ЯДВІСІНА Люсіна

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Спатканні на ростанях ХХІ стагоддзя

/i/content/pi/cult/339/6303/9-2.jpg

Люсі ў Люсіне я не сустрэў. Былі Марыі, Алены, Тамары, Зоі, па прозвішчах Занькі, Рылкі... - Хіба ж дзіва! - пасмяялася старшыня Люсінскага сельсавета Марыя Занька. - Тая Люся з легенды ад панскіх здзекаў у Цну кінулася. Адсюль - і назва вёскі... На слыху тут - яшчэ адно жаночае імя: Ядвіся. Менавіта ў гэтую "пекную паненку" і закахаўся да бяздоннай скрухі летуценны Лабановіч. Паколькі аповесць "У палескай глушы" - збольшага аўтабіяграфічная, дык, падаецца, было тут усё насамрэч: і гарэзлівая дзяўчына, і дваццацігадовы, зухаваты ва ўсіх пачынаннях юнак, і патаемныя мілаванні ля заазёрных дубоў, і першае недапітае да донца каханне. Прынамсі, ля дубоў тых і па сёння бруіць маладое жыццё. Словам, люсінскія легенда і ява ходзяць аберуч...

Спатканне першае: не глуш, а глыбінка

Як сумяшчаецца несумяшчальнае? Арганічна. Проста не сумяшчаць трэба, а радавацца жыццю, не забываючыся на спрадвечную традыцыю. У выніку згаданая паркалёвая торбачка з арнаментам натуральна пасуе да джынсаў. У Люсіне так і жывуць. У журавіны і грыбы ходзяць з берасцянымі "каробкамі", на вуліцах можна сустрэць кабет у даматканых спадніцах, мода на якія ўзнікла ці не век таму. І ўвесь гэты "этнаграфічны экзот" выглядае на фоне сучасных сельскіх крам "Ядвіся" і "На ростанях" як прывабны "гарнір" да стравы, прыгатаваны па бабульчыным рэцэпце, але ў мікрахвалёўцы...

Старэнькая кабета ў вышываным строі перад тым, як зайсці ў "Ядвісю", пакідае на ганку кіёк. Пытаюся: "Навошта?"- "Ды ці ж можна з палкай у краму?"- здзіўляецца тая.

У коласаўскія часіны ў Люсіне было 50 двароў. Цяпер, па словах старшыні сельсавета, больш за 500 і ледзь не паўтары тысячы жыхароў. Нельга не згадаць і тое, што калісьці вёска літаральна патанала ў балотным атачэнні, а лясную глуш ажыўлялі разпораз толькі цягнікі. Чыгунка лучыць Лунінец і Баранавічы і па сёння, толькі станцыя паблізу Люсіна называецца "Якуба Коласа".

І ўсё астатняе змянілася неймаверна: балоты адступілі, а вёска пазалетась пераўтварылася ў аграгарадок, унікальны сваімі традыцыямі. Так што не глуш тут сёння, а- палеская глыбінка, азёрнаягаднае царства.

Спатканне другое: Марыся і "цар" /i/content/pi/cult/339/6303/9-1.jpg

Тых, хто на уласныя вочы бачыў слыннага пісьменніка-настаўніка, у Люсіне, на жаль, не засталося. Але жывуць дзеці першых Коласавых вучняў, якіх бацькі так не хацелі аддаваць у "школьнае гультайства" і якія ўвесь свой век ганарыліся "сваяцтвам" з пісьменнікам.

Дзецям цяпер пад 90. Сярод іх і Марыя Паўлаўна Занька. Марыся. Бацька распавядаў ёй, што Колас быў надзвычайным начальнікам, людзей "глядзеў", пра школьную гаспадарку дбаў, вучні за ім цугам хадзілі. Бабуля Марыся са смехам згадвае першае сваё, дзіцяча-наіўнае, уражанне ад бацькавых расповедаў пра маладога настаўніка: "Бацька, дык той Міцкевіч, напэўна, цар?" Так, маладым "царом" Якуб Колас і застаўся ў памяці люсінцаў. І пераемнікаў у Люсіне - плойма.

Добрым словам тут згадваюць, да прыкладу, кіраўніка мясцовага сельгаспрадпрыемства Сяргея Захарчэню, які назваў сваю гаспадарку "Цельшына". Менавіта такім "псеўданімам" Якуб Колас абазначыў у трылогіі Люсіна. Яшчэ адзін тугі вузельчык, дзе сцягнуты легенда і ява, сельская рэальнасць і літаратурны вобраз. Школу ў Люсіне даўно ўзбудавалі новую, а на месцы старой, коласаўскай, - мемарыял.

Спатканне трэцяе: ля дубоў

 Як назваць фальклорны гурт? Натуральна, "Дуброва". У такой выснове загадчыца сельскага клуба Тамара Занька, загадчыца бібліятэкі Зоя Літвіновіч і бібліятэкар Алена Сяргейчык проста не сумняваюцца. Каб і мяне далучыць да такога ж пераканання, ля Коласавых дубоў, за возерам Дубаўское, мне было прызначана... спатканне з Ядвісяй. Адчуўшы сябе Лабановічам, спадзяванні дзяўчат пастараўся апраўдаць. І ўсё было б добра, калі б не ліхадзеі-камары. А ў ролі Ядвісі выступіла Алена Сяргейчык. Яна ж і пра знакамітыя дубы распавяла. Тут, сапраўды, Якуб Колас любіў адпачываць...

 І клуб, і бібліятэка ў Люсіне адпавядаюць аграгарадоцкаму статусу. Усё адрамантавана, утульна... З малодшакласнікам Максімам Рылкам - прадстаўніком самага маладога пакалення люсінцаў - мы пазнаёміліся ў бібліятэцы, куды ён забег да "цёці Зоі" - загадчыцы ўстановы Зоі Літвіновіч. Аказваецца, ледзь не самы актыўны чытач, а ўсяго іх у бібліятэцы- амаль 900. "Як справы, Максімка?" - "Як мае быць!" - "А Коласа ведаеш?" - "Гм. А хто ж яго не ведае?!"

Для Максімкі Якуб Колас таксама "цар", не "забранзавелы", а жывы, бо піў той жа люсінскі сырадой, па тых жа вуліцах хадзіў і марыў ля дубоў пра тое ж.

На здымках: мемарыял на месцы школы Коласа;

"Ядвіся"- бібліятэкар Алена Сяргейчык.