“Прапіска”— у Кнігаградзе

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Да Дня Бібліятэк

Напрыканцы гэтага тыдня ў Рэчыцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло мерапрыемства, прысвечанае жыццю і творчасці Ефрасінні Полацкай і прымеркаванае да Дня бібліятэк.  

Для старшакласнікаў быў прадэманстраваны відэафільм пра слынную асветніцу, адбылася таксама гутарка, пад час якой чытачы прааналізавалі ўнёсак святой Ефрасінні ва ўмацаванне беларускай духоўнасці. Згаданым мерапрыемствам распачаты восеньскі праект шчыльнай бібліятэчнай дзейнасці з вучнямі 9 - 11 класаў. Эфектыўнасць яго засведчыла папярэдняя традыцыйная праграма "Лета. Кніга. Бібліятэка", мэта якой - наладзіць карысны і цікавы адпачынак для дзяцей ды стварыць прастору для чытацкай творчасці.

Для малодшых вучняў праводзіліся экскурсіі "Вандроўка ў Кнігаград", што знаёмілі іх з бібліятэчнымі аддзеламі і правіламі карыстання літаратурай. Кожны з маленькіх чытачоў пазнаёміўся з "пашпартам кнігі" - каталожнай карткай, а таксама з выстаўкамі "Пісьменнікі - нашы землякі", "Новая літаратура - для вас", "Бібліятэка -  дзецям"...

Першы летні тыдзень мы абвясцілі Тыднем Зямлі. Вучні пазнаёміліся з Чырвонай кнігай Беларусі, правіламі паводзін на прыродзе. Наступныя сем дзён называліся Тыднем Кнігі. Мы ладзілі бібліятэчныя ўрокі "Яе Вялікасць Кніга" і "Вандроўка ў краіну Журналію". Былі, натуральна, віктарыны, пытанні, загадкі... "Тыдзень ветлівасці"- пад такой назвай прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя правілам паводзін і этыкету. Быў таксама Тыдзень казак з конкурсам "Ствараем казку самі", і тут вучнёўскай фантазіі не было мяжы! Да юных чытачоў завітаў і  пісьменнік з Рэчыцы Анатоль Караленка, які прэзентаваў новую кнігу "Вясёлка Чорнага золата".

Кацярына СУПРАНОК,

бібліятэкар аддзела  абслугоўвання

Рэчыцкай  раённай бібліятэкі