Архітэктура “Дажынак-2011”

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Студэнцкая ініцыятыва ў дзяржаўным увасабленні

/i/content/pi/cult/341/6330/3-1.jpg30 верасня - 1 кастрычніка ў Маладзечне пройдзе  Рэспубліканскі фестывалькірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2011". Горад цягам года па ўсіх параметрах рыхтуецца да дзяржаўнага свята. Змяняецца  яго аблічча, больш выразным становіцца райцэнтраўскі архітэктурна-ландшафтны складнік. На ўездзе ў Маладзечна са сталічнага напрамку ўсталявана скульптура Божай Маці, а ў гарадскім цэнтры -  раскінуўся сквер імя Язэпа Драздовіча, аздоблены самымі разнастайнымі малымі архітэктурнымі формамі. Важкі ўнёсак ва ўсіх гэтых дадатных пераўтварэннях прыналежыць дэкану архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і доктару архітэктуры Армену САРДАРАВУ.

- Паміж БНТУ і  Мінскім аблвыканкамам існуе дамова аб творчым супрацоўніцтве, - паведаміў "К" Армен Сардараў, - Два гады таму кіраўніцтва вобласці запрасіла нашага рэктара Барыса Хрусталёва і прапанавала скласці архітэктурную канцэпцыю цэнтральнай часткі Маладзечна да "Дажынак-2011". Канцэпцыю мы падрыхтавалі. Яе асновай стала адлюстраванне непаўторнасці, адмысловасці краю, які заўжды вызначаўся багатай гісторыяй і культурай. Мы прапанавалі разбіць у цэнтры сквер са скульптурнай выявай гарадскога сімвала - Божай Маці, ікона якой захоўваецца ў Свята-Пакроўскай царкве.  Але ў выніку ўсеагульнага абмеркавання ў праект былі ўнесены карэктывы... Распрацавалі і святочнае аздабленне горада. Маю на ўвазе малыя архітэктурныя формы, добраўпарадкаванне.

/i/content/pi/cult/341/6330/3-2.jpg- Хто канкрэтна браў удзел у распрацоўцы?

- І настаўнікі, і студэнты. У нас на факультэце цягам пяці гадоў дзейнічае архітэктурна-інавацыйны цэнтр... Плён нашай працы неаднаразова абмяркоўвалі кіраўніцтва Міншчыны, маладзечанскае грамадства, моладзь, мясцовы райвыканкам, аддзел культуры. Гэта быў вельмі канструктыўны дыялог. У выніку вырашылі зрабіць гарадскі сімвал на ўездзе ў Маладзечна па трасе з Мінска (гэта галоўны гістарычны, так званы віленскі, шлях, па якім шматкроць вандравалі Колас, Купала, Сыракомля...). Склалі будаўнічыя чарцяжы. У наш творчы калектыў увайшоў выдатны скульптар Аляксандр Фінскі, з ім мы ў свой час зрабілі знак "Нулявы кіламетр" на Кастрычніцкай плошчы. Працавалі ад душы. На сёння Божая Маці на 12-метровай калоне ўжо ўсталявана, сустракае гасцей, якія скіроўваюцца ў Маладзечна, вольна "дыхае" ў прыгараднай прасторы. На наш погляд, гэта не толькі рэлігійны, але і  агульначалавечы сімвал Жанчыны, Гаспадыні, Захавальніцы сям'і, шчасця, дабрабыту. Ля падножжа калоны зроблены картуш, на якім працытавана першая згадка з Гістарычнай граматы князя Карыбута  Альгердавіча пра Маладзечна, што бярэ пачатак з XIV стагоддзя... Ад гараджан аб скульптуры мы пачулі ўжо самыя станоўчыя водгукі.

- Паўстаў і сквер імя Язэпа Драздовіча. Наколькі ведаю, праект распрацавалі студэнты...

- Так, гэта цалкам студэнцкая ініцыятыва. З сямі праектаў адабралі, натуральна, найлепшы. Архітэктурнае бюро пры нашым факультэце таксама падрыхтавала будаўнічую дакументацыю... Галоўнай часткай сквера стала дэкаратыўная кампазіцыя, што цягам двух месяцаў ствараў на мясцовым заводзе металічных канструкцый наш таленавіты другакурснік Эрнэст Дар'ін, які мае ўжо адпаведную сярэднюю спецыяльную адукацыю, бо скончыў Рэспубліканскі мастацкі ліцэй імя Ахрэмчыка... Словам, студэнты не толькі ўсё прыдумалі, але і зрабілі ўласнымі рукамі. Усё лета ў Маладзечне працаваў наш студэнцкі будаўнічы атрад, ім кіраваў Дзяніс Сліжоў, які навучаецца на  механікатэхналагічным факультэце.  

/i/content/pi/cult/341/6330/3-3.jpg- Чаму для назвы і творчага "насычэння" сквера абрана менавіта постаць Драздовіча?

- Гэта юнацкая мара аб сусветнай гармоніі, прага прыгажосці і суладдзя... Нягледзячы на цяжкую ўласную долю, Язэп Драздовіч мроіў аб космасе, небе, зорках. Асноўная канцэпцыя  скульптурнага аздаблення сквера - лучнасць Зямлі і Неба, мара-фантазія аб летуценнай будучыні... Кіраўніцтва Міншчыны вызначыла канкрэтны тэрмін заканчэння работ: пачатак верасня. Хлопцы справіліся.

- Інакш кажучы, Эрнэст Дар'ін ужо на другім курсе зрабіў больш чым упэўнены крок па "напісанні" будучага дыпломнага праекта?

- Безумоўна, такое старанне немагчыма не ўлічыць. Г аворка не пра нейкі прыватны фавор, а- пра заўсёдную падтрымку маладых талентаў, і гэта можа пацвердзіць загадчык кафедры малюнка Мікола Кірэеў, пад патранатам якога Эрнэст і спрабуе скараць творчыя вяршыні. Вось і цяпер Дар'ін працуе, толькі ўжо не як аўтар, а як памочнік выдатнага нашага майстра Віктара Завядзеева над спартыўнай скульптурнай кампазіцыяй, што павінна аздобіць дворык ля БНТУ. Карацей, хлопец надзвычай перспектыўны.

-  Армен Сяргеевіч, над чым сёння  працуе ваш архітэктурна-інавацыйны цэнтр?

- Спраў вельмі шмат. Распрацавалі, да прыкладу, архітэктурную канцэпцыю для Віцебшчыны. У Глыбоцкім раёне на возеры Пліса ствараецца турыстычны Гісторыка-этнаграфічны цэнтр з традыцыйнымі формамі нашай старажытнай архітэктуры - драўлянай, мураванай. Мы вельмі жадаем, каб наведвальнікі гэтага Цэнтра не забываліся на тое, што ўзровень нашай традыцыйнай архітэктуры быў спрадвеку вельмі высокім. Канцэпцыя ўжо распрацавана...  Раней мы таксама  ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы Оршы, Слуцка да "Дажынак". Словам, маем немалы вопыт аздаблення нашых гарадоў да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі. Гутарыў

Маладзечна "дажынкавае" чакае нас праз колькі дзён.  А Маладзечна музычнае ўжо акрэсліла пэўныя праблемы пасля Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Пра гэта чытайце на стар. 4 - 5.  

 

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"