“Рытм хоць і напружаны...”

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў па- ведамляе “К”, што ўстановы культуры Культурнай сталіцы Беларусі і СНД-2011 працуюць сёння хоць і ў напружаным, але звычайным рытме.

 

За восем месяцаў прайшло больш за 150 буйных культурных мерапрыемстваў. Натуральна, павялічылася колькасць праектаў, рэалізацыя якіх тычыцца развіцця культуры ў маштабах не толькі СНД,  а і далёкага замежжа. Але, па словах Дзмітрыя Чумакова, мінулы год, да прыкладу, быў гэткім жа яркім на адметныя падзеі ў сферы культуры і мастацтва. Словам, самадзейныя і прафесійныя артысты, а таксама ўстановы культуры абласнога цэнтра дзейнічаюць, як і раней, надзвычай вынікова.  

Меркаванне начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама пацвярджаюць і звесткі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Яно паведамляе, што цягам года Гомель наведваюць лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы краіны. Прайшлі міжнародны конкурс "Рэнесанс гітары", міжнародны фестываль "Славянскія тэатральныя сустрэчы", Адкрыты конкурс харавога мастацтва "Спеўнае поле", канцэрты Заслужанага калектыву Беларусі Дзяржаўнага ансамбля "Харошкі", ансамбля народнай музыкі "Свята", ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Цягам паўгоддзя ладзіліся выстаўкі твораў народнага мастака Беларусі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, сучаснай французскай мастачкі Франсуазы Лімузі, фотаработ Віктара Смольскага, а таксама беларуска-італьянская экспазіцыя сучаснага мастацтва "Палацавая фіеста2011", славянскі пленэр "Зямля сінявокая". У межах акцыі "Г омель- Культурная сталіца Садружнасці" адбыліся Дні культуры Украіны.

Тэатральны сезон упрыгожылі гастролі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М. Горкага.  

Прайшлі Тыдзень беларускага і расійскага кіно, кінафестываль "Гэты Дзень Перамогі". У верасні мае адбыцца фестываль дзіцячага кіно "Залаты лістапад".

А з 15 па 18 верасня запланаваны VI Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод".

Канец года мае быць не менш насычаным. У выніку творчых стасункаў з Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў- удзельніц краін СНД у Гомелі будуць праведзены Дні культуры краін Садружнасці,  мяркуецца рэалізаваць сумесны беларуска-расійскі праект "Вяселле" з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а таксама яшчэ адзін міжнародны творчы праект- "Маладзёжная музычная акадэмія краін СНД Юрыя Башмета"