Люсінскі дэтэктыў

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Зачараваны трохкутнік архіўных звестак

/i/content/pi/cult/339/6301/8-2.jpg Дзякуючы трылогіі Якуба Коласа "На ростанях" невялічкая вёска Люсіна Ганцавіцкага раёна, "схаваная" пад літаратурнай назвай Цельшына, праславілася на ўвесь свет. Ды здзіўляе іншае - у архівах пісьменніка... практычна адсутнічаюць звесткі пра час таго настаўніцтва. Карэспандэнт "К" паспрабаваў высветліць прычыны гэтага, а таксама зразумець, чаму аўтар нават у аўтабіяграфіях гэтак настойліва абыходзіў бокам такі мілы яго сэрцу куток Палесся...

Жыццяпіс без пачатку

 Пасля красамоўных прызнанняў аўтара ў любові да гэтага кутка Палесся, што неаднойчы сустракаюцца ў трылогіі "На ростанях", мне падалося дастаткова простым выканаць рэдакцыйнае заданне: знайсці ў багатай архіўнай спадчыне нацыянальнага класіка лісты, успаміны ці іншыя звесткі, якія б шырэй раскрылі асабістыя ўражанні маладога настаўніка Канстанціна Міцкевіча аб гэтым краі... Але на справе выявілася: не ўсё так проста...

У Беларускім дзяржаўным музеі-архіве літаратуры і мастацтва- больш за 350 адзінак захоўвання, якія датычацца постаці народнага Песняра. Дырэктар установы Ганна Запартыка прапанавала дадаткова перагледзець іншыя фонды, Аднак папярэдзіла: "Баюся, ці атрымаецца вам знайсці неабходнае - дакументаў, якія б датычыліся таго перыяду, амаль не засталося. Я сама рыхтавала артыкулы па дадзеным фондзе, аднак пра Люсіна звестак не сустракала..."

 Сапраўды, за тыдзень, што я пераглядала стосы лістоў пісьменніка, так і не ўдалося знайсці ўспаміны класіка пра той край. Хіба толькі сухія звесткі аб напісанні апошняй часткі трылогіі. Прынамсі, у перапісцы з рускім паэтам Сяргеем Гарадзецкім Колас паведамляе, што ў сувязі з працай над 3-й кнігай "На ростанях " "...раздобыл журнал "Право" за 1906 г. Это юридический кадетский орган. Картина царской Росии дана полно и ярко". У адным з наступных лістоў: "Заканчиваю ІІІ-ю книгу полесских повестей. Придётся написать ещё одну часть этой книги. Она меня не очень удовлетворяет. Слишком далеко шагнула жизнь вперёд. Перед этой жизнью бледнеют и стушёвываются события, происходившие лет 45 тому назад". Ці распавядае аб падрыхтоўцы рускамоўнага выдання: "В последнее время много внимания уделял трилогии перед сдачей в печать. Трилогия выйдет в двух томах под общим названием "На росстанях". Такое слово есть в словаре Ушакова с оговоркой, что "на росстанях" областное слово. Пусть это название остаётся и в переводе на русский язык. По крайней мере буду настаивать на этом".

А вось пра працу над першай аповесцю "У палескай глушы" - ні слоўца.../i/content/pi/cult/339/6301/8-1.jpg

Здзівіла і тое, што ў шматлікіх аўтабіяграфіях Якуб Колас зноў і зноў паўтарае такі вядомы факт, як сярэбраны рубель ад бацькі за першы верш, а пра значны для яго творчасці этап дае лаканічнае: "Настаўнічаў у вёсках Люсіна і Пінкавічы".

Ад белай плямы

 У гэтым месцы хтосьці засумняваецца, маўляў, ці ўсе фонды былі прагледжаны. Сапраўды, многія дакументы знаходзяцца яшчэ і ў асабістых сямейных архівах спадчыннікаў пісьменніка, у літаратурных музеях краіны. Таму, каб прыадчыніць таямніцу "палескага" маўчання, звярнулася да даследчыка творчасці Песняра, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Міхася Мушынскага.

 - Быў бы рад дапамагчы любімай газеце "Культура", - адказаў на маё пытанне Міхась Іосіфавіч, - але ў гэтым выпадку, як кажуць, уздымаю рукі. Нам, даследчыкам, вельмі цяжка працаваць з даваеннай спадчынай класіка з той прычыны, што амаль усе рукапісы і дакументы згарэлі на пачатку Вялікай Айчыннай. Канешне, навукоўцы спрабуюць аднавіць прабелы. Прынамсі, шмат каментарыяў і ўдакладненняў вы знойдзеце ў новым поўным зборы твораў Якуба Коласа, які да выхаду ў свет рыхтуецца маімі калегамі. Але з-за знішчэння ў полымі вайны архіва пра Люсіна, як мне ні шкада, пакуль нічога дакладна расказаць не магчыма.

Зразумела, навукоўцы павінны карыстацца толькі дакументальна пацверджанымі фактамі. Але, магчыма, ва ўспамінах родных усплывуць тыя дробязі, што дапамогуць праліць святло на таямніцу палескага жыцця маладога Канстанціна Міцкевіча?

МКМ, МД да XXV

 Пошукі звестак пра люсінскі перыяд прывялі да сына славутага пісьменніка. Міхась Міцкевіч спачатку нагадаў, чаму безліч дакументаў знікла ў вогненныя 40-я.

- Трэба ў першую чаргу мець на ўвазе тыя абставіны, якія склаліся ў першыя дні вайны. Ніхто і падумаць не мог, што немцы хутка прыйдуць. І больш за тое: калі на наступны пасля ўварвання немцаў у Беларусь дзень Колас быў у Цэнтральным камітэце партыі, сакратар ЦК Цімох Гарбуноў сказаў, што баі вядуцца пад Кёнігсбергам: маўляў, фашыстаў у Мінску не будзе.

Сям'ёй мы збіраліся выехаць у Пухавіцкі раён, у вёску ( яе пасля спалілі нацысты), думалі, што тут перачакаем усё, але 24 чэрвеня 1941-га раптоўна - авіяналёт, ужо а трэцяй усё вакол пачало гарэць. Паўтаруся, мы былі абсалютна непадрыхтаваныя, таму эвакуіраваліся, кінуўшы ўсё. У стале бацькі засталіся два сшыткі з вершамі, паэмамі, галоўным чынам гумарыстычнага зместу. Іх не паспелі нідзе надрукаваць. Яны засталіся толькі ў памяці. Прынамсі, паэма "Сон ці я", якую Колас сачыніў да капусніка ў адказ на твор Андрэя Александровіча. У сейфе ж пакінулі і рукапісы, і дакументы, сярод якіх была нават мая метрыка.

Так, у першыя дні Вялікай Айчыннай дом пісьменніка згарэў. На пажарышча наведаўся сябра коласаўскага дзядзькі Ігната Юр'евіча Міцкевіча Адам Брыж і, пабачыўшы сейф, вывез яго. Закапаў рарытэт у сваім садзе, з надзеяй захаваць архіў. Між іншым, аб той незгаральнай скрыні ходзіць нямала легенд. Прынамсі, Міхась Канстанцінавіч узгадаў, як адзін карэспандэнт напісаў, што Адам Брыж схаваў "золата Коласа". Сам жа Колас у лісце да жонкі так пісаў аб гэтым "багацці", якое было адкапана ў 1944-м: "[...] Восьмага прывезлі наш сейф. Учора паклікалі слесара, узламалі, бо ключом нічога зрабіць не ўдалося. Ды ламаць гэтую гарэлую ржавую скрыню было не шкада. [...] А што ж захавалася ў сейфе? Прыгадаў апавяданне Гогаля "Заколдованное место". Там дзед адкопваў у лесе скарб. Адкапаў кацёл, выцягнуў, а як глянуў - дык толькі плюнуў. Тое ж самае, відаць, захаваў і наш сейф. Большую частку займала мокрая гліна. У зямлі, куды ён быў закопаны, была вада. Разам з вадой наплыў пясок і гліна. У гэтай гліне там-сям пападаліся сапрэлыя кавалкі паперы ад кніг, рукапісаў і аблігацый. У прыскрынку знайшлі аправу ад тваіх залатых часоў, яшчэ адні маленькія часікі з ланцужком, мужчынскія часы, срэбраны партсігар, дзве купалаўскія чаркі і яшчэ дзве чарачкі, што я колісь купіў у Маскве. Пачысціўшы, чаркі яшчэ могуць служыць, а рэшткі - няшчасны лом. Толькі клопату нарабіў гэты сейф нам і людзям".

Тыя дзве сярэбныя чаркі з гравіроўкай МКМ і МД па ініцыялах Коласа і яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны, што Янка Купала падараваў ім на срэбнае вяселле (аб чым сведчыць нанесеная лічба XXV), цяпер выстаўлены ў экспазіцыі музея паэта.

Паводле трылогіі

 У тым страшэнным агні згарэлі і ўсе кнігі, што збіраў Колас для ўласнай бібліятэкі: поўныя зборы твораў Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Талстога, Горкага, шмат унікальных, рэдкіх выданняў. "Бываеш, пачуеш песню і ўспомніш, што быў томік гэтага паэта. Ці пабачыш у вітрыне букіністычнай крамы старадаўняе выданне з шыкоўнымі ілюстрацыямі і з горыччу адзначыш, што некалі такі том быў і ў нас,- успамінае Міхась Міцкевіч. - Асабліва ж шкада кніг з аўтографамі пісьменнікаў. Усё гэтае неацэннае багацце загінула..."

У працяг гутаркі пытаюся, ці распавядаў бацька што-небудзь пра Люсіна? "Не! - адразу адказвае Міхась Канстанцінавіч. - Ён быў чалавек негаваркі. І калі ўжо размовы вяліся, то на больш актуальныя тэмы, альбо на бытавыя". І ўсё ж сын творцы лічыць, што пісьменнік не хаваў палескую частку свайго жыцця: "Нельга сказаць, што ён абышоў гэты перыяд. Па сутнасці, "У палескай глушы" - крыніца, дзе распісана ўсё. Мабыць, таму Колас і не ўдакладняў у аўтабіяграфіях люсінскі этап. Ды і не шмат напісана вершаў у той час".

Дарэчы, па словах Міхася Канстанцінавіча, ужо напрыканцы жыцця Колас хацеў распавесці аб сваіх юнацкіх гадах, аб семінарыі, аб маладосці, але не хапіла часу. "Усё дапрацоўваў "На шляхах волі". Лічыў, што яна не скончана (з чым не згодны сённяшнія літаратуразнаўцы). Праца ішла марудна, з вялікімі перапынкамі, бо перыядычна ў краіне мяняліся погляды на тыя часы. Відаць, не пра ўсё, аб чым марылася распавесці, можна было напісаць. І ўсё ж у выніку атрымалася моцная антываенная паэма, дзе паказана столькі людскога няшчасця. З-за апошняга, мабыць, "На шляхах волі" не надта друкавалі, а асобнага выдання і ўвогуле не было. Не губляю надзеі, што на хвалі падрыхтоўкі да 130-х угодкаў з дня нараджэння Якуба Коласа якое-небудзь выдавецтва возьмецца за гэту добрую справу", - спадзяецца Міхась Міцкевіч.

 Зрэшты, суразмоўца ўпэўнены, што шмат чаго з літаратурнай спадчыны Коласа трэба перавыдаваць па-новаму, аднаўляючы купюры, якія ўносілі шматлікія рэдактары ў залежнасці ад павеваў часу. Прынамсі, часта замянялі ў вершаваных радках слова "Бог". "Пад час падрыхтоўкі поўнага збору твораў Коласа я шмат спрачаўся з навукоўцамі, патрабаваў аднавіць пэўныя вызначэнні. Бо ўнесеныя некалі праўкі змяняюць для спадчыннікаў значную частку бачання аўтара. "Правільнае" яно або не- гэта суб'ектыўны параметр. Можна спрачацца, можна не пагаджацца, але нельга ігнараваць аўтарскае", - упэўнены ён.

 ■ ■ ■

 Як бачым, Люсіна ў жыцці Коласа аказалася надзвычай таямнічым месцам. Палеская вёсачка пакінула глыбокі след у сэрцы Коласа - інакш не з'явілася б легендарная кніга, але, відаць, той самы след прымусіў аберагаць гэты перыяд біяграфіі ад чужых вачэй... Па драбінках даследчыкі ўзнаўляюць даваенны перыяд творчасці класіка. Магчыма, напярэдадні юбілея "ўсплывуць" рукапісы? Тым больш, у дачыненні да рукапіснай спадчыны Коласа ўжо адбываліся падобныя цуды. Прынамсі, па словах Міхася Міцкевіча, адзін з вершаў, які лічыўся згарэлым у 1941 годзе, якімсьці чынам знайшоўся ў архівах КДБ. Так дзякуючы аднаму з супрацоўнікаў, які перадаў той аўтограф родным, знакамітае "Я ад ранка ды да вечара араў, А раллю маю рэдактар падабраў" вярнулася ў коласаўскую скарбніцу...

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"