Эканоміка паўгоддзя

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

У жніўні на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры прааналізавана пазабюджэтная дзейнасць устаноў культуры за першае паўгоддзе. Як паведаміла “К” начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Вольга Кананюк, план па атрыманні пазабюджэтных даходаў выкананы за гэты тэрмін на 112,5 працэнта.

 

У прэс-службе Міністэрства  падкрэслілі, што дзяржаўнай  праграмай "Культура Беларусі" на 2011- 2015 гады для эканамічнага стымулявання развіцця сферы прадугледжана штогадовае павелічэнне пазабюджэтных даходаў дзяржаўных арганізацый культуры на 5 працэнтаў у параўнанні з 2010-м.

За паўгоддзе арганізацыі сістэмы Міністэрства культуры атрымалі 135,4 мільярда рублёў пазабюджэтных даходаў - гэта 131 працэнт ад адпаведных леташніх. У тым ліку, паказчыкі па арганізацыях рэспубліканскага падпарадкавання склалі 31,8 мільярда рублёў (142%), мясцовага падпарадкавання- 103,6 мільярда (128%).

Неблагіх вынікаў дасягнулі ўстановы Мінска (147%) і Гродзенскай вобласці (131%).

Найбольшы рост даходаў  забяспечылі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь (210,1%), Тэатрстудыя кінаакцёра (164%), Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (151%).

Як паведамляюць у Міністэрстве культуры, план па даходах не выканаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) па камерцыйных прадпрыемствах сферы культуры дасягнула ў першым паўгоддзі 41,1 мільярда рублёў. План- 30,4 мільярда. Пры плане 6,6 працэнта рэнтабельнасць продажаў склала 10,5 працэнта.

Разам з тым, нездавальняючыя вынікі дзейнасці - у РУП "Беларускі відэацэнтр".