Падарожжа на колах часу

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Такому простаму і немудрагелістаму прадмету, як кола, амаль столькі ж гадоў, колькі і чалавецтву. Але нават у век электронных ды тэхнічных навінак знайсці яму больш дасканалую замену немагчыма. Кола з’яўляецца сімвалам безупыннага руху і развіцця.

/i/content/pi/cult/342/6343/14-4.jpg

Менавіта такі сэнс укладае ў гэтую звыклую для нас рэч дызайнер, мастак-канцэптуаліст Сяргей Шыла. Ягоны праект "Кола часу", які быў нядаўна прадстаўлены шырокай грамадскасці ў Музеі гісторыі Мінска, - не толькі падборка транспартных сродкаў пачатку ХХ стагоддзя. У першую чаргу гэта- філасофскі роздум пра беларускую сям'ю, лёс чалавека, яго месца ў сусветнай прасторы.

Да прыкладу, згодна з аўтарскай канцэпцыяй, звычайныя гаспадарчыя вазы першай трэці ХХ стагоддзя, зробленыя з дубу, бярозы і ясеню, маюць мужчынскі і жаночы пачаткі. І калі ў адны, больш масіўныя, вазы нібыта нецярплівай мужчынскай рукою накіданы плуг, сядло, бочка, сякера, то іншыя вазкі, адпаведна, больш мініяцюрныя, "укамплектаваны" калаўротам, грэбенем для вычэсвання лёну, хлебнай лапатай... Не забыўся Сяргей Шыла і пра тое, што ў беларускіх сялян акрамя цяжкай працы былі яшчэ і святы, а таксама так званыя выезды "ў людзі". Для гэтых мэт існавала вазнічка - драбяк, - на якой звычайна заможныя сяляне ездзілі ў горад або ў госці. Нездарма дызайнер паклаў на такі вазок сем колаў рознага памеру, што сімвалізуюць вялікую беларускую сям'ю.

Прадстаўлены ў праекце і іншыя "сімвалы часу", зусім для іншага саслоўя. Вытанчаная рысорная брычка першай трэці ХХ ст. з металічнымі дэталямі і разьбянай спінкай нібыта чакае сваіх гаспадароў у даражэзных уборах з балю! Дызайнер лічыць, што транспартныя сродкі шляхты не трэба дапаўняць нейкімі прадметамі: і форма, і аздабленне вазнічак кажуць самі за сябе. Сяргей Шыла падкрэслівае, што, у параўнанні з сялянамі, для шляхты сям'я не была цэнтрам іх жыцця.

Мэта праекта Сяргея Шылы "Кола часу" - не проста паказаць сродкі перамяшчэння мінулага стагоддзя, а дапамагчы ўбачыць лёсы асобных людзей і цэлых сем'яў, раскрыць філасофскае прызначэнне колаў: на іх працавалі, на іх везлі жаніха і нявесту ў царкву, на іх выпраўлялі нябожчыка ў апошні шлях... Каб падкрэсліць асаблівае значэнне сімвала свайго праекта, дызайнер выкарыстоўвае своеасаблівыя звязкі-падказкі, якія дапамагаюць зразумець аўтарскую задуму. Напрыклад, пано з шэрай дзіравай тканіны з трыма прымацаванымі лапцямі- бацькавым, матчыным і сынавым- сімвалізуе жыццёвы шлях сям'і, дзе кожная латка і дзірачка азначае перашкоды і цяжкасці, але дарога вядзе гэтых людзей наперад.

Увогуле, калекцыя старадаўніх рэчаў мастака-канцэптуаліста Сяргея Шылы налічвае больш за тысячу прадметаў (калаўроты, швейныя машынкі і прасы, разнастайныя прылады, посуд і патэфоны), пошукам і рэстаўрацыяй якіх мастак займаецца ўжо каля дзесяці гадоў. Па словах дызайнера, ён імкнецца ў кожнай старадаўняй рэчы ўбачыць не проста гістарычную каштоўнасць, а цэлы сусвет, дакрануцца да таямнічага і нязведанага.

Надзея ПЯКАРСКАЯ