“Сціплы і каласальны” жывапісец з Жалудка

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Яшчэ два дзесяцігоддзі таму карціны Пінхуса Крэменя ацэньваліся асцярожна. Час вырашаў свае неадкладныя задачы па ўзнясенні на мастацкі Алімп Шагала і Суціна, а ён, Крэмень, здавалася, стаяў на водшыбе, развіваючы адцягнена-раздумлівую тэму: чалавек і прырода, чалавек і горад, чалавек і вёска, чалавек і свет. Філасофская жывапісная лірыка заўсёды вырастала з адчування часу. Але яна імкнулася і ўзняцца над часам, пераадолець яго, стаць усеабдымнай канцэпцыяй быцця. Свет і асоба, што ў ім суразмоўнічае, нібы ўраўнаважваліся ў правах і застывалі ў вечным адзінстве альбо, часцей, у рамантычным супрацьстаянні. Азначаючы паняцце “жывапісная лірыка”, я адразу ўзгадваю сучаснікаў Крэменя — Уламінка, Утрыло, пейзажыстаў-фавістаў і яго духоўных бацькоў Пісаро, Курбэ, Сезана, Ван Гога, і па звычцы адкрэсліваю кола праблем: месца маленькага чалавека ў светабудове і прыродзе, шляхі і межы пазнання, асабістая, амаль містычная роля прадметаў у інтэр’еры чалавечага жыцця і г. д. У французскім жывапісе Парыжскай школы Крэмень, мабыць, часцей за іншых звяртаўся да гэтых “вечных” тэм, ніяк не прэтэндуючы на “касс

/i/content/pi/cult/341/6307/15-2.jpgРазумею, што, канешне ж, яму далёка да таго ж Суціна- мастака, які маляваў свае палотны не фарбамі, а ўласнай крывёю, таксама, як і да фантаста-летуценніка Шагала, але сваю "нішу" Крэмень знайшоў, а чужая яму была зусім не патрэбна. Хаця часам ён і злаваўся зза поспехаў свайго былога сябра Хаіма, упэўнены, што "смілавіцкі небарака" адплаціў яму чорнай няўдзячнасцю за ўсё тое, што Крэмень зрабіў для яго ў першыя "парыжскія" гады іх прабывання на французскай зямлі. Ды таго ж, Крэмень яшчэ і  непасрэдна паўплываў на ягоны, Суціна, ва ўсякім разе, пейзажны жывапіс. Але пра яўны, адкрыты ўплыў Крэменя на жывапіс Суціна казаць не даводзіцца, хаця штосьці падобнае ёсць неаспрэчна: нейкая нотка настальгіі па страчаным "раі" дзяцінства. І як бы Суцін не адхрышчваўся ад свайго старэйшага сабрата, цень дзяцінства, праўда, ледзь  прыкметны, пераследаваў і яго па пятах. Малюючы французскія віды і відзікі, і той, і другі не маглі не ўспамінаць пейзажы беларускага дзяцінства, у асяроддзі якіх праходзілі іхнія басаногія гады. Толькі Суцін бачыў прыроду праз асабістую драму быцця, а другі- праз сонечнае святло і ціхі пакой.

Магчыма, у віленскі перыяд Суцін штосьці браў у Крэменя, але ўжо ў сярэдзіне другога "парыжскага" дзесяцігоддзя першы цалкам змадэляваў фундамент сваёй уласнай вобразна-пластычнай сістэмы, вельмі далёкай як ад спакойна-сузіральнага жывапісу свайго былога сябра- Крэменя, так і ад пластычнай "элегантнасці" новага свайго сябра Мадзільяні. У нейкім французскім артыкуле я прачытаў, што, маўляў, хтосьці папрасіў Крэменя падзяліцца ўспамінамі пра Суціна, на што Крэмень адказаў: "Суцін? Я не ведаю такога мастака!" Думаю,  гэта чыстая лухта. Папершае, творцы часта выстаўляліся разам у групавых выстаўках, і ніякіх канфліктаў паміж імі не назіралася. Па-другое, напрыканцы жыцця Крэмень на кінакамеру вельмі па-добраму расказаў пра свае пазітыўныя адносіны з Хаімам ва ўласцівай яму гумарыстычнай манеры.  

Прывяду адзін фрагмент успамінаў Крэменя, які тычыцца яго наведання (прыкладна ў 1918 г.) майстэрні Суціна ў Сітэ-Фальгіер (Суцін часта змяняў парыжскія майстэрні). "У тую пару выкідвалася ўся мэбля, таму што паўсюль было поўна клапоў. Я прыйшоў паглядзець карціны- штосьці накшталт таго. Мадзільяні і Суцін ляжалі на падлозе, у іх не было ні электрычнасці, ні газы. Абодва- са свечкамі ў руках. Модзі чытаў Дантэ, а Суцін- "Маленькага парыжаніна". Абодва- на падлозе са змайстраванымі "воднымі перашкодамі": яны размясцілі ёмістасці з вадой вакол сябе, каб клапы не маглі да іх дабрацца. Але тыя клапы былі разумныя: яны забіраліся на столь і скакалі адтуль, як парашутысты. Быў выпадак, калі аднойчы клоп забраўся Суціну з вінаватым выглядам у вуха. Гэта была цэлая драма..." І яшчэ дадам, што ў 1916 г. Крэмень у майстэрні Суціна на вуліцы Жазэфа Барэ, д. 3 намаляваў з натуры вельмі цікавы яго партрэт, гранічна  вытанчаны  паводле змрочнай колеравай гамы, які, на мой погляд, па псіхалагічнай характарыстыцы ўчарашняга правінцыяла з невядомых Смілавічаў ні ў якім разе не саступае партрэтам Суціна пэндзля Мадзільяні.  

/i/content/pi/cult/341/6307/15-1.jpgУ мемуарах "Маё жыццё з мастакамі "Вулея" Марыя Вараб'ёва-Стэбельская (Марэўна)  цёпла ўспамінае Крэменя: "Самым прыемным з траіх (Суцін, Кікоін, Крэмень) быў Пінхус Крэмень- спакойны, жыццярадасны, спагадлівы і добры. Ён засвоіў экспрэсіяністычную манеру яшчэ ў школе ў Вільні і цягам многіх гадоў парыжскага жыцця аказваў моцны ўплыў на Суціна, які гатовы быў знішчаць усё, што крытыкаваў Крэмень. З часам гэты ўплыў аслабеў, і сяброўства паміж імі сышло на нішто, напэўна, з-за першапачатковай несумяшчальнасці тэмпераментаў. Крэмень і Кікоін ставіліся да выпрабаванняў і нястач першых гадоў жыцця ў Парыжы інакш, чым Суцін. Яны абодва ажаніліся і займелі сем'і, і іхнія творы набылі большую чалавечнасць, у той час як Суцін застаўся, па сутнасці, адзіночкам, і пачуццё трывогі ды пратэсту ў ягоным жывапісе з гадамі ўзмацнялася. Шкада, што двух такіх таленавітых мастакоў, як Кікоін і Крэмень, засланіў геній іх суайчынніка... Своеасаблівая, асляпляльная яркасць фарбаў, унікальная духоўнасць і дабрыня Крэменя - "ціхмяны голас", як назваў яго Вальдэмар Жорж, - несумненна, заслугоўваюць большага прызнання аматараў мастацтва..." Дадам, што той жа В.Жорж у іншым месцы, у артыкуле да каталога выстаўкі Крэменя ў 1959 г. у галерэі "Дзюран-Руэль", назваў мастака сціплым і каласальным.

Што казаць? Прызнанне да Крэменя ў Еўропе даўно прыйшло. Яго персанальныя выстаўкі з поспехам праходзілі ў Парыжы і многіх іншых гарадах Францыі, у Жэневе і Лазане, Лондане і Берліне, Філадэльфіі і Іерусаліме. Але на яго малой радзіме, у Беларусі, гэтага жывапісца і сёння мала хто ведае. І тут не яго віна як мастака. Як чалавека- можа быць, бо, наколькі я ведаю, за сваё доўгае жыццё шляхам у 90 гадоў ён нават не спрабаваў наладзіць якія-кольвечы творчыя і чалавечыя сувязі з землякамі. Апошнім разам у Расіі ён экспанаваўся трыма творамі на легендарнай Выстаўцы сучаснага мастацтва Францыі ў Маскве ў 1928 годзе...

Жалудок... Маленькае маляўнічае мястэчка, добра знаёмае кожнаму беларусу. Напрыканцы XIX ст. тут на пяці вуліцах у 196 дварах пражывала 1860 чалавек, уключаючы вялікую сям'ю Крэменяў. Пінхус быў самым малодшым, дзявятым дзіцем, і гадаваўся пад пільным наглядам таты-рамесніка, які славіўся ў Жалудку тым, што добра выразаў з дрэва ўсялякія дробныя вырабы, смешныя цацкі і мудрагелістыя напышлівыя шалёўкі для суседзей. Лепшыя вырабы бацька паспяхова прадаваў на конскіх кірмашах, якія праходзілі штогод у Дзень Святой Троіцы ў маёнтках Жалудок і суседнім Ліпічне. Аднак пра дзяцінства будучага мастака і пра тое, дзе ён вучыўся хлапчуком, мне нічога не вядома: успамінаў пра тыя гады Пінхус Крэмень не пакінуў. Мо ведаў пра тое, што Жалудок быў не проста  звычайнай кропкай на геаграфічнай прасторы былога ВКЛ, а гістарычным месцам, дзе ў розныя эпохі адбываліся важныя падзеі. Тут, напрыклад, у 1700 г. жыў шведскі кароль Карл XII; тут любілі паляваць князі ВКЛ... А ўпершыню Жалудок згадваецца ў пісьмовых крыніцах шпіёнаў Тэўтонскага ордэна як уладанне шляхціча Стэгевіла. Гэта значыць, XVI ст. Потым да 1680 г. Жалудок пераходзіў да розных уладальнікаў: ад Палубінскіх, Ласкіх, Сапегаў, Фраскевічаў-Радзімінскіх да Тызенгаўзаў. Апошні ўладальнік Жалудка і  земляў Лідскага павета Людвіг Святаполк-Чацвярцінскі, які быў на трынаццаць гадоў старэйшы за Крэменя, скончыў сваё жыццё ў фашысцкім канцлагеры "Асвенцым"... Дарэчы, ураджэнцамі Жалудка, акрамя Крэменя, з'яўляюцца знакаміты сябра К.Каліноўскага і генерал Парыжскай камуны Валерый Урублеўскі, пісьменнік Бен-Авігдор і народная артыстка БССР Галіна-Вольга Грудзінская-Александроўская (сцэнічны псеўданім ей прыдумаў Якуб Колас). Яна была маладзейшая за Крэменя на дзевяць гадоў...  

У 1909-м 19-гадовы Пінхус паступіў у Віленскую рысавальную школу разам з Суціным і Кікоіным, і правучыўся там да 1912-га. Менавіта гэтая школа на некалькі гадоў замацавала сяброўства паміж юнакамі, якім лёс у хуткім часе прызначыў стаць яркімі прадстаўнікамі легендарнай Парыжскай школы. Крэмень як самы старэйшы ў гэтай "тройцы" ў віленскі перыяд карыстаўся бясспрэчным аўтарытэтам, і да яго меркаванняў і поглядаў на жыццё і мастацтва прыслухоўваліся і Суцін, і Кікоін, хаця апошнія ўжо атрымалі нейкія азы жывапісу і малюнка ў вядомага мінскага мастака Якава Кругера. Сёння мы ўжо не даведаемся, хто з гэтай тройкі быў завадатарам, каб з'ехаць з Вільні ў глыбіню Еўропы на пошук творчага шчасця і, канешне ж, славы. Зразумела, тут не абышлося без прадбачлівых багатых апекуноў, якія матэрыяльна так або інакш падтрымлівалі сваіх суайчыннікаў.  

Першым праклаў дарогу ў Еўропу Павел Крэмень (так называлі ў Вільні Пінхуса беларускія і рускія студэнты ды настаўнікі). У 1912 г. ён разам з бежанцамі нелегальна перасёк межы тагачаснага Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі і Германіі і пасля розных прыгод апынуўся на Паўночным вакзале Парыжа. Ёсць версія, што ён марыў трапіць... у ЗША, але Францыя яго "затрымала" назаўсёды. Крэмень пісаў: "Пасля столькіх прыгод, цягнікоў і метро я - нарэшце! - дабраўся да сваёй новай радзімы - "Ля Руш", гэтага  велізарнага мурашніка ў пасажы Данцыг".  

Цягам 1913-га Крэмень працаваў у скульптуры. Відаць, тут даліся ў знакі нейкія гены бацькі. І працаваў нядрэнна: праз год выставіў у Салоне Незалежных адразу тры скульптуры! Відаць, меркаваў, што менавіта скульптура будзе яго галоўным прафесійным заняткам. Паралельна ён піша алеем на палатне альбо робіць пастэльныя эцюды. Але літаральна праз год цалкам пераключаецца на "памяркоўны" экспрэсіяністычны жывапіс, у якім, аднак, прыкметна захоўвае, свядома ці міжволі, нейкі скульптурны пачатак- асобную пластычнасць і жывапісную "аб'ёмнасць". Зрэшты, гэта магло зыходзіць ад тагачаснага моцнага захаплення Сезанам. Крэмень адчувае, што перарадзіўся з таго часу, як зноў, пасля Вільні, сур'ёзна ўзяўся за пэндзаль. Ён пачынае разумець сапраўдную сутнасць сваёй натуры, тое, што яму ўласціва непастаянства, патрэба ў пераменах, і менавіта яна рухае яго ад скульптуры да жывапісу,  няўмольна штурхае ў карак ад станка з глінай да мальберта. Відаць, зразумеў, што за землякамінаватарамі Цадкіным, Ліпшыцам, Мешчанінавым і ўкраінцам Архіпенкам яму не ўгнацца- і трэба шукаць сябе толькі ў жывапісе, якому ён пачынаў вучыцца ў Вільні. І ў гэтым плане ён адчувае патрэбу з'ехаць кудысьці "на пленэр", далей ад Парыжа. Парыж, канешне ж, яго вуліцы, плошчы, архітэктура, рака Сена ў розныя поры года- вельмі жыватворны, спрыяльны "матэрыял" для жывапісца, асабліва з чуццём імпрэсіяніста. Але душа вымагае чагосьці іншага, патрабуе такога месца, дзе можна было б адасобіцца, схавацца ад тлуму вялікага горада і цалкам аддацца  жывапісу на вольным паветры. Тут Крэмень быў не арыгінальны: многія яго папярэднікі ды сучаснікі, у тым ліку і блізкія сябры, заўсёды імкнуліся, хаця б на час, збегчы з Парыжа куды-небудзь на поўдзень або паўднёвы захад Францыі...

І вось на шостым годзе свайго прабывання ў Парыжы Крэмень знайшоў такое шчаслівае і прывольнае месца- гарадок Серэ ва Усходніх Пірэнеях, які на многія гады, ажно да самой смерці, станецца для мастака і ягонай сям'і своеасаблівай Аркадыяй, прытулкам "трудов и вдохновенья"...

(Заканчэнне будзе.) 

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"