Белая лістота на тытуле Бібліі

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Выданні Францыска Скарыны да нашага часу не перастаюць здзіўляць сваімі таямніцамі. На разгадку некаторых з іх часам даводзіцца ахвяраваць гады працы ў архівах і бібліятэках.

 

У свой час Віктар Шматаў спрабаваў тлумачыць адсутнасць выявы гмерка (асабістага знака, пячаткі) на верхнім шчытку, адлюстраваным на гравюры тытульнага аркуша "Бібліі рускай". Пазней айчынны скарыназнаўца Уладзімір Агіевіч прысвяціў "пустоце" гэтага шчытка некалькі старонак у сваёй апошняй манаграфіі. Між тым, на рэпрадукцыях тытульнага ліста "Бібліі рускай", надрукаваных у першым томе "Гісторыі беларускай кнігі", што выйшла ў свет пазалетась у аўтарстве беларускага кнігазнаўцы з Санкт-Пецярбурга Мікалая Нікалаева і факсімільным выданні "Бібліі Ф.Скарыны", аўтар гэтых радкоў заўважыў амаль нябачную выяву лістоты, якая да пераходу айчыннай паліграфічнай прамысловасці на сучасныя лічбавыя тэхналогіі з'яўлялася "няўлоўнай" пры перадрукоўваннях. Такім чынам высветлілася, што славуты дрэварыт тытула "Бібліі рускай" друкаваўся з трох клішэ ў тры фарбы, адна з якіх мяжуе з практычнай нябачнасцю.

Трэба аддаць належнае Уладзіміру Агіевічу, які зразумеў, што верхняя частка тытульных лістоў "Бібліі..." - мякка кажучы, не самае лепшае месца для выяў фамільных гербаў выдаўцоў і фундатараў выданняў. На жаль, ён не звязаў выяву шчытка са старазапаветным параўнаннем Бога і Веры са шчытом.  

Пры гэтым варта памятаць, што рэнесансныя гуманісты-неаплатонікі разглядалі абстрактнага Бога ў якасці паслядоўных эманацый (распаўсюджвання) Святла з невядомага вытоку. Паколькі параўнанне яго з царом ачалавечвала б абстрактнага Творцу Сусвету, то гностыкі называлі яго "Каронай" і Вялікім Лікам (Тварам). Менавіта выяву белага вялікага твару можна заўважыць на паверхні крышталю плавікавага шпату, адлюстраванага на славутай гравюры А.Дзюрэра "Меланхолія". Адметна, што лацінскае слова "frons" азначае "лістота" і "твар", а грэка-лацінскае  "соrоnа"- "вянок", "карона" і "гірлянда".  

Выява "нябачнай" белай лістоты па дрэварыце тытульнага аркуша "Бібліі рускай" і паўторнае змяшчэнне прыжыццёвага партрэта Ф.Скарыны напрыканцы "Кніг царстваў" пацвярджаюць тое, што першадрукар адлюстраваны ў выглядзе старазапаветнага праведніка Яноха, які, згодна з "Кнігай Яноха праведнага", у палатах Нябеснага палаца выконвае абавязкі аб'ектыўнага сведкі і пратакаліста Гісторыі.

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА  

Гомель