Тры прыярытэты рэктара Інстытута культуры Беларусі

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Пра кадры, навуку і міжнародныя стасункі

/i/content/pi/cult/339/6293/3-3.jpg29 жніўня рэктарам Інстытута культуры Беларусі стаў дацэнт кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Янка Крук. Натуральна, "К" адразу ж пацікавілася, якія прыярытэты вызначыў для сябе новы кіраўнік, з чаго збіраецца распачынаць упарадкаванне ўстановы і ў чым бачыць яе далейшую перспектыву.

- На другі дзень маёй працы на новай пасадзе, - распачаў Янка Крук, - мы з супрацоўнікамі Інстытута досыць працяглы час займаліся аналізам напаўнення нашага сайта, яго прэзентабельнасці... Паколькі мы "перанарадзіліся" і распачынаем новы этап дзейнасці, таму варта заявіць аб сабе, патлумачыўшы, чым канкрэтна будзе займацца ўстанова... У якасці асноўных - тры кірункі дзейнасці, кожны з якіх вымагае неадкладнага вырашэння канкрэтных праблем.

- Што за кірункі, і ў чым выйсце з праблем?

- Павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры, на мой погляд, немагчымы без стварэння глабальнай інфармацыйнай базы даных, дзе варта прадставіць літаральна кожнага чалавека, задзейнічанага ў сферы. Усё гэта для таго, каб наперад бачыць, хто і ў які час будзе павышаць кваліфікацыю і што за патрэбнасці мае... Асобная праграма будзе тычыцца кіраўнікоў культуры на розных узроўнях.

- Пры Інстытуце, наколькі ведаю, ужо створаны Рэспубліканскі савет кіраўнікоў абласных метадычных цэнтраў на чале з дырэктарам Магілёўскага АМЦНТ Алегам Хмяльковым. Як збіраецеся яго задзейнічаць?

 - Разам з саветам будзем распрацоўваць праграму сумеснай дзейнасці. І просім Інфацэнтр "Культура", каб ён стаў тым "палігонам", на якім мы збіраемся ладзіць штоквартальныя "круглыя сталы" па стратэгічных узаемакарысных тэмах і дзеля высвятлення найбольш актуальных пытанняў.

Другі кірунак - гэта стварэнне навуковых лабараторый, што пацягне за сабой забеспячэнне адпаведных матэрыяльна-тэхнічных умоў. Значыць, будзем шукаць спонсараў, працаваць з замежнымі арганізацыямі. Трэці кірунак - міжнародныя сувязі. Ёсць ідэя міністра культуры, каб у Берліне, Варшаве, Вільнюсе, Маскве і Кіеве стварыць своеасаблівыя філіялы нашага інстытута, дзе будзе прэзентавацца айчынная культура для беларускай дыяспары. Вельмі цікавы кірунак дзейнасці. Думаю, ён будзе адным з прыярытэтных.

Цікавіўся

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА  

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"