Біенале? Штогадовы!

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Менавіта гэта адзін з вынікаў ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Якія яшчэ тэндэнцыі і перспектывы высветліў сёлетні форум?

/i/content/pi/cult/339/6294/6-1.jpgФармат - без новых хітоў?

 Нацыянальная песня і паэзія: тэндэнцыі, праяўленыя фестывалем

Вярнуўшы сабе тры дні замест аднаго, джазі рок-канцэрты, аўтарскія вечарыны і "круглы стол", дапоўніўшы музыку і літаратуру тэатрам, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне вырашыў вярнуць і штогадовы фармат - замест цяперашняга біенале, калі ён праводзіўся раз у два гады.

 Канкурсанты-канкурэнты

Праслухаўшы ўсіх (іх было дваццаць) удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў, якому быў аддадзены першы фестывальны дзень, Гран-пры члены журы вырашылі не прысуджаць, прычым аднагалосна. Ганаровы прыз імя У.Мулявіна справядліва дастаўся Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам. Першую прэмію атрымала драйвавая, з джазавым вакалам Кацярына Худзінец з Жодзіна. Другую прэмію падзялілі лірычны, шчыры, з кранальнай цеплынёй у голасе Дзяніс Пацэвіч - маладзечанец - і самая маладая канкурсантка, 18-гадовая Дар'я Кудрыцкая, якая вучыцца ў Гродне. На трэцім месцы апынуліся адразу трое. Саліст Гомельскай філармоніі Андрэй Коласаў, вядомы па леташнім лаўрэацтве на "Славянскім базары ў Віцебску", харызматычная студэнтка Універсітэта культуры і мастацтваў Радміла Сямёнава, вядомая па праекце "Новыя галасы Беларусі", і надзвычай музычны Яўген Доліч - таксама выхаванец Мінскага каледжа мастацтваў і ўжо першакурснік БДУКіМ.

Такім чынам, перамагалі тры рэчы: прафесіяналізм (а ён уключае голас, густ і падрыхтоўку), асабістае стаўленне да песні і энергетыка, якая вызначаецца не тэмпам, а тымі "нітачкамі", што спявак працягвае ў залу.

Конкурс, як заўсёды, выявіў і слабыя месцы ўдзельнікаў. Адразу "кідаліся ў вушы" хібы вакальнай падрыхтоўкі. І, што цікава, незалежна ад пройдзенага курсу навучання. Не ўсе, на жаль, "жылі песняй", уваходзячы ў вобраз з першай ноты ўступу. Камусьці папросту не хапала густу: і ў знешнім выглядзе, і ў апрацоўцы абранай песні. Затое хапала рэстараннай манеры, зусім не прыдатнай для канцэртнай залы.

Асобных заўваг вымагаў рэпертуар выканаўцаў. Маэстра Фінберг правёў вялікую папярэднюю працу, замяніўшы некаторыя аматарскія творы на прафесійныя. Але такі пошук і адсеў павінны весці, насамрэч, самі ўдзельнікі! Апошнім часам практычна на ўсіх конкурсах унутры рэспублікі стаў абавязковым нацыянальны рэпертуар. А між тым, ён ёсць далёка не ва ўсіх. Таму, рыхтуючыся да творчага спаборніцтва, некаторыя папросту хуценька "здымаюць" песню, бы пінжак з чужога пляча. У выступленнях пад фанаграму літаральна мільгалі адна за другой аранжыроўкі 10 - 15-гадовай даўніны. Прычым падаваліся яны адразу "ў камплекце": разам са знятымі спеўнай манерай і нават сцэнічным строем, які разам з песняй пераходзіць з аднаго рэгіянальнага конкурсу на другі.

А ці ўлічваўся ў апрацоўках вобразны складнік песні? Часам пранікнёная лірычная кампазіцыя ператваралася ў амаль "разборкі на раёне". А знакамітыя мулявінскія "Завушніцы" прагучалі ў "перакладзе" для дзявочага выканання. Словы, вядома, давялося крыху змяніць, але ўсё роўна логіка і ўнутраная псіхалогія песні аказаліся парушанымі.

Састарэлым уяўляецца прынцып адбору, калі кожная вобласць і Мінск дасылаюць у Маладзечна па трое канкурсантаў. Вядома, ахапіць трэба ўсе рэгіёны, але хай у фінал трапляюць лепшыя, незалежна ад геаграфіі.

 Шмат пытанняў узнікала і ў сувязі з самімі ўмовамі конкурсу, якія сёлета практычна не выконваліся. Можа, яшчэ і таму, што калі папраўдзе прытрымлівацца Палажэння аб конкурсе, чатырох удзельнікаў (і з іх - дваіх лаўрэатаў) давялося б не дапусціць да спаборніцтва. Так, замест песень айчынных аўтараў на беларускай мове гучалі дзве кампазіцыі ўкраінца ў перакладзе на нашу. Дый сярод песень з творчай спадчыны У.Мулявіна аказаліся дзве рускамоўныя, з іх адна- расійскага кампазітара. Як высветлілася, канкурсанты і іх выкладчыкі часта папросту не ведаюць, чые песні спяваюць. У пададзеных імі заяўках песні або заставаліся "ананімнымі", або былі прыпісаны не тым аўтарам. Дзесьці стаяла толькі адно імя, нават знакамітая "Спадчына" І.Лучанка чамусьці аказалася без аўтара слоў- Янкі Купалы. Ды і абавязковы зварот канкурсантаў да песняроўскай творчасці, безумоўна, - вялікая адказнасць. І не кожны нават з прафесійных салістаў аркестра, як паказаў канцэрт адкрыцця, здольны канкурыраваць з У.Мулявіным. А тут - пачаткоўцы! Майстар-класам для іх магла б стаць "Малітва" ў выкананні Пятра Ялфімава, з прапісаным "голасам анёла" (ціхім фальцэтам самога спевака) у мінусовай фанаграме.

Парасон для пары "сонгаў"

 Яшчэ адной праверкай на прафесіяналізм сталі тры канцэрты ў новым Амфітэатры. Літаральна за некалькі гадзін да першага мастак Веніямін Маршак намагаўся давесці да ладу не толькі сцэнаграфію, але і, хаця б трошкі, акустыку. Яе пачатковыя ўмовы не самыя спрыяльныя. Дах у форме крылаў матылька выглядае рамантычна, але яго металічнае абсталяванне стварае так званы "эфект бляшанкі". Адсутнасць сцяны ззаду сцэны адкрывае прыгожы від на возера з каляровымі фантанамі ды катамаранамі. Але гэта "труба", што прадзімаецца наскрозь, адносіць гук ад залы, і яе было вырашана прыкрыць дэкаратыўнай шырмай-ракушкай.

 У неабходнасці далейшага ўдасканалення збудавання, адметнага паводле знешняга выгляду, пераканана і дырэктар Палаца культуры г.Маладзечна Святлана Сарока, у чыё распараджэнне перададзены Амфітэатр: "Мы ўжо замовілі празрысты "парасон" над сцэнай. Ён не сапсуе архітэктурную задуму, але абароніць ад дажджу. Прыдбаем і спецыяльныя пакрыцці на падлогу, бо пакуль яна, бачыце, проста драўляная. Па баках, закрыўшы будынкі з грымёркамі, змесцім два вялізныя экраны. Галоўнае, што ў нас цяпер ёсць Амфітэатр, пра які мы так марылі".

 Рок і "Крок" /i/content/pi/cult/339/6294/6-2.jpg

А як ажылі ўсе пляцоўкі ў фестывальныя дні, як расквеціліся музыкай і паэтычным словам! Першымі апрабавалі сцэну Амфітэатра ўдзельнікі канцэрта "Маладзечна. Рок" (некаторыя СМІ нават радасна канстатавалі, што рок узнік на фестывалі ўпершыню, хаця ў 1990-я такія канцэрты былі куды больш прадстаўнічымі і працяглымі). На Музычным падворку "бруіліся", перацякаючы ад аднаго выступоўца да другога, вершаваныя радкі: тут выступалі і вядомыя паэты-прафесіяналы, і аматары з пачаткоўцамі. Зала Палаца, развітаўшыся з канкурсантамі, у наступныя дні станавілася то востравам дзяцінства, то музычным салонам, дзе ў выкананні камерных складаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра і сімфанічнага аркестра ММВ імя М.К.Агінскага гучала музыка А.Туранкова, Р.Пукста, Д.Лукаса, П.Падкавырава.

Меў фестываль і своеасаблівую "ціхую кульмінацыю" - знешне просты, але папраўдзе шчымлівы "Вечар" А.Дударава, пастаўлены ў Маладзечне роўна дзесяцігоддзе таму. Урачыстай кульмінацыяй стаўся, вядома, канцэрт адкрыцця, дзе фінбергаўцы прапанавалі праграму да 70-годдзя з дня нараджэння У.Мулявіна. Заключным фестывальным акордам была "джазавая ноч", праведзеная славутым калектывам М.Фінберга ў маладзечанскім Палацы. Ёй папярэднічаў гала-канцэрт закрыцця фестывалю ў Амфітэатры. Малады рэжысёр Марыя Траццякова, выхаванка знакамітага Вячаслава Паніна, зрабіла фінальны гала дынамічным, каб гледачы не спазніліся на джаз. І пры гэтым не адмовілася, як часам робяць іншыя, ад шматлікіх вершаў, якімі аўтар сцэнарыя паэт Алесь Бадак шчодра перасыпаў тэкст вядучых. Сапраўдным адкрыццём стаў праект "Крок" Яўгеніі Чарнышовай, якая выкладае эстрадны танец у БДУКіМ. Адметныя "падтанцоўкі" гэтага калектыву глядзеліся як самадастатковыя харэаграфічныя кампазіцыі-кліпы. Аднаго ў канцэрце не хапала - каб называлі аўтараў усіх, а не толькі асобных песень. Цікава, ці з'явяцца іх імёны ў заўтрашняй тэлеверсіі канцэрта?..

 ■ ■ ■

ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне паказаў, наколькі, насамрэч, запатрабавана нацыянальнае эстраднае мастацтва і беларускае слова сярод гледачоў. На думку народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга - мастацкага кіраўніка і аднаго з арганізатараў свята, старшыні журы сёлетняга Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў, кіраўніка Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, і многіх іншых удзельнікаў маладзечанскага форуму, такі фестываль павінен мець яшчэ больш шырокі разгорт. Як вобразна заўважыў паэт Алесь Бадак, "цэнтр беларускай песні знаходзіцца ў Маладзечне". А значыць, як гаварылі ўсе ледзь не ў адзін голас, фестываль неабходна ладзіць штогод. Такая сістэмнасць і стабільнасць у яго правядзенні падштурхне кампазітараў, паэтаў, выканаўцаў да такой жа штодзённай працы на ніве беларускамоўных песень.

Нацыянальнай культуры ёсць чым ганарыцца. І ёсць пляцоўкі, дзе можна ўсё гэта паказаць вялікай колькасці гледачоў. Свята ў Маладзечне можа стаць адной з такіх самых шырокіх прэзентацый, падводзячы вынік песеннай творчасці за год. Гэтаму павінен спрыяць і конкурс на лепшую песню, які таксама мог бы праводзіцца ў межах фестывалю. А стварэнне фестывальнага сайта стане дадатковай папулярызацыяй нашага форуму не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

Прэстыж фестывалю вызначаецца і тымі гасцямі, якія на яго прыязджаюць. Некалькі гадоў таму ўжо ўзнімалася пытанне аб магчымым запрашэнні ў Маладзечна замежных зорак. Сёння, калі фестываль атрымаў Амфітэатр, да гэтай магчымасці запрашэння, пэўна, можна вярнуцца. Песні беларускіх аўтараў ёсць у рэпертуары многіх зорак. Дык чаму б не заспяваць іх на фестывалі, пабеларуску?

Але перспектывы фестывалю сталі толькі часткай зацікаўленай размовы на "круглым стале", што прайшоў у апошні фестывальны дзень. Галоўнай тэмай абмеркавання стала "Беларуская песня: сучасны фармат". Будуць новыя хіты - будзе і фестываль. Больш падрабязна пра яго вынікі і перспектывы - у наступным нумары "К".

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Маладзечна - Мінск

Фота Анатоля БАСАВА  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"