Першае месца — “Жывіцы”

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Нашы песні за мяжой

"Сонца- радасць- прыгажосць"... Такую незвычайную назву меў ХІІ Міжнародны дзіцячы фестываль, які ладзіўся ў старадаўнім балгарскім горадзе Несебры. Гэтым летам туды выправіліся вядомыя калектывы з Мінскай школы мастацтваў: узорны хор "Ветрык" (на чале з Верай Дабравольскай) і ансамбль народнай песні "Жывіца" (кіраўнік- Лідзія Якімавец).  

Фестываль ладзіцца штогод для дзяцей і падлеткаў, мастацкіх калектываў і іх кіраўнікоў, якія маюць магчымасць годна прадставіць на міжнародным узроўні ўласную творчасць і, адначасова, цудоўна адпачыць  на беразе Чорнага мора. Сярод арганізатараў фестывалю - Грамада горада Несебра, Нацыянальны палац для дзяцей, турыстычны комплекс "Сонечны бераг".  

У Несебр  прыязджаюць і зусім маленькія выканаўцы - да 7 гадоў, і падлеткі - да 18. Жанравая палітра  "Сонца - радасці - прыгажосці" надзвычай шырокая. Намінацый - шмат: вакал і харэаграфія ва ўсіх іх разнавіднасцях,  тэатральнае, выяўленчае і прыкладное мастацтва. Прэзентуюць уласную творчасць музыканты-інструменталісты і эстрадна-духавыя аркестры.  

Сёлета гасцінная балгарская зямля сабрала ў Несебры больш як 400 калектываў.  Выканаўцы з 11 краін, у тым ліку і 40 нашых харыстаў, удзельнічалі ва ўрачыстым адкрыцці свята. "Ветрык" прэзентаваў  праграму ў зале гарадской ратушы, дзе выступалі і іншыя акадэмічныя калектывы (дарэчы, у фестывалі іх удзельнічала няшмат). Спявалі пераважна сачыненні беларускіх аўтараў, у тым ліку і твор, што апошнім часам успрымаецца як візітоўка калектыву, - музычную сцэну "Міражы Венецыі", якую напісала для "Ветрыка" кампазітар Аліна Безенсон (пад час вандроўкі яна выступала як канцэртмайстар "Ветрыка", а ў нумары "Жывіцы" - як салістка-дамрыстка).  

А ў "Жывіцы" аказалася яшчэ  больш цікавая сцэнічная пляцоўка: народныя калектывы выступалі пад адкрытым небам, спявалі сярод рэшткаў самай старадаўняй царквы Несебра - храма Святой Сафіі, пабудаванага яшчэ ў V - VI стст. н.э.

"Ветрык" атрымаў дыплом ІV ступені, а дзве салісткі калектыву - Наталля Ігнаценка і  Яна Жданава - занялі 4 і 5 месцы (яны выконвалі "Мілавіцу" Леаніда Захлеўнага і "Сыграй мне, песню, цымбалістка" Уладзіміра Будніка). А "Жывіца" заваявала дыплом І ступені! Цікава, што ўсе заяўленыя салісты ансамбля -  Ксенія Шышко, Вольга Анціпава, Дар'я Сінюк, Ілья Шчарбакоў - сталі лаўрэатамі.

Ірына АБРАМОВІЧ