Спазнаць сэнс праз колер

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

У галерэі “Мастацтва” нядаўна з поспехам прайшла юбілейная выстаўка брэсцкага мастака Леаніда Рацько. Экспанаваўся жывапіс майстра: нацюрморт, пейзаж, партрэт.

 

/i/content/pi/cult/341/6320/9-4.jpgГэтага творцу ў нашай краіне яшчэ мала ведаюць. Але, гледзячы на яго творы, адзначаеш  рэдкі дар каларыста.  Яго невялічкія палотны - не падрыхтоўчыя работы, а завершаныя вобразы. У ягоных нацюрмортах, напрыклад, адчуваецца тая вастрыня гутаркі жывапісца з натурай, пра якую казаў К.Пятроў-Водкін. А гэта немалаважная акалічнасць для сталага мастака.

Захапляючыся творчасцю французскіх жывапісцаў-імпрэсіяністаў і прадстаўнікоў Парыжскай школы пачатку ХХ ст., Леанід Рацько распавядае: "Мяне не цікавіць падабенства само па сабе, я спрабую "схапіць" унутраны стан чалавека ці прыроды праз колер". Сапраўды, у сваёй творчасці менавіта праз жывапісную пластыку ён спрабуе зразумець сутнасць рэчаў, бо духоўны бок жыцця для яго з'яўляецца пераважным. Сам працэс творчасці мастак успрымае як духоўны акт: "Бывае такі момант, калі ўнутры мяне адкрываецца нейкае чароўнае святло, якое льецца аднекуль зверху. Гэта, праўда, доўжыцца нядоўга, але я паспяваю здабыць яснасць, свабоду і ўпэўненасць, што  павінен зрабіць нешта вельмі важнае. І ўжо ні пра што не думаю, адразу бяру пэндзаль, палатно і пішу..."

На юбілейнай выстаўцы Леаніда Рацько былі прадстаўлены ўсе асноўныя кірункі яго творчасці. У серыі нацюрмортаў "Ойча наш..." мастак своеасабліва вырашае тэму хуткаплыннасці чалавечага жыцця. Любоў да жаночых вобразаў ярка адлюстравана ў партрэтах майстра, вельмі кранальных, якія ўзрушана перадаюць стан і настрой гераінь. Вельмі маляўнічыя пейзажы, асноўная тэма якіх- апяванне прыроды Брэстчыны: "Белавежская пушча", "Дзве сасны", "Агарод восенню", "Восень. Дворык " ды іншыя.

З вялікім трапятаннем мастак ставіцца да ўласнай творчасці, укладваючы ў кожную работу часцінку сваёй душы, светлай і чыстай, таму ягоныя творы ўспрымаюцца як нейкія адкрыцці, паколькі перад намі - не проста палотны, а зрэз аголенай душы мастака, канстанта вечнага пошуку сэнсу быцця. Індывідуальная творчая манера, шчырасць у перадачы вобразаў схіляюць да духоўнага дыялога з майстрам, абуджаюць у гледача самыя цёплыя пачуцці.

Вераніка ЮРЭВІЧ-МАЛАШЧУК