“Прадстаўляем усю Беларусь”

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Сучасны і кансерватыўны старшыня райвыканкама ў працоўным “інтэр’еры” Дня беларускага пісьменства

/i/content/pi/cult/339/6305/13-3.jpg

Старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір СТОЛЯР - патрыёт свайго краю. Даўно пераканаўся, што кіраўнік без гэтай якасці - і не кіраўнік зусім. А патрыёт - значыць гаспадар, чыёй "сям'і" ва ўласнай "хаце" ўтульна, уежна і гасцей не сорамна прыняць. Па-першае, самых сапраўдных пісьменнікаў тут вырасла як рыжыкаў пасля цёплага дажджу. Гэта Іван Кірэйчык, Мікола Купрэеў, Алесь Каско, Віктар Гардзей, Уладзімір Марук, Міхась Рудкоўскі... Кожны з іх склаў бы гонар для раёна. Па-другое, мясцовую вёску Люсіна на вякі ўславіў Якуб Колас, што ў 1902 - 1904 гадах тут настаўнічаў. Пагадзіцеся, чым не нагоды, каб Ганцавічы сталі чарговай сталіцай Дня беларускага пісьменства.

 - Я вельмі ўдзячны старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціну Сумару за ўсебаковую падтрымку нашай ініцыятывы. Ганцавічы - край самабытнай культуры, пачатак беларускага Палесся, дзе заўжды шанавалася родная мова... Таму і займелі такі "сталічны" гонар... Вы ведаеце, што менавіта паводле ўражанняў ад вёскі Люсіна, яе насельнікаў Якуб Колас і напісаў аповесць "У палескай глушы", што стала першай часткай трылогіі "На ростанях". Цяпер Люсіна глушшу, натуральна, ніяк не назавеш...

 - І ў гэтым заслуга не толькі Коласа, які з вялікай павагай ставіўся да захавання і развіцця палескай культуры, але і плён працы тых, хто доўжыць асветніцкія традыцыі. Я пабываў у Люсіне, Хатынічах, Раздзялавічах, ва ўсіх гарадскіх установах культуры. Паўсюль вас называюць галоўным куратарам сферы. А колькі гадоў раёнам кіруеце?

 - Па-мойму, эфектыўнасць працы варта вымяраць не гадамі, а канкрэтнымі вынікамі. Мне, да прыкладу, вельмі прыемна, што за апошнія пяць гадоў калектывы нашых Дома рамёстваў і дзіцячай бібліятэкі былі адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва... У сферы нашай культуры працуюць па-сапраўднаму ўлюбёныя ў справу людзі. Таму і вынік - заўжды больш чым канкрэт-ны. Я ганаруся спецыялістамі, якія рухаюцца і рухаюць. Я ганаруся зямлёй, дзе, да прыкладу, малады пастух гоніць кароў на пашу з палатнянай торбачкай на плячы, старанна аздобленай вышываным нацыянальным беларускім узорам. І гэта таксама талент: трымацца каранёў, лічыць іх сваёй адметнасцю.

- Нездарма ваш Дом рамёстваў - адзін з лепшых. А ў вёсках мне распавядалі, што не дай Божа наміткай як ручніком карыстацца. Яна - адно толькі для ўрачыстых выпадкаў, словам, рэч сакральная, а не ўтылітарная. /i/content/pi/cult/339/6305/13-2.jpg

- Я быў у вёсцы Ліпск, дык там мясцовыя бабулі за абразу лічаць, калі маладым на вяселле крамны ручнік пад каравай падкладаецца. У нас і цяпер у кожнай сельскай хаце - спрэс ткачыхі, а на ложках - горы вышываных падушак, прыгажосць неймаверная.

- Пагаджаюся, традыцыя народнага мастацтва ў вас жывая. Але я цяпер пра традыцыю коласаўскага асветніцтва. Менавіта Пясняр на справе давёў, што няма культуры без адукацыі, але першнаперш паказаў сябе як гаспадарнік: адрамантаваў лядашчую школу. Наколькі жывыя гэтыя традыцыі?

- Начальнік адд/i/content/pi/cult/339/6305/13-1.jpgзела культуры Ірына Марцінкевіч не толькі годна выступае ў народным аматарскім аб'яднанні "Талака", але і аддзелаўскай гаспадаркай кіруе як мае быць.

 - У якім відзе мастацтва шукаеце час ад часу адхлання?

 - Ведаеце, у маім узросце цягне ў хвіліну адпачынку да чытання. Люблю тэатральную творчасць. І мы вітаем такія мерапрыемствы, у Доме культуры заўжды аншлагі. У музыцы я досыць кансерватыўны, больш цікаўлюся народнай.

- Давайце да жыццёвай прозы вернемся. Колькі грошай пайшло на аднаўленне аб'ектаў культуры да Дня беларускага пісьменства?

- Не трэба тут, падаецца, грошы лічыць. Адно магу зазначыць: пайшло мала, а зроблена многае.

 - З раённага бюджэту работы фінансаваліся?

 - Трэцяя частка грошай - наша... Самае галоўнае, што ўсе на Ганцаўшчыне чакалі гэтага дзяржаўнага свята, вельмі перажывалі, ці паспеем з падрыхтоўкай... Паспелі. Бо не толькі раён будзем прадстаўляць - усю Беларусь. Прыедуць да нас дыпламаты, 14 пасольстваў, госці з замежжа. Ці ж можна ў такім выпадку не падтрымаць імідж краіны?

- Перакананы, што імідж будзе падтрыманы самым належным чынам. На канцэртных мерапрыемствах, наколькі ведаю, раён прадстаўляюць унікальныя народныя фальклорна-этнаграфічныя гурты "Завіца" і "Хатовічы". Колькі слоў пра іх...

- Жывы гук, жывое слова, ніякай "фанеры". Дай Бог ім здароўя... І не магу тут не паўтарыць у чарговы раз: галоўнае не забыцца пра чалавека.

 Гутарыў

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"