Свой “кавалачак” культуры, або даўнія традыцыі ў сучаснай праекцыі

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Пра Ваўкавышчыну пісалі мы неаднаразова: і калі там былі Дажынкі, і калі святкавалася тысячагоддзе райцэнтра, і… проста таму, што адданасці і плёну тамтэйшых працаўнікоў культуры можна толькі пазайздросціць ды павучыцца. І гэты матэрыял, калі папраўдзе, мы не планавалі. Але калі апынуліся паблізу Ваўкавыска, не маглі не завітаць да Зоі Сяргееўны БОЙКА, гасціннай начальніцы аддзела культуры райвыканкама. Ну, і як там, на Ваўкавышчыне, сёння? — спытаеце. Калі казаць коратка — праца ідзе, мары здзяйсняюцца, а імкненне да новага не дазваляе варыцца ва ўласным соку. Вось гэта і стала тэмай нашай гутаркі з Зояй Сяргееўнай ды яе каляжанкамі.

Усе дарогі вядуць… у ВНУ

— Адно з апошніх нашых “дасягненняў”, — Зоя Сяргееўна распачала з прыемнай навіны, — гэта новенькі раённы метадычны цэнтр, які не так даўно “вызваліўся” ад капітальнага рамонту. А асобны будынак — гэта сапраўды шырокае поле дзейнасці для работнікаў культуры. Вядома ж, што не кожны раён можа пахваліцца “аўтаномным” РМЦ, які звычайна вымушаны туліцца ў РДК, дзе і самому Дому культуры заўсёды мала месца. Нашы ж вядучыя спецыялісты маюць магчымасць працаваць у выдатных умовах у асобным будынку, дзе ёсць невялікая зала, якую, дарэчы, мы плануем выкарыстоўваць і для творчых лабараторый. Сёння больш “моднае” слова — майстар-класы, але сутнасць тая ж: збіраць дырэктараў культасветустаноў ці іншых спецыялістаў з раёна і праводзіць заняткі па жанрах. Напрыклад, збіраем мы спецыялістаў па вакальна-харавым жанры, даём ім рэпертуар, творы, вучым, як працаваць, падводзім вынікі аглядаў, выпраўляем памылкі, разглядаем, дзе і каму варта падцягнуцца і як нам дапамагчы ім у гэтым. І такія майстар-класы — па ўсіх жанрах: вакальна-харавым, харэаграфічным, інструментальнай музыцы... Такім жа чынам тут, у РМЦ, мы павышаем узровень прафесійнага майстэрства новых кадраў: ладзім школу маладога клубніка, які толькі робіць першыя прафесійныя крокі.
Дарэчы, мяркуючы па тым, што спецыялістаў з Ваўкавышчыны рознымі хітрыкамі спрабуюць пераманіць да сябе іншыя раёны, кадры тут сапраўды залатыя. Канешне, як яны самі кажуць, калі створаны належныя ўмовы, калі ёсць падтрымка ўласных творчых ідэй “зверху”, дык можна працаваць дзесяцігоддзямі. Дарэчы, такіх супрацоўнікаў, якія сваім шматгадовым вопытам ствараюць традыцыі і касцяк культурнай галіны раёна, Зоя Сяргееўна цэніць асабліва. “Бо я і сама трыццаць пяць гадоў у культуры адпрацавала”, — кажа яна.
— Раней кадры ў нас былі слабейшыя, — узгадвае галоўны спецыяліст аддзела культуры Валянціна Агільба. — Ды і не было так шмат спецыялістаў. А сёння наш кадравы патэнцыял адзін з мацнейшых у вобласці. Ну, вазьміце хаця б аграгарадок “Волпа”, дзе працуюць адны спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, — яны жадаюць працаваць, тым больш, што і заробак іхні сёння ўжо неблагі. І астатнія, хто яшчэ не мае вышэйшай адукацыі, таксама не сядзяць, склаўшы рукі, бо разумеюць: рана ці позна атрымліваць адукацыю ўсё ж давядзецца. Напрыклад, сёння з ліку нашых культработнікаў паступіла і вучыцца ў ВНУ, лічы, 15 чалавек.
— Мы цяпер і кантракты працягваем з неспецыялістамі толькі пры ўмове іх паступлення ў ВНУ, — кажа Зоя Сяргееўна. — А калі не жадаюць — што ж, тады і мы не жадаем з імі працаваць. Прытым, што мы дапамагаем вёскам і аграгарадкам у першую чаргу, па прынцыпе: усё лепшае — туды. Напрыклад, самыя новыя ў тэхнічным сэнсе камп’ютэры, ксераксы, прынтэры, сканеры мы накіроўваем менавіта ім… Заўсёды мы рады і маладым спецыялістам, якія размяркоўваюцца да нас. Прычым размяркоўваюцца не фармальна, афактычна: прыходзяць — і застаюцца працаваць. Ды й чаго ім не застацца?! Прыходзяць яны на сяло адразу кіраўнікамі, дырэктарамі. Вось, напрыклад, выпускніца Універсітэта культуры і мастацтваў заступіла на пасаду намесніка дырэктара ДК у гарадскі пасёлак Краснасельскі. Да слова, мой самы першы запіс у працоўнай кніжцы такі: “дырэктар сельскага Дома культуры”. 

Ёсць такая слабіна

— За больш чым тры дзесяткі гадоў працы ў культуры, — кажа З.Бойка, — я не памятаю, каб раней была такая ўвага да таленавітых дзяцей. Сёння ж адчуваецца, што на працу з моладдзю кінуты не асобныя намаганні кіраўнікоў, а дзяржаўныя сілы, якія ўзялі таленавітую моладзь пад сваё крыло. На маю думку, дапамагае гэтай добрай справе і тое, што з моладдзю працуюць установы культуры, а не толькі адукацыі. Бо спецыялісты нашай галіны маюць іншы падыход да развіцця здольнасцей і ў будучым — прафесіяналізму, хаця я ні ў якім разе не змяншаю ролі сістэмы адукацыі ў гэтым працэсе. Але вось такі прыклад: пакуль наш вядомы калектыў “Спадчына” быў пад патранажам Дома дзіцячай творчасці, пра яго мала хто ведаў. А як толькі мы выцягнулі яго на свае канцэрты, яго адразу пачалі заўважаць і нават запрасілі на “Славянскі базар у Віцебску”.
Як прызнаецца Зоя Сяргееўна, уяе ёсць такая слабіна: яна не можа адмовіць энтузіястам, гледзячы ў іх палкія вочы. Асабліва, калі гэта вочы маладых, агеньчык у якіх так лёгка патушыць катэгарычным дарослым “Не!”. А тых кіраўнікоў, якім ніколі нічога не трэба і якія баяцца любой новай ідэі, Зоя Сяргееўна называе “мерцвякамі ў прафесіі”.
— Прыйшлі нядаўна да мяне хлопцы з мясцовага рыцарскага клуба, — расказвае яна. — Кажуць, трэба ім месца, дзе б яны займаліся любімай справай. А вочы гараць, сэрца палае — ну як тут адмовіш, прытым, што адусюль ад іх адмахваліся. А ў нашым Доме рамёстваў якраз пакой вызваліўся. Цяпер, дарэчы, яго не пазнаць: хлопцы ўласнымі сіламі зрабілі там рамонт. І дах адрамантавалі. Складваецца пазітыўнае ўражанне, што сфера культуры Ваўкавышчыны ахапіла ўвагай абсалютна ўсе ўзросты. Скажам, пры раённым Доме культуры дзейнічае Школа таленавітых малечаў для дзетак ад чатырох да васьмі гадоў, дзе яны вучацца культуры ў самым шырокім сэнсе слова: ад этыкету, рыторыкі — да харэаграфіі.
— Для дзяцей у нас у раёне працуюць тры дзіцячыя музычныя шко-лы, тры школы мастацтваў і дзевяць філіялаў, — кажа З.Бойка. — Многія раёны толькі цяпер пачалі адкрываць філіялы ў аграгарадках, а мы гэта зрабілі яшчэ гадоў пяць таму. Мы падумалі: чаму адны населеныя пункты маюць прывілеі — такія школы, а іншыя — не? І там, дзе не было гэтых школ, адкрылі філіялы. Ды не для “птушачкі”: гэта быў адказ на попыт, мы бачылі таленавітую малечу і іх бацькоў, якія імкнуліся, жадалі аддаць дзяцей у мастацкую ці музычную школу. А калі з малых вырастаюць сапраўдныя прафесіяналы, як тут не радавацца? Мы радуемся і працягваем клапаціцца пра іх. Напрыклад, спевакам дапамагаем фанаграмай, для самых адораных запісваем яе бясплатна. А яны аддзячваюць сваімі перамогамі на абласных, рэспубліканскіх ды міжнародных конкурсах.
Выдатны спосаб аб’яднаць маладое і сталае пакаленне — гэта, як пераканаліся на Ваўкавышчыне, стварыць сапраўдны рух. Прыкладам — рух інтэлектуальны, які лучыць і 18-гадовага юнака, і 60-гадовага пенсіянера.— Мы не ставілі мэтай аб’ядноўваць узросты, але так атрымалася, што гэта стала цікава ўсім эрудытам ды інтэлектуалам, — кажа заснавальнік і куратар руху, дырэктар раённага метадычнага цэнтра Галіна Чарапок. — Пачалося ўсё з клуба інтэлектуальных гульняў “Высокі Волак”, а сёння ад яго ўжо пачалі адгаліноўвацца цэлыя фестывалі, на якія прыязджалі нават славутыя эрудыты Мухін з Новікавым. Напрыклад, фестываль “Кубак малых гарадоў” мы стварылі спецыяльна для ўдзельнікаў з невялікіх гарадоў Беларусі, такіх, як і наш Ваўкавыск. Аднак да яго прымкнулі і каманды з замежжа — Ізраіля, Малдовы, Украіны… Для іх мы нават заснавалі Кубак мэра — пераможцу з іншай краіны. Прыемна, што нас падтрымлівае наш райвыканкам, які нам нават выдзяляе сваю малую залу, дапамагае грашыма. Без яго, відавочна, мы не маглі б займець такі сур’ёзны статус. 

Быць цікавым, самабытным

Нядаўна дзіцячаму ўзорнаму калектыву “Чобаты”, што пры РДК, пашылі сцэнічныя касцюмы. Ды не проста канцэртную пярэстую вопратку, а — сапраўдныя этна-касцюмы па ўзорах строяў Ваўкавышчыны! Бо крэда тут такое: не проста даследаваць, вывучаць, сістэматызаваць, абагульняць веды пра старадаўнюю культуру рэгіёна, а і — працягваць яе жыццё ў сучасным побыце і мастацтве.
Вядучы спецыяліст раённага метадычнага цэнтра Лілія Рашчэўская даўно збірала інфармацыю пра касцюм, які бытаваў на Ваўкавышчыне: выязджала ў вёскі, размаўляла з бабулямі, адшуквала не толькі апісанні, але і ўзоры даўнейшай вопраткі: характэрныя малюнкі, колеры, вышыўку, жаночыя кашулі, спадніцы з “хвастом”, прысабраныя зверху на таліі.
Сабраны матэрыял супрацоўніцы Цэнтра рамёстваў увасобілі ў жыццё: наткалі палотнаў, пашылі і вышылі для дзіцячага калектыву “Чобаты” этна-касцюмы. Цяпер малыя маюць магчымасць выступаць са сваім рэпертуарам — народнымі песнямі, якія бытавалі на Ваўкавышчыне, — у строях тых, хто іх складаў.
— У нас увогуле вядзецца несупынная праца па захаванні самабытнасці ваўкавысцаў, — кажа З.Бойка. — Гэта і выезды ў экспедыцыі, і картатэчная праца, і запіс на аўдыёкасеты песень, казак, паданняў. Сёння ў нас сабрана вялікая відэатэка… І ўсё гэта мы не “складаем у скарбонку”, а пастаянна вучымся і вучым па іх, паказваем на творчых лабараторыях, раздаём у самадзейныя калектывы.
— Акрамя таго, — дадае Г.Чарапок, — мы патрабуем ад сваіх калектываў, каб яны, выступаючы на аглядах самадзейнасці і прэзентуючы сябе як фальклорны ансамбль, мелі, так сказаць, дачыненне не проста да беларускай, а і да нашай, ваўкавыскай спадчыны. Напрыклад: калі яны спяваюць дзве песні, дык адна з іх абавязкова павінна быць рэгіянальнай.
Асабліва гэта важна, як упэўнены ваўкавысцы, для падрастаючага пакалення, якое толькі пачынае ўсведамляць сябе беларусамі і жыхарамі менавіта гэтага рэгіёна Беларусі і якое не павінна блытаць, якія мастацкія і музычныя традыцыі бытавалі тут, а якія — па ўсёй Беларусі. Для захавання сваёй самабытнасці ваўкавысцы замацавалі ў сваіх конкурсах намінацыі, кшталту: “За лепшае ўвасабленне рэгіянальнага фальклору”.
І гэта стала “абавязкам” не толькі фалькларыстаў, але і тэатралаў, якія павінны парупіцца пра п’есы на рэгіянальным матэрыяле. Мясцовыя прыказкі, прымаўкі, выслоўі культработнікі ўводзяць нават у сюжэты канцэртных праграм ды фальклорных мініяцюр, якія збірае галоўны спецыяліст аддзела культуры Валянціна Агільба.
— Я іх збіраю ўсюды, ад сваіх бацькоў запісваю, — пацвярджае Валянціна. — Пачула нешта “несучаснае” — і тут жа запішу, папытаю, што гэта азначае. І ведаеце, гэта ўсё зразумела і нашай аўдыторыі, і нават замежнай публіцы, да якой ездзім з фальклорнымі калектывамі ды замалёўкамі… Калі знойдзем грошай, абавязкова выдадзім нашу фальклорную спадчыну — і для наступных пакаленняў, і для карыстання культработнікам. А такі матэрыял, як паказвае практыка, — ух як ім патрэбны!
— Я хачу дадаць, — кажа Зоя Сяргееўна, — што быць самабытным — значыць быць прыкметным, цікавым самому сабе ды іншым. І мы сапраўды цікавыя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Напрыклад, летась на міжнародным фестывалі фальклору выступалі ў Турцыі, сёлета на пачатку верасня — у Іспаніі, у Барселоне. 


Іерархія каштоўнасцей

Платныя паслугі сталі ўжо звычайнай формай працы для аддзелаў культуры. Паніка, якая была на пачатку ўвядзення гэтай абавязковай крыніцы самафінансавання, сышла, пакінуўшы культработнікам тыя ці іншыя карысныя “маркеталагічныя” даследаванні. А як вынік — і пераасэнсаванне сваёй культасветпалітыкі.— Мы прааналізавалі сітуацыю попыту і прапановы, — дзеліцца сваім вопытам намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Марына Болдак, — і прыйшлі да высновы, што нашым наведвальнікам патрэбны ў першую чаргу не жаночыя раманы, а вучэбная літаратура. Прычым, студэнцтва сёння мае грошы і магчымасць замаўляць з камерцыйнага бібліятэчнага фонду за 200 рублёў у дзень падручнікі на дом. А калі палічыць, што кнігі для вучобы замаўляюцца на вялікі адрэзак часу, уявіце сабе, колькі можа зарабіць бібліятэка. Жаночы раман такога прыбытку не прынясе.
У выніку бібліятэчная стратэгія Ваўкавышчыны ў папаўненні кніжнага фонду акрэсліла такую “іерархію”. На першым месцы — літаратура, патрэбная навучэнцам розных профіляў, як самы запатрабаваны сегмент. На другім — камплектаванне камерцыйнага фонду абанемента, іншымі словамі, тое, што можна ўзяць дамоў за грошы. Тыя, хто не мае такой магчымасці, могуць карыстацца тымі ж кнігамі ў чытальнай зале. Трэцяя па запатрабаванасці — дзіцячая літаратура, якая забяспечвае вучэбны працэс, напрыклад, энцыклапедыі. Потым — казкі, кнігі для маленькіх. І толькі ў самым канцы — жаночыя раманы. “Я не хачу пакрыўдзіць аматараў такога чытва, — кажа М.Болдак, — але жаночыя раманы для бібліятэк — гэта не першарадныя кнігі”.
— Калі гаварыць пра тое, што яшчэ неабходна нашаму грамадству, — дзеліцца планамі і заклапочанасцю адначасова З.Бойка, — дык гэта аб’яднанне нашых мастакоў пад адным дахам, у прамым і пераносным сэнсе. Сёння я думаю, як рэалізаваць гэтую ідэю: згрупавацьнашых мастакоў і зрабіць для іх нешта кшталту адкрытай галерэі-продажу на вуліцы, а таксама знайсці будынак для экспанавання іх работ пад дахам, каб гэта было “цывілізавана”, на ўзроўні і з густам. Канешне, гэта будзе каштаваць грошай, аднак ім вельмі неабходна “сваё” месца. Гэта было б добра не толькі для іх, але і для патэнцыйных пакупнікоў, якія будуць ведаць, дзе можна набыць добрую работу нашага мастака — аўтарскую работу, а не копію-шырспажыў у бліжэйшай краме… Вельмі хочацца, каб  усім ваўкавысцам было ўтульна і кожны знайшоў свой “кавалачак” нашай культуры. У рэшце рэшт, дзеля гэтага мы і працуем.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ,
наш спецкар.
Мінск — Ваўкавыск — Мінск
Фота аўтара 

ВаўкавыскА на балконе музея можна аказваць платныя паслугі — фатаграфаваць ахвотных.Зоя Бойка разам са сваімі паплечніцамі.Златая цепь на дубе том...”