Ад відэаарту да “...відэацэнтру"

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Прадзюсара і рэжысёра Юрыя ІГРУШУ цяжка назваць незнаёмай фігурай для беларускага кінамастацтва: праекты, з якімі ён быў звязаны, добра вядомы любому тэлегледачу. Новы кіраўнік РУП “Белвідэацэнтр” — яскравы прыклад беларускага кінематаграфіста новай фармацыі, які аднолькава паспяхова дзейнічае адразу ў некалькіх сферах айчыннай медыя-прасторы. Сёння “К” знаёміць сваіх чытачоў з асобай Юрыя Ігрушы і прапануе яго бачанне некаторых актуальных праблем развіцця айчыннай дакументалістыкі.

 

/i/content/pi/cult/341/6326/6-1.jpgРэклама - рухавік кінапрагрэсу

- Нельга сказаць, што ў кіно я трапіў выпадкова, бо заўсёды ім актыўна цікавіўся. Але ў адпаведны час вырашыў стаць архітэктарам, тым больш, што прадстаўнікі гэтай творчай прафесіі заўсёды знаходзяцца ў цэнтры мастацкага працэсу. Дарэчы, заняткі архітэктурай вельмі добра спрыяюць  творчаму развіццю, гэты від мастацтва дае сістэмны  падыход да заняткаў творчасцю наогул. На архітэктурным я вучыўся з ахвотай. Планшэт з малюнкамі майго дыпломнага праекта рэканструкцыі гістарычнай забудовы Нясвіжа на нашых выпускных экзаменах быў нават самы вялікі па памерах  з усяго курса- 24 метры квадратныя-  і атрымаў І месца на адпаведным усесаюзным конкурсе. У "Белдзяржпраекце", куды я быў размеркаваны пасля ВНУ, удзельнічаў у распрацоўках праектаў мінскіх новабудоўляў. Але душой, як кажуць, я быў у зусім іншым месцы...

На пачатку васьмідзясятых на архітэктурным факультэце праходзілі так званыя архітэктурныя кінафестывалі, дзе паказваліся карціны, знятыя на адпаведную тэматыку. Я актыўна ўдзельнічаў у працы, як іх называлі, "Архіфестываляў", разам з сябрамі рабіў свае аматарскія фільмы, таму, калі мяне ўрэшце запрасілі аператарам рэкламных стужак у адпаведную службу ў тэлецэнтр на Камуністычную, з задавальненнем пагадзіўся, і за паўтара года, што працаваў, зрабіў блізу 200 рэкламных сюжэтаў.

- Сфера рэкламы вельмі хутка развівалася на мяжы васьмідзясятых і дзевяностых...

- Так. Мая праца на беларускім тэлебачанні прыйшлася на  пачатак перабудовы, і вельмі хутка мы з сябрамі набылі самую сучасную на той момант відэакамеру ды заснавалі свой асабісты кааператыў. Здымалі рознае, у асноўным- рэкламныя стужкі. Памятаю, першы заказ быў ад буйнога прадпрыемства па ўтылізацыі смецця. Што і казаць, рэклама тады была ўльтрамоднай справай- перадача "ОКО" пра гэтую сферу чалавечай дзейнасці за маім аўтарствам выходзіла на нашым тэлебачанні цягам амаль шасці гадоў!

Час быў такі, што рэклама на тэлебачанні з'яўлялася амаль адзіным сродкам зрабіць нешта годнае ў прафесіі. Аднак мне, у сілу свайго характару, хацелася адкрываць  новыя накірункі, ствараць больш сур'ёзныя праекты. Аднойчы, напрыклад, са сваім калегам і партнёрам Іванам Пінігіным мы "замахнуліся" на конкурс "Міс Польшча- Міс Еўропа" ў Сопаце. Як ні дзіўна, нам даверылі здымкі гэтага шоу, і мы зрабілі серыю тэлеканцэртаў, якія пасля ішлі на экранах не толькі Польшчы і Беларусі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах. Гэта дало нам вялікі арганізацыйны досвед працы на буйных праектах, у тым ліку з замежнымі калегамі.

Усё гэта вельмі спатрэбілася на пачатку 2000-х, калі я быў запрошаны ў якасці генеральнага прадзюсара новага тэлеканала-  АНТ. Ганаруся тым, што наш канал неўзабаве літаральна змяніў медыя-прастору Беларусі.

- Але праца на тэлебачанні - гэта адно, а кіно - іншае... Ці прыцягвала вас па-ранейшаму мастацтва?

- Прыцягвала, яшчэ як: цягам  усяго часу маіх заняткаў рэкламнымі здымкамі я спрабаваў сябе ў такім цікавым накірунку, як відэаарт, і стварыў каля 20 відэастужак, удзельнічаў з імі ў шэрагу замежных фестываляў. Можна сказаць, быў адным з пачынальнікаў відэаарту ў нашай краіне. Цікава, што неўзабаве ў Германіі павінна выйсці навуковае даследаванне па айчынным відэаарце тых часоў з лічбавым дадаткам, дзе будуць прадстаўлены нашы работы. Зробленыя намі творы можна пабачыць і ў Галерэі відэамастацтва ў Амстэрдаме. На пачатку 2000-х я нават зняў спецыяльную стужку пад назвай "Падземка"  аб пачатках беларускага відэаарту і яго "дзейных асобах". Дарэчы, у мяне захавалася шмат матэрыялаў з інтэрв'ю мастакоў,  перформансы і творы, якія я здымаў напрыканцы васьмідзясятых і ў дзевяностыя, таму планую неўзабаве вярнуцца да дадзенай тэмы. Думаю, гэта можа быць вельмі цікавым.

Сапраўднае - не змяняецца!

- Якім чынам складваюцца адносіны дакументаліста і тэлебачання?

- Тэлебачанне- гэта такая з'ява, што ў стане "паглынаць" абсалютна ўсё. Дакументальныя праекты для ТРА "Саюз", якія мы выпускалі, можна лічыць паўнавартаснай дакументалістыкай, бо ў іх было шмат ігравых элементаў, элементаў рэканструкцыі, розных жанраў, раней не характэрных для нашага тэлебачання, але вельмі запатрабаваных на ім у апошняе дзесяцігоддзе.  

Дарэчы, для тэлебачання прызначаны наш ігравы праект "Масква- Берлін" аб Вялікай Айчыннай вайне, які складаецца з 12 эпізодаў. Ён, да майго гонару, з 2005 года знаходзіцца ў дыстрыб'юцыі ў розных краінах. У праекце было задзейнічана шмат акцёраў і тэхнікі.

- Такім чынам, вас цягнула ў бок ігравога кіно?

- Пасля трох гадоў працы на АНТ зразумеў, што канал ужо "стаў на ногі",  і мне трэба рухацца далей. Нашай кампаніяй, у якой я працаваў пасля АНТ, быў створаны кінапраект вялікага фільма-катастрофы аб аварыі на ЧАЭС пад рабочай назвай "Рэактар". Гэты праект мы распрацоўвалі вельмі  падрабязна, але на той час- сярэдзіна 2000-х- запланаваны намі бюджэт здаваўся надта вялікім, таму давялося весці перамовы аб сумеснай пастаноўцы з маскоўскімі кампаніямі, нават планавалася, што рэжысёрам  будзе Фёдар Бандарчук. На жаль, стужка так і не была знята. Водгаласам нашай ідэі стала карціна Аляксандра Міндадзэ "У суботу"  - адна з гучных з'яў у еўрапейскім кіно гэтага года. Хоць, зразумела, наша першапачатковая задума была зусім іншая, я спадзяюся, яна яшчэ знойдзе сваё ўвасабленне.

- Існуе шмат меркаванняў на конт розніцы паміж дакументальным кіно і дакументалістыкай для тэлебачання...

- Дакументалістыка ляжала ў аснове кінамастацтва. Гэта потым яна "абрасла" мастацкай вобразнасцю і рознымі прыёмамі, але ў аснове ўсіх стужак ляжыць фіксацыя нейкай з'явы рэчаіснасці. Тэлебачанне мае іншую- агрэсіўную- прыроду, яно літаральна ўрываецца ў кожную хату, падпарадкоўвае сабе гледача. Што да дакументальнага кіно, то яго мы глядзім толькі па жаданні, хоць убачыць яго ў кінатэатрах у апошнія часы можна вельмі рэдка. Гэта як барацьба паміж матэрыяльным і духоўным: тэлебачанне захоплівае розум гледача, яго пачуцці праз падачу "гатовых", "разжаваных" эмоцый і думак,  кінамастацтва ж патрабуе пэўнага садзейнічання, засяроджанасці, духоўнай працы  над самім сабой. Тэлебачанне ўвесь час спрабуе "накінуць зашмаргу" сваіх патрабаванняў на дакументальнае кінамастацтва- большасць праектаў, якія называюць "дакументальнымі" на  тэлеканалах, насамрэч такімі не з'яўляюцца. Хаця, зразумела, сферы, аб якіх ідзе гаворка,- гэта сазлучаныя сасуды: змены ў адным выклікаюць неадкладную рэакцыю ў другім.  

Трэба адзначыць, што сапраўдная дакументалістыка не змяняецца, трапіўшы на тэлебачанне, не падпарадкоўваецца нейкім агульна-тэлевізійным правілам, таму і трапляе ў пэўную ізаляцыю. Аднак сцвярджаць, што прыхільнікаў дакументалістыкі становіцца менш, нельга. Хутчэй, можна казаць пра пэўную элітарнасць гэтай аўдыторыі.

Месца для апантаных

- Сфера візуальнага мастацтва ў апошнія часы вельмі моцна трансфармуецца: узнікаюць новыя тэхналогіі, новыя шляхі дастаўкі кантэнту...

- Так, і дакументалістыка таксама вельмі актыўна карыстаецца здабыткамі тэхналагічнага прагрэсу. Лічбавыя тэхналогіі, мабільнасць і тэхнікі, і творцаў вельмі ўплываюць на форму саміх дакументальных твораў. Дакументалістыка вельмі змяніла свой выгляд, сваю мову за апошняе дзесяцігоддзе. Сучасныя праекты, зразумела, абапіраюцца на класічныя творы, але выглядаюць яны зусім інакш, чым дзесяць- дваццаць гадоў таму. Што да новых шляхоў дастаўкі кантэнту, то цяпер, з развіццём Інтэрнэта і "сацыяльных сетак", актуальным і нават прыбытковым можа быць кароткаметражнае кіно, да якога апошнім часам вельмі павялічыўся інтарэс у свеце. Дарэчы, "Белвідэацэнтр" плануе дзейнічаць і ў гэтым кірунку.

Прагрэс асабліва адбіваецца на глабалізацыі дакументальнага кіно. Практычна ўсе карціны, якія атрымалі міжнародны розгалас  апошнім часам, створаны ў сумеснай вытворчасці адразу некалькіх краін. Вось яскравы прыклад такой глабалізацыі: на адкрыцці знакамітага Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю, які завяршаецца днямі, быў паказаны дакументальны фільм рэжысёра Віктара Касакоўскага "Няхай жывуць антыподы!", дзеянне якога адбываецца ў васьмі супрацьлеглых кропках зямнога шара. Пры гэтым стужка- яскравае ўвасабленне менавіта расійскай дакументалістыкі, яе падыходаў да рэчаіснасці.

Нам таксама не трэба "баяцца" ўзаемадзеяння з кінематаграфістамі іншых краін. Наадварот, трэба ўмець гэта рабіць і добра ведаць, што на сённяшні дзень запатрабавана ў свеце дакументалістыкі.

- Тады якія беларускія тэмы могуць быць цікавымі за межамі нашай краіны?

- Важна разумець, што ў полі зроку сучаснай дакументалістыкі знаходзіцца чалавек, яго ўнутраны свет і існасць, а не нейкія падзеі. І тут дакументалістыка дакладна размяжоўваецца з тэлебачаннем, для якога галоўнае- інфармацыя пра нейкія падзеі. У Беларусі тэм для цікавых стужак шмат, але важна, хто і якім чынам будзе за іх брацца. Добрае кіно- гэта заўсёды сукупнасць таленавітых аднадумцаў, якія добра разумеюць, што і навошта яны здымаюць, ці будзе іх цікавая стужка гледачам з іншых краін.

Беларускае кіно- гэта наш, нацыянальны, асабісты погляд на самыя розныя рэчы, а не толькі Белавежжа, або нейкія выключна этнаграфічныя аб'екты ў кадры. Пэўны час айчыннае кіно існавала ў ізаляванай прасторы, у яго ў патрэбнай колькасці не прыходзілі прадстаўнікі новага пакалення, таму развіццё нашай дакументалістыкі запаволілася. Цяпер дзяржавай зроблены вельмі важныя, у тым ліку заканадаўчыя, захады для таго, каб працэс развіцця беларускай дакументалістыкі ішоў хутчэй. Галоўнае тут- не "варыцца" ў сваім інфармацыйным полі, больш актыўна ўдзельнічаць у міжнародным супрацоўніцтве між краінамі. Пэўны рух у гэтым кірунку "Белвідэацэнтр" ужо пачынае: у нас існуюць папярэднія дамоўленасці аб супрацоўніцтве з кампаніямі з розных краін. Вельмі спадзяюся, яны знойдуць сваё годнае ўвасабленне.

- "Белвідэацэнтр" - гэта студыя, якая працуе з канкрэтнымі праектамі, а не з абмежаваным штатам аўтараў. Як павінна выглядаць заяўка на праект, каб яе прынялі да ўвасаблення ў вашай арганізацыі?

- Самае галоўнае ў любым кіно- гэта ідэя і тое, каб чалавек, які яе прынёс, быў ёю захоплены цалкам, быў гатовы выканаць задуманае, нягледзячы на ўсе перашкоды. Калі такі апантаны чалавек ёсць, то ёсць  і шанцы на добрае кіно ў выніку. Гэта з'яўляецца асновай дакументальнага кіно, вельмі асабістага па сваёй сутнасці. Што да "Белвідэацэнтра", то нашы дзверы заўсёды адкрыты для  ўсіх, хто падобраму "хварэе" дакументалістыкай...