Чатыры гігабайты Багдановіча

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

E-book: “модныя цацкі” без піратаў?

 

Безапеляцыйныя прагнозы адносна немінучай смерці "папяровай" кнігі, якія некалі рабілі многія футуролагі, цяпер асаблівага даверу ўжо не выклікаюць. Традыцыйны "носьбіт слова" пакуль не збіраецца станавіцца анахранізмам. Але ў яго з'явілася альтэрнатыва. Чытанне сёння ўжо не атаясамліваецца адно з кнігадрукаваннем. І наўрад ці каго збянтэжыць тое, што на сёлетнім Дні беларускага пісьменства будуць прэзентавацца не толькі кніжныя навінкі, але і электроннае выданне, падрыхтаванае Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 120-ых угодкаў Максіма Багдановіча.

Дыск "Паэт красы і гармоніі" мог бы мець і іншую назву: "Максім Багдановіч. Усё". І яна б зусім не была перабольшваннем. Гэта своеасаблівая мультымедыйная энцыклапедыя, якая змяшчаецца на адным DVD-носьбіце і ўключае не толькі поўны збор твораў класіка, але і падрабязную бібліяграфію выданняў, факсіміле рукапісаў і аўтографаў, прысвечаныя Багдановічу артыкулы розных гадоў, а таксама рэпрадукцыі больш як 60 твораў беларускіх мастакоў ды ноты песень, напісаных на вершы Максіма... Адным словам, сапраўды ўсё, што так ці іначай тычыцца яго постаці. Агулам- каля чатырох гігабайт.

Адпаведна, мэтавай групай гэтага дыска з'яўляюцца як "прасунутыя карыстальнікі" (для даследчыкаў і літаратуразнаўцаў ён папросту неацэнны), так і шматлікія аматары паэзіі Багдановіча.

- Думаецца, гэтае выданне будзе вельмі карысным для бібліятэк краіны, - кажа намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Кірухіна. - Тым больш, амаль кожная з іх ужо мае камп'ютар.

- А таксама яно спатрэбіцца настаўнікам ды вучням, - дадае загадчык сектара інфармацыйна-аналітычнага аддзела бібліятэкі Людміла Гушчынская.- Спадзяемся, дыск стане цудоўным метадычным дапаможнікам, базай для стварэння новых, арыгінальных сцэнарыяў урокаў. Добра "спрацуе" ён таксама і ў плане іміджу, засведчыўшы дзецям, што новыя тэхналогіі цудоўна дастасоўваюцца да беларускай класікі.

Падобных сведчанняў пакуль не так і шмат. Перайшоўшы выключна на "ebook", аматар беларускай літаратуры вельмі хутка пачне адчуваць сапраўдны "інфармацыйны голад". Асабліва ў тым выпадку, калі ён прынцыпова вырашыць карыстацца толькі легальным прадуктам.

Пакуль што айчынныя выдавецтвы не так і часта звяртаюцца да такога фармату, як электронныя выданні. Затое ніводнае з іх не з'яўляецца проста "моднай забаўкай". Гэта сапраўды актуальныя прадукты, увасобіць якія ў іншым выглядзе было б досыць праблематычна.

Стымул да чытання

/i/content/pi/cult/339/6295/4-2.jpg- Калі па шчырасці, да электронных кніг я стаўлюся скептычна, - "з парога" заявіў дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Уладзіслаў Мачульскі. - Ці зручна вам чытаць з экрана, скажам, паэзію альбо добрую прозу? Мне - не. І я ведаю, што нават людзі маладзейшага пакалення - прыкладам, мае дзеці- адчуваюць такі самы дыскамфорт і таму аддаюць перавагу менавіта традыцыйным выданням. Кнігу можна патрымаць у руках, пачуць шолах яе старонак, яна і сама па сабе з'яўляецца сінтэтычным творам розных мастацтваў...

У той самы час, дырэктар найбуйнейшага дзяржаўнага выдавецтва краіны падкрэслівае, што гэта - яго прыватная пазіцыя. І яна мае куды меней значэння за "голас" большасці чытачоў.

- Задача выдаўца - каб кніга была запатрабавана. У якім фармаце - гэта ўжо пытанне другаснае, - перакананы Уладзіслаў Мачульскі.- І таму калі электронныя выданні займеюць большую папулярнасць, калі яны будуць спрыяць папулярызацыі айчыннай літаратуры, мы гатовы засвойваць гэтую нішу больш актыўна. Калі людзі захочуць чытаць з экрана, яны атрымаюць такую магчымасць.

На сёння карыстальнікі электронных кніг нават у Заходняй Еўропе складаюць усяго 10% ад агульнай колькасці чытачоў. Ды, разам з тым, іх лік паступова расце- разам з імклівым зніжэннем цэн на "чыталкі" ды розныя іншыя кішэнныя "дывайсы" з вялікім экранам. Натуральна, гэтая тэндэнцыя хутка "адгукнецца" і ў нас.

Заходнія аналітыкі, абазнаныя ў псіхалогіі сучаснага чалавека, лічаць, што гэтыя інавацыі адно толькі павялічваюць інтарэс да чытання як такога: той, хто ўжо даўно не трымаў у руках кнігу, можа зноўку стаць чытачом, набыўшы "модную цацку".

- Некаторыя маладыя людзі прызвычаіліся спажываць інфармацыю толькі ў электронным выглядзе і апошні раз былі ў кнігарні... ніколі, - кажа Уладзіслаў Мачульскі. - Буду вельмі рады, калі дзякуючы новым тэхналогіям яны падахвоцяцца да чытання.

Што да канкурэнцыі з друкаванай кнігай... За лёс апошняй дырэктар "Мастацкай літаратуры" спакойны:

- Нярэдка мне даводзілася сутыкацца з такімі выпадкамі: чалавек спярша чытае тую ці іншую кнігу ў Інтэрнэце, а потым купляе папяровае выданне. Пагадзіцеся, адна справа - убачыць нейкі помнік архітэктуры на здымку, а зусім іншая - на ўласныя вочы. Але ж фота можа стаць добрым стымулам выправіцца на экскурсію.

Дыск замест шафы

 Сапраўды, электронныя "чыталкі" не маюць прыемнага водару друкарскай фарбы. Затое яны могуць валодаць іншымі прывабнымі для карыстальніка опцыямі. Прыкладам, прачытаўшы любімы верш, можна тут жа ўключыць напісаную на гэтыя словы песню. Альбо ўбачыць, як той ці іншы літаратурны герой быў увасоблены ў кіно, супаставіўшы свае ўяўленні з поглядам рэжысёра. Сучасныя "дывайсы" ўсё гэта дазваляюць.

Пра мультымедыя-кнігі гавораць апошнім часам шмат, але пакуль што звыклы для нас "альтэрнатыўны" фармат - гэта ўсяго толькі электронная версія тэксту. Выданні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дэманструюць куды большы спектр магчымасцей. На згаданым вышэй дыску можна знайсці песні на вершы Багдановіча, фрагменты прысвечаных яму дакументальных фільмаў...

Уладзіслаў Мачульскі разглядае электронныя выданні перадусім не як адпаведнікі папяровым, але як дадаткі да іх. Прыкладам, звычайная кніга не можа гаварыць гол а сам свайго аўтара, але калі да яе далучаецца кампактдыск... Таму плануецца, што падпісчыкі 25-томнага збору твораў Караткевіча, выданне якога распачнецца ўжо неўзабаве, змогуць не толькі пачытаць, але і пачуць вершы класіка - у тым ліку, і ў аўтарскім выкананні. Балазе, выпушчаны выдавецтвам дыск "Быў. Ёсць. Буду", які дае такую магчымасць, сёння ўжо і не знойдзеш на паліцах крамаў.

У папяровым фармаце нельга ўявіць і MP3-зборнік твораў беларускіх паэтаў ды песень на гэтыя вершы, які таксама выйшаў у "Мастацкай літаратуры". Некаторыя з яго дарожак - папраўдзе ўнікальныя.

- Слухач можа пачуць галасы Янкі Купалы, Якуба Коласа, многіх іншых класікаў,- распавядае складальнік выдання Зося Кустава. - "Сымона-музыку" спецыяльна для гэтага выпадку пагадзіўся агучыць Міхась Міцкевіч, паэма "Курган" прадстаўлена ў выкананні знакамітага Ільі Кургана. Уласна, дыск выдадзены не толькі для аматараў літаратуры, але таксама і для тых школьнікаў, якія замест хатняга чытання любяць катацца на роліках. Уключыў MP3-плеер - і наперад! Можа, з гэтага пачнецца іх цікавасць да беларускай літаратуры?

У ліку пераваг электронных выданняў зазвычай згадваюць дзве: кошт і аб'ём. І сапраўды, цяжка нават падлічыць, які аб'ём мела б "энцыклапедыя" Багдановіча, калі б яе ўвасобілі на паперы.

- Гэта была б цэлая паліца важкіх кніг,- кажа Людміла Кірухіна.

Зося Кустава дэманструе дыск з рэпрадукцыямі твораў мастацтва - ад Рафаэля і да Селешчука. Паліграфічным аналагам такога прадукту мог бы стаць шыкоўны поўнакаляровы альбом. Школьнікам, на якіх гэтае выданне разлічана, ён быў бы папросту не па кішэні.

 - Школьная праграма прадугледжвае напісанне сачыненняў паводле пэўных твораў выяўленчага мастацтва, - распавядае Зося Кустава. - Але праблема ў тым, што знайсці іх якасныя рэпрадукцыі сёння вельмі цяжка. І бляклая копія "Сіксцінскай мадонны", якая нават паводле сваіх колераў не адпавядае арыгіналу, наўрад ці можа паслужыць добрым навучальным дапаможнікам.

Першыя паўнавартасныя электронныя выданні з'явіліся ў нашай краіне яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі. У 2004 годзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала дыск "Літаратурная спадчына Беларусі ХІ - ХХ стагоддзяў". Неўзабаве саспела і ідэя той серыі, якую сёння неафіцыйна называюць "залатой". Дыск, прысвечаны Багдановічу, стаў ужо трэцім у ліку такіх энцыклапедый. І кожнай з іх папярэднічае доўгая і карпатлівая праца.

- Яшчэ ў 50-ыя гады сістэмныя даследаванні пачала супрацоўніца нашай бібліятэкі Ніна Ватацы, - распавядае Людміла Гушчынская. - Гэта была праца яе жыцця. І яна стала асновай для гэтага дыска, удзел у стварэнні якога ўзяў вялікі аўтарскі калектыў як з Бібліятэкі, гэтак і з Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ды іншых арганізацый.

Кніжныя піраты /i/content/pi/cult/339/6295/4-1.jpg

Дыск, прысвечаны Максіму Багдановічу, вылучае і яшчэ адна акалічнасць: яго змест цалкам адпавядае беларускаму заканадаўству ў сферы аўтарскага права. Як адзначыла Людміла Кірухіна, стаўленне ўкладальнікаў да гэтага пытання было вельмі сур'ёзным. Але ж, у цэлым, такі падыход зусім не ўласцівы для распаўсюду электронных тэкстаў - прынамсі, на постсавецкай прасторы.

Мала хто ведае, што першыя зафіксаваныя парушэнні аўтарскіх правоў адбываліся менавіта ў сферы кнігадрукавання. І менавіта нелегальных выдаўцоў у XVII стагоддзі сталі прыпадабняць да марскіх разбойнікаў. Але ў ХХ стагоддзі пра кніжнае пірацтва амаль не было чуваць, нават і тэрмін такі не прыжыўся. Якніяк, надрукаваць кантрафактнае выданне не так і лёгка.

Аднак з пераводам кніг у электронны фармат сітуацыя рызыкуе істотна змяніцца. Бо, як паказвае практыка, усё, што становіцца файлам, рана ці позна апынаецца ў вольным доступе на адным з Інтэрнэт-парталаў альбо торэнт-трэкераў. І пачынае жыць сваім жыццём, незалежным ад праваўладальніка. У постсавецкай вэбпрасторы такі алгарытм - непазбежны. І ніякія тэхнічныя спосабы абароны інфармацыі тут не панацэя. Таму Зося Кустава лічыць патрэбным стварэнне для піратаў менавіта юрыдычных бар'ераў.

Як адзначыў начальнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Бічурын, у айчынным заканадаўстве такія бар'еры даўно існуюць: яно поўнасцю адпавядае міжнародным стандартам. Але ж паўнавартаснае заканадаўчае рэгуляванне сучаснага інфармацыйнага поля сёння падаецца справай надзвычай праблематычнай.

 - Яна патрабуе ад праваўладальніка немалых высілкаў ды выдаткаў, а вось плён можа быць сумнеўным, - кажа Аляксей Бічурын. - На месцы аднаго пераможанага пірата зазвычай адразу з'яўляецца некалькі новых. Таму я перакананы: толькі жорсткімі мерамі праблему не вырашыць. Патрэбны нейкі кампраміс паміж цягай сучаснага чалавека да няспыннага абмену інфармацыяй ды інтарэсамі праваўладальнікаў. Якімі будуць новыя бізнес-мадэлі, сказаць пакуль цяжка - буйныя "гульцы" на рынку інтэлектуальнай уласнасці яшчэ толькі асэнсоўваюць сённяшні стан рэчаў. Але цалкам лагічна прагназаваць тое, што аўтарскія адлічэнні з адной адзінкі прадукцыі будуць змяншацца. Магчыма, гэта ўдасца кампенсаваць праз рост накладу альбо нейкімі іншымі спосабамі.

 Для камерцыйных выдавецтваў гэта - праблема. Але ёсць тыя нішы, дзе вольны распаўсюд інфармацыі можа толькі вітацца. Гэта сацыяльна значная або навуковая літаратура, якая не ставіць за мэту атрыманне прыбыткаў. Ці, скажам, творы маладых аўтараў, чые даходы ад продажу вельмі рэдка дазваляюць вярнуць нават выдаткі на друк.

 - Калі нашы кнігі крадуць з выставачных стэндаў, я і шкадую адначасова, і радуюся, - прызнаўся Уладзіслаў Мачульскі. - Бо гэта - не толькі страты, але і своеасаблівае прызнанне нашых заслуг: на дрэнную кнігу ніхто б не паквапіўся. Тое самае тычыцца і пірацтва. Урэшце, наша выдавецтва - арганізацыя не столькі камерцыйная, колькі менавіта выхаваўчая, ідэалагічная. І гэты прыярытэт неабходна ўсведамляць. Мы выдаем сацыяльна значную літаратуру і гатовы несці фінансавыя страты дзеля павелічэння грамадскага эфекту нашай дзейнасці. Будзем толькі рады, калі нашы кнігі займеюць болей чытачоў - якім бы спосабам гэта ні адбывалася.