“Фантазёры” — праект доўгатэрміновы

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Праектная дзейнасць

Напярэдадні Дня бібліятэк на рэдакцыйную электронную пошту прыйшоў чарговы ліст ад нашай сталай аўтаркі Вольгі Палунчанка - загадчыка бібліятэкі аграгарадка "Кіраўскі" Віцебскага раёна. А ў аддзеле рэгіянальнай культуры мы прызвычаіліся: чарговы ліст ад Палунчанка - чарговы крэатыў. Так адбылося і гэтым разам. Па "электронцы" прыйшоў праект "Фантазёры", распрацаваны для пяці-шасцігадовых дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.

Праект - цалкам аўтарскі і арыгінальны. Як высветлілася, загадчыца бібліятэкі з Кіраўскага ўпэўнена, што выхаванне згаданай узроставай катэгорыі патэнцыйных чытачоў па сённяшнім, не надта "кніжным", часе - справа надзвычай актуальная, а таму "зыходны матэрыял" для будучага праекта шукала і ў Інтэрнэце, і на абласным метадычным узроўні, але не знайшла. Усё зрабіла сама і цяпер жадае прапанаваць яго ахвотным калегам для абмеркавання і сумеснага ўдасканалення.

Паколькі змест праекта займае не адзін дзясятак друкаваных старонак, мы вырашылі, са згоды Вольгі Палунчанка, прадаставіць яе кантактныя нумары тэлефонаў таму, хто зацікавіцца. Звязвайцеся, знаёмцеся, абмяркоўвайце, прапаноўвайце!

Рэалізацыю "Фантазёраў" Вольга Палунчанка распачала ў другой палове верасня. У групе - 21 дзіця з мясцовага садка-ясляў. Тэрмін рэалізацыі - год, тэрмін дзеяння абмежаванняў не мае. Мэта: фарміраванне бібліятэчнабібліяграфічных ведаў і ўменняў з дапамогай ролевай псеўдагульні. Звышзадача: прывіццё любові да кнігі і чытання. Няма сумнення, што непасрэдныя творчыя кантакты з крэатыўнай загадчыцай прынясуць плён нашым чытачам.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"