Знайсці “душу” палаца

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Сёння робіцца вельмі шмат для захавання айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны не толь- кі з боку дзяржавы, але і з боку неабыякавых да беларускай культуры людзей.

/i/content/pi/cult/342/6344/14-5.jpg

З мэтай выратаваць і вярнуць да жыцця адзін з унікальных аб'ектаў нашай мінуўшчыны - Жалудоцкі палацавы комплекс, які вядомы многім па айчыннай кінастужцы "Масакра",- сёлета адбыўся пленэр "Дух гісторыі". У ім прынялі ўдзел маладыя беларускія мастакі "Групы СЯМІ". А літаральна днямі ў межах старадаўняга палаца, што месціцца ў Шчучынскім раёне, адбылося падвядзенне вынікаў праектаімпрэзы "Маўклівыя сведкі мінуўшчыны" і адкрыццё выстаўкі "Дух гісторыі".

Перад мастакамі "Групы СЯМІ" стаяла цяжкая, але вельмі цікавая задача: цягам аднаго дня, карыстаючыся магчымасцю колеравай палітры, пластыкай форм і ліній, увасобіць на сваіх карцінах прыгажосць і духоўную моц палаца і ўсіх панскіх забудоў, заклікаць людзей аб'яднацца ў вялікай справе адраджэння духоўнага скарбу.

Усе чатырнаццаць карцін з гэтага пленэру можна будзе ўбачыць у розных беларускіх гарадах. Справа ў тым, што выстаўка "Дух гісторыі" аб'едзе многія музеі краіны, каб зацікавіць як мага больш людзей і сабраць грошы на рэстаўрацыю палацавага комплексу.

Як вядома, палацам даўно не карыстаюцца, і ён паступова разбураецца. Сядзібны комплекс быў збудаваны ў 1908 г. па праекце вядомага італьянскага архітэктара В.Марконі, а знаходзіцца ён у г. п. Жалудок, які з 1567-га быў цэнтрам павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У свой час мястэчка належала Лацкім, Сапегам, Фрацкевічам. У лютым 1706 года дало прытулак шведскаму каралю Карлу ХІІ. А ў XVIII - пачатку XIX ст. стала прыватнасцю Тызенгаўзаў.

Наталля ТАБУШАВА,

 магістрант Беларускай

акадэміі мастацтваў

Фота аўтара