Брэст вітае кінафэст!

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Сёння ў Брэсце распачаў сваю працу VI Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў. Заснавальнікамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь,Брэсцкі аблвыканкам і гарвыканкам, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Беларускі відэацэнтр і Беларускі саюз кінематаграфістаў. Старшыня фестывалю — мастацкі кіраўнік Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аляксандр Яфрэмаў.

У конкурснай праграме прадстаўлены лепшыя работы Нацыянальнай кінастудыіБеларусьфільм”, Беларускага відэацэнтра, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі за апошнія два гады. Агульная колькасць стужак, прадстаўленых у конкурснай праграме форуму, — больш за 50.Традыцыйна цікавасць выклікаюць найперш ігравыя стужкі. Іх у конкурснай праграме сем: “Ворагі” (рэж. — М.Мажар), “Спакуса” (рэж. — М.Касымава, І.Паўлаў), “Рыфмуецца з каханнем” (рэж. — А.Яфрэмаў), “Сёння ўвечары абыдземся без ахвяр” (рэж. — А. Карпаў), “Я памятаю…” (рэж. — С.Сычоў), “Нябачаны край” (рэж. — В.Аслюк), “Ліст да Феліні” (рэж. — Д. Зайцаў). Адкрыецца фестываль фільмам “Ворагі”.Прызы VI Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў будуць уручаны ў наступных намінацыях: “За лепшы кінафільм фестывалю”, “За лепшую мужчынскую ролю”, “За лепшую жаночую ролю”, “За лепшую рэжысуру”, “За лепшы сцэнарый”, “За лепшае музычнае афармленне”, “За лепшае выяўленчае рашэнне”.
У складзе журы фэсту — рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства Рычард Смольскі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Генадзь Давыдзька, рэжысёр-аніматар Алена Турава, кіназнаўца Ірына Дзям’янава, кінарэжысёр Юрый Гарулёў, мастацкі кіраўнік студыі “Летапіс” Міхаіл Жданоўскі. Узначальвае журы расійскі кінарэжысёр Андрэй Эшпай.
Актуальныя пытанні сучаснага кінапрацэсу ў Рэспубліцы Беларусь будуць разгледжаны падчас правядзення адкрытай дыскусіі на тэму “Беларускі кінематограф: творчасць, вытворчаць, менеджмент”.

Ул. інф.