Юбілей прывілеі

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

10 верасня Навагрудак святкаваў 500-годдзе атрымання горадам Магдэбургскага права. Першая сталіца ВКЛ ветлiва сустракала гасцей, цешачы вока чысцінёй і прыгажосцю.

/i/content/pi/cult/342/6341/14-1.jpg

/i/content/pi/cult/342/6341/14-2.jpg

Цэнтральнай і ці не найбольш чаканай падзеяй стала адкрыццё помніка, прысвечанага атрыманню Навагрудкам 26 ліпеня 1511 г. права на самакіраванне. Адметна, што вянчае яго вобраз Архангела Міхаіла, нябеснага заступніка горада (менавіта выява гэтага святога знаходзіцца на гербе Навагрудка). Аўтар помніка - беларускі скульптар Генадзь Буралкін, "стваральнік" антычных багоў і муз для Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, помніка святому Елісею Лаўрышаўскаму і іншых выдатных работ.

Акрамя самога аўтара, на адкрыцці прысутнічалі ганаровыя госці, у тым ліку кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Фінберг і старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч.

Яшчэ да поўдня на галоўнай плошчы горада была гатова апаратура і настроены мікрафоны для ўрачыстага адкрыцця свята. Увесь дзень плошча была сэрцам горада: туды пастаянна падцягваліся людзі. Нельга не адзначыць і музычны складнік урачыстасцей.

Канцэртная праграма была прадумана да дробязей. Пасля ўрачыстага адкрыцця музычны блок прадставілі калектывы Гродзенскай абласной філармоніі. Затым цягам амаль пяці гадзін выступалі самадзейныя выканаўцы і калектывы Навагрудчыны і іншых раёнаў Гродзенскай вобласці - незлічоная колькасць маладых артыстаў, якія заявілі пра сябе на роднай сцэне.

Кульмінацыяй свята стаў канцэрт Заслужанага калектыву краіны - Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Горад вельмі чакаў гэтую культурную падзею і ветліва прыняў музыкантаў.

Для многіх заключным акордам стаў феерверк у начным небе, а ў тых, у каго засталіся сілы, была магчымасць весяліцца на дыскатэцы да 4-й раніцы...

Нельга не адзначыць і яшчэ колькі штрыхоў свята. У прыватнасці, цягам дня ў Навагрудку працавалі выстаўкі народных умельцаў, дзейнічалі дзіцячыя праграмы з гульнямі і забавамі. Відавочна, людзі засталіся задаволены, бо не так часта здараюцца ў жыцці святы з такой выдатнай нагоды- 500-годдзя з моманту атрымання Навагрудкам мясцовага самакіравання.

Дар'я ДАБРАВОЛЬСКАЯ, Алiна САЎЧАНКА