасць у сабе. Сучасныя лекары ўзялі гэта на ўзбраенне як дапаможны сродак. "Арт-тэрапія" - метад, заснаваны на гаючым уздзеянні мастацтва на псіхічны стан чалавека.

/i/content/pi/cult/342/6351/9-2.jpg"Магчымасці ўплыву мастацтва на чалавека сапраўды бязмежныя, бо ўсе эмоцыі праходзяць праз сэрца", - так лічыць і старшыня Гомельскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Ларыса Зуева. Шматлікім аматарам мастацтва Гомельшчыны добра вядомыя яе габелены, у якіх творца ўвасабляе адвечнае хваляванне перад таямніцай нязведанага свету, спасцiжэнне крохкасці быцця... Гамяльчане ведаюць і пра тую шматгранную грамадскую працу, якую праводзіць мастачка, узначаліўшы ў 1994 годзе дабрачыннае творчае аб'яднанне "Мастацтва, Экалогiя i Я". "МЭЯ" актыўна ўключылася ў рэалізацыю праекта UNESCO "Мастацтва ў бальнiцы". Дзякуючы дзейнасці аб'яднання было праведзена мноства дабрачынных акцый і выставак у лячэбных установах Гомельшчыны.

Медперсанал і пацыенты шпіталя выказалі мастакам сардэчную падзяку і за арганізацыю экспазіцыі, і за падораны графiчны твор з выявай сабора Святых Пятра і Паўла, якi ўпрыгожвае знакамiты Гомельскi палацава-паркавы ансамбль.

Выстаўка будзе працаваць цягам месяца, выяўлена ўзаемная зацікаўленасць у далейшым творчым супрацоўніцтве шпіталя і гомельскіх мастакоў.

Алег АНАНЬЕЎ, Гомель