Вандроўкі ўнутр сябе

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва завяршыла сваю працу юбілейная выстаўка твораў вядомай беларускай мастачкі Людмілы Кальмаевай. 20 гадоў таму яна пабралася шлюбам з галандцам і з’ехала за мяжу, але з радзімай сувязі не страціла. 15 гадоў таму творца дэманстравала свае работы ў Палацы мастацтва, у 2008-м — выстаўляла частку праекта “Plenty to go on” у Мінскай галерэі “Падземка”. Акрамя таго, Людміла Кальмаева з 1980 г. з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.

 

/i/content/pi/cult/341/6321/9-3.jpgЭкспазіцыя ўключала работы, якія былі створаны за апошнія 15 гадоў. Сваё мастацтва- а гэта станковы жывапіс, графіка, у тым ліку  сканерная, плакат- Кальмаева называе вандроўкай  у глыбіню сваёй асобы: калі "тайнае становіцца яўным", з гэтым можна працаваць, адначасова пазбаўляючыся ад сваіх састарэлых, любімых балячак".

/i/content/pi/cult/341/6321/9-2.jpg

 

Мне здаецца, што ў большасці карцін Людмілы адлюстравана нейкая цяжкая дума пра час, пра фініш цэлай культурнай эпохі, і ўздых затоенай пакуты, што і казаць, часам прарываецца ў яе стылізавана-фантазійныя работы. Яна, як  той мастак-тэург, стварае свой асабісты свет цягам вось ужо 30 гадоў. Хто ў гэтым плане для яе ідэал у мастацтве- невядома. Хутчэй за ўсё, вялікія майстры Адраджэння- ад Леанарда і Мікеланджэла да Босха і Брэйгеля. У той жа час, "вечныя" каштоўнасці іхняга мастацтва ў творчасці Кальмаевай напаўняюцца сучасным пафасам, памножаным на ўяўленне, фантазію, паўсон.

 Яе праект "Freedom hall", цыкл "аўтабіяграфічных" нацюрмортаў і беларуска-галандскіх партрэтаў- аб гэтым: аб тым, што страчана ў жыцці, што адгукаецца болем і журботай, што дае нейкую надзею на святло ў канцы тунэля.... І, думаецца, той  згублены ключ ад чарадзейнай дзверы, якую мы бачым у палатне пра  стаптаныя пантофлі, што закрываюць гарызонт, будзе знойдзены. І ён адкрые гэтыя дзверы ў новы зрэз творчасці беларускі Кальмаевай, дзе адгучаць трывогі жыцця і замруць далёка... Як кажа Людміла: "Выстаўка мяне змяніла, я як бы падвяла рысу пад тым, што было зроблена. Наперадзе будзе нешта новае, а што- пакуль не ведаю..."  

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"