Магутнасць і радасць

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава Галіна Нячаева распавяла “К”, што 8 верасня ў Маскве, у адпаведнасці з праграмай мерапрыемстваў Рэспублікі Беларусь і Саюзнай дзяржавы на XXIV Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, прайшоў “круглы стол” “Праблемы захавання духоўнай супольнас- ці народаў Беларусі і Расіі”.

 

На "круглым стале" прадстаўлены знакавыя праекты выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі з серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў"- "Дзмітрый Струкаў. Альбом малюнкаў. 1864- 1867" і "Жывая вера. Ветка".

Першая кніга- факсімільнае выданне 200 акварэльных замалёвак нашых храмаў і культавых прадметаў даследчыка хрысціянскай даўніны, мастака і архітэктара Струкава. Другая- "Жывая вера. Ветка"- стала лагічным працягам музейных выдавецкіх праектаў "Веткаўская ікона" (2002 г.) і "Галасы зніклых вёсак" (2008 г.). Больш чым на 400 багата фотаілюстраваных старонках раскрыта ўся магутнасць і радасць міруі светабудаўнічага стараверскага іканапіснага мастацтва, што стала апірышчам "жывой веры" для жыхароў Веткі. Аўтар тэкстаў- Галіна Нячаева. Як яна паведамляе "К", нашы ўнікальныя выданні былі ўспрыняты расійскімі чытачамі больш чым прыязна.

Да ўдзелу ў пасяджэнні былі запрошаны прадстаўнікі нашага Міністэрства інфармацыі, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Дэпартамента сродкаў масавай інфармацыі і рэкламы Масквы, Маскоўскага дома нацыянальнасцей, Нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы", Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, святары, выдаўцы, мастацтвазнаўцы і журналісты.