Музей? Музей!

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Сёння, 10 верасня, у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску адкрываецца экспазіцыя работ вядомага мастака Руслана Вашкевіча пад лаканічнай назвай “Музей”.

/i/content/pi/cult/341/6319/9-1.jpgДадзены праект -  форма крытычнай інтэрвенцыі ў гісторыю мастацтва і спроба пераасэнсаваць спосабы яе рэпрэзентацыі ў прасторы класічнага музея, гэтага апошняга "бастыёна культурнай рэспектабельнасці" (Поль Вірыльё). Уласны "музей", які ствараецца Русланам, -  музей без межаў: не толькі паміж мінулым і сучасным,  мастацтвам і немастацтвам - тут сціраецца дыстанцыя паміж вялікімі майстрамі і звычайнымі гледачамі,  класічным жывапісам і рэкламным плакатам. Гэта, у канчатковым выніку, аспрэчвае саму ідэю музея, калі асноўная функцыя яго ў нашай культуры - гэта муміфікацыя жывога досведу мінулых эпох, размяшчэнне яго "пад шкло" і заключэнне ў рамку. Бо сцены музея з'яўляюцца тымі непарушнымі межамі, якія надзейна абараняюць свет мастацтва (і саму гісторыю) ад ўварвання вуліцы ды прафанных меркаванняў аб выдатным і ўзнёслым. "Музей" Руслана Вашкевіча дазваляе нам перажыць сінэстэтычны вопыт мастацтва ва ўсёй яго паўнаце і раскрыць яго мультымедыйны характар   за кошт максімальнага пашырэння нашых перцэпцыйных магчымасцей і гульні ўяўлення. Там, дзе была статыка - выявіўся інтэнсіўны рух; там, дзе панавала бязмоўе - пачуліся гукі; там, дзе была "мёртвая прырода" (nature morte) - з'явілася жыццё з усімі яго колерамі і пахамі; і, нарэшце, там, дзе здавалася, што Гісторыя завершана, - нечакана паднялася заслона і пачалася новая п'еса...

У экспазіцыі прадстаўлена больш за дваццаць работ аўтара, пры гэтым зусім новыя творы суседнічаюць з добра вядомымі (створанымі або задуманымі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х). Аднак - не абавязкова ў іх арыгінальнай версіі: хутчэй, гаворка - аб аўтарскіх рымейках, што цалкам адпавядае аднаму з ключавых прынцыпаў постмадэрнісцкай эстэтыкі - устаноўцы на "другасную апрацоўку" ("recycling") вядомых культурных топасаў і іканаграфічных матываў як умовы для арыгінальнага выказвання ў эпоху, калі новае паводле азначэння немагчымае. І хоць гэта не рэтраспектыва, усё ж выстаўка дае ўяўленне аб дыяпазоне творчых пошукаў мастака, які ўвесь час эксперыментуе з самымі разнастайнымі жанрамі і тэхнікамі, вынаходзячы ўласную мастацкую мову. У гэтым персанальным "музеі" жывапіс змяняецца інсталяцыямі, супрэматычныя рэмінісцэнцыі ідуць за "прысвячэннем" Веласкеса, фатаграфіі ўтвараюць адзіны сэнсавы шэраг з эскізамі і рэпрадукцыямі, анамарфічныя трансфармацыі дазваляюць лёгка перайсці ад трылера да эротыкі, а класічны нацюрморт успрымаецца як прататып сучаснай рэкламы...

Па словах самога мастака, "праект "Музей"-  не музей, а рэпетыцыя музея. Гэта макет мастацкай інтэрвенцыі, замаскіраваны ў залатыя рамкі "законнасці" ў маштабе 1:1".

Альміра УСМАНАВА,  куратар праекта