Дзе “новая зямля” экранізацый?

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Калі героі нацыянальнай літаратуры запануюць у айчынным кіно?

 

/i/content/pi/cult/339/6296/5-1.jpgМенавіта на ўрадлівай на творчыя ідэі ганцавіцкай зямлі пад час працы ў мясцовай школе ў будучага класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа нарадзілася ідэя знакамітай трылогіі пра шлях настаўніка Андрэя Лабановіча. Твор "На ростанях" хутка стаў сапраўды класічным, а ў 1960 годзе быў экранізаваны адным з "піянераў" беларускага кіно Уладзімірам Корш-Сабліным пад назвай "Першыя выпрабаванні". Аб тым, ці перажыла гэтая стужка свой час, можна спрачацца, але бясспрэчна тое, што экранізацыі літаратурных твораў заўсёды былі адным з магістральных кірункаў айчыннага кінамастацтва. Прынамсі, самая першая беларуская ігравая кінакарціна - "Лясная быль" Юрыя Тарыча 1926 года - таксама была створана па літаратурным творы - аповесці Міхася Чарота. Беларускае кіно найноўшага часу крочыць па слядах папярэднікаў і часта звяртаецца да літаратурных першакрыніц. Аднак гучных поспехаў у гэтым кірунку за апошнія гады на "Беларусьфільме", на жаль, не было. Можа таму, што найлепшыя творы пісьменнікаў пакуль чакаюць сваёй чаргі на першую экранізацыю або новае, больш актуальнае прачытанне майстрамі экрана. Між тым - і такія прыклады ёсць- класічныя рэчы беларускай літаратуры стала карыстаюцца поспехам у замежных рэжысёраў. Шлях на наш экран айчынных кніг паспрабаваў даследаваць карэспандэнт "К".

 На ўзроўні першакрыніцы

Гісторыкі кіно сведчаць, што вынаходніцтва братоў Люм'ер магло застацца на ўзроўні таннага атракцыёна для кірмашовых балаганаў, калі б у 1915 годзе амерыканскі рэжысёр Дэвід Уорк Грыфіт не зрабіў рэвалюцыю ў сцэнарнай справе. Працуючы над стужкай "Нараджэнне нацыі", славуты кінематаграфіст не проста ўзяў у якасці асновы буйны літаратурны твор пісьменніка Томаса Дыксана "Чалавек клана", але і ўпершыню скарыстаў для экраннага відовішча раманную структуру літаратурнага твора. Стужка Грыфіта мела неверагодны поспех, а ўзровень кінаіндустрыі адразу прыўзняўся на некалькі прыступак і выклікаў зацікаўленасць у прыхільнікаў высокага мастацтва. Больш за тое, узбагаціўшыся здабыткамі сваёй літаратуры, кінамастацтва стала адным з асноўных падмуркаў нацыянальнай культуры ў самых розных краінах свету.

 Экранізацыі сталі ці не самым распаўсюджаным відам кінамастацтва. Добрая літаратура, "кінагенічная" сама па сабе, "прапануе" сцэнарыстам гатовыя сюжэты, а рэжысёрам - яркія, запамінальныя вобразы. Але годна перанесці іх на экран дадзена не кожнаму: зрабіць адпаведны літаратурнаму кінатвор удаецца далёка не кожны раз нават самым вопытным майстрам. Напрыклад, вышэйзгаданы Томас Дыксан не быў згодны з тым, як Дэвід Уорк Грыфіт перанёс яго твор на экран: існуе нават анекдот аб тым, як нязгодны з экраннай трактоўкай Дыксан у знак пратэсту пакінуў залу пад час прагляду... Прыхільнікі ж кнігі таксама часцяком застаюцца незадаволенымі тым, як рэжысёр і яго творчая група "ўбачылі" іх любімых герояў.

- З тым, што "Беларусьфільм" не звяртае ўвагі на айчынную літаратуру, на 100% пагадзіцца не даводзіцца, - каментуе загадчык аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член мастацкага савета Нацыянальнай кінастудыі, кандыдат мастацтвазнаўства Антаніна Карпілава. - У апошнія гады было даволі прыкладаў экранізацый, і гэта зразумела: наша краіна традыцыйна літаратурацэнтрычная, кніга ў нас, дзякуй богу, дасюль карыстаецца павышанай увагай. Але справа ў якасці, ва ўзроўні гэтых экранізацый: і раней шмат якія з іх па сваім духу не заўсёды адпавядалі першакрыніцам, былі занадта ілюстратыўнымі, так бы мовіць, "фальклорна-этнаграфічнымі". Таго ўзроўню пачуцця нацыянальнага менталітэту, самасвядомасці, духоўнай культуры нашага народа, якія закладзены ў творах літаратурнай класікі, здолелі дасягнуць лічаныя нашы кінематаграфісты. Як ці не самы ўдалы прыклад хачу прывесці стужку Валерыя Рыбарава "Чужая вотчына" па творах Вячаслава Адамчыка, у якой добра перададзены ўнутраны свет беларуса. Выбітнай трэба лічыць экранізацыю аповесці Васіля Быкава "Круглянскі мост", якую ажыццявіў Аляксандр Мароз. Але тое было ў 1980-я- "залатыя часы" нацыянальнага кіно, на жаль, у 1990-я і 2000-я годнага працягу працы з беларускай літаратурай на "Беларусьфільме" не было. Выключэннем трэба лічыць хіба што "Нябачаны край" Віктара Аслюка па прозе Міхася Зарэцкага, дзе рэжысёр вельмі трапна "размаўляў" на адэкватнай літаратурнай першакрыніцы экраннай мове. Усе астатнія нядаўнія спробы экранізаваць беларускіх пісьменнікаў выглядаюць надта ілюстратыўнымі або стылістычна састарэлымі.

Разбурыць стэрэатыпы!

- Творы беларускай літаратуры павінны выглядаць годна на экране- лепш іх не здымаць зусім, чым здымаць кепска! - член мастацкага савета і "Савета мэтраў" Нацыянальнай кінастудыі, рэдактар шматлікіх стужак, у тым ліку "Дзікага палявання караля Стаха" Валерыя Рубінчыка, Ізольда Кавелашвілі эмацыйна ўспрымае "праблемы росту" нацыянальнага кінамастацтва.

 - Хібы і пралікі рэжысёраў мінулых часоў трэба ўспрымаць з разуменнем, - лічыць яна. - Нашы кінематаграфісты вучыліся тады па-за межамі краіны, у Маскве і Ленінградзе, таму перадусім былі арыентаваны на рускую літаратуру, беларуская папросту не ўваходзіла ў іх тагачаснае "поле зроку". Сёння становішча змянілася, але нашы кінематаграфісты амаль развучыліся працаваць з літаратурнымі першакрыніцамі, пісаць паводле іх годныя сцэнарыі. Пакуль што мы бачым скарочаныя варыянты твораў, а не паўнавартасныя сцэнарыі. - Можна сказаць, што працэс этнічнай самаідэнтыфікацыі ў нашым кіно яшчэ не завяршыўся, - кажа Антаніна Карпілава. - Мы маем нарэшце перайсці ад вонкавага, павярхоўнага ўспрымання нацыянальнай літаратуры як "фальклорнага запаведніка" да паўнавартаснага асэнсавання яе ўсеабдымнага культурнага характару. Аднак наша літаратура, як і нацыянальны менталітэт, вельмі псіхалагічная, яна паглыблена ўнутр асобы чалавека, але не багатая на актыўныя падзеі, якія заўсёды з ахвотай увасабляюць кінематаграфісты. Беларускі класічны літаратурны герой аддае больш часу ўнутраным маналогам, чым нейкім рухам.

 - Беларуская літаратура - з'ява вельмі шырокая, у ёй існуюць самыя розныя, у тым ліку, жанравыя плыні, героі якіх дастаткова рухаюцца і здольны на самыя актыўныя ўчынкі, - не пагаджаецца пісьменнік і літаратурны крытык Людміла Рублеўская. - Можа сярод беларускіх твораў і не хапае такога запатрабаванага накірунку сучаснай літаратуры, як "фэнтэзі", але ўсяго астатняга - на любы густ. Як вядома, цікава і займальна можна экранізаваць нават тэлефонны даведнік - усё залежыць ад майстэрства пастаноўшчыка. На жаль, у адносінах да беларускай літаратуры дасюль дзейнічаюць пэўныя стэрэатыпы. Нашым кінематаграфістам можна параіць менш іх прытрымлівацца, а больш чытаць новых кніг, актыўней шукаць сярод іх матэрыял для экранізацый.

Што? Як? Калі?

З мерк а в а н н е м Людмілы Рублеўскай цяжка не пагадзіцца - вопыт нашых бліжэйшых суседзяў сведчыць аб тым, што цікавай можа быць не толькі нацыянальная класіка, але і сучасная проза. Як адзін з вельмі ўдалых прыкладаў можна прывесці стужку літоўскага рэжысёра Гіціса Лукшаса "Вір" па сучасным рамане Ромуалдаса Гранаўс к а с а , якая паўдзельнічала ў шэрагу міжнародных фестываляў, у тым ліку - кінапраграме апошняга "Славянскага базару ў Віцебску". А якія творы сучаснай беларускай літаратуры маюць шанцы на ўдалую пастаноўку?

- На экран "просяцца" кнігі Максіма Клімковіча, Уладзіміра Сцяпана, Людмілы Рублеўскай, Сяргея Балахонава, Уладзіслава Ахроменкі, многія з іх - амаль гатовыя сцэнары, - кажа дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук Аксана Бязлепкіна. - Да таго ж трэба вяртацца да класікі - "Беларусі ў фантастычных апавяданнях" Яна Баршчэўскага, "Чазеніі" і "Нельга забыць" Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, апошні ўдалы фільм па творах беларускай літаратуры, які я глядзела сама і паказваю на занятках студэнтам, быў "Франц + Паліна", зняты па аповесці Алеся Адамовіча расійскім рэжысёрам. Нам вельмі не хапае стужак, якія будуць прапагандаваць беларускія кнігі так, як гэта робіць карціна Анджэя Вайды "Пан Тадэвуш", дзе рэжысёру ўдалося спалучыць відовішчнасць і павагу да першакрыніцы. Хочацца таксама параіць нашым кінематаграфістам выбіраць больш рознабаковую тэматыку.

- Маё пакаленне літаратараў прапануе чытачу Беларусь як рамантычную краіну замкаў і мястэчкаў, - падтрымлівае Людміла Рублеўская. - У такім накірунку павінна рухацца і нацыянальнае кіно. Але гэта не значыць, што яму неабходна забыцца на класіку. Тая ж трылогія "На ростанях" можа быць сёння вельмі запатрабаванай у маладога гледача, трэба толькі зняць яе ў адэкватнай манеры, сучаснай кінамовай, у выглядзе якаснага тэлесерыяла, напрыклад. Цудоўнай і вельмі сучаснай можа выглядаць экранізацыя "Лабірынтаў" Вацлава Ластоўскага, з іх міфалагічнымі персанажамі.

- Не страцілі сваёй актуальнасці, а мо, нават, сталі яшчэ больш запатрабаванымі Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, - упэўнена Ізольда Кавелашвілі. - Нездарма адразу некалькі замежных рэжысёраў збіраюцца пачаць працу над стужкамі па творах нашых пісьменнікаў. А вось нашы планы наконт "Каласоў пад сярпом тваім", на вялікі жаль, пакуль пад пытаннем...

Сапраўды, самыя экранізаваныя з беларускіх пісьменнікаў ізноў уваходзяць у найбліжэйшыя праекты кінематаграфістаў: хутка на базе "Беларусьфільма" адна з расійскіх кампаній пачынае здымкі быкаўскага "Бліндажа", яшчэ адна маскоўская студыя плануе нанава паставіць "Чорны замак Альшанскі", прычым самастойна, без удзелу беларускага боку. Як ужо пісала "К", адзін з самых актуальных рэжысёраў сусветнага кіно Сяргей Лазніца прыступае да экранізацыі быкаўскай аповесці "У тумане", прычым, як ён паведамляе ў кожным інтэрв'ю, бачыць месцам для здымак стужкі толькі Беларусь.

Стужкі па творах такіх выбітных пісьменнікаў, як Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, не раз давалі нашай культуры шанц заявіць аб сабе на найвышэйшым узроўні - дастаткова прыгадаць "Альпійскую баладу" Уладзіміра Сцяпанава, "Узыходжанне" Ларысы Шапіцька, "Ідзі і глядзі" Элема Клімава, якія ўслед за літаратурнымі першакрыніцамі ўвайшлі ў склад лепшых твораў сусветнага мастацтва. Спадзяемся, "залатым запасам" нашай літаратуры ў бліжэйшы час будуць карыстацца не толькі замежныя, але і айчынныя кінематаграфісты, хаця бы на ўзроўні сумесных кінапраектаў....