Іх — сем! Ці больш?

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Сем прэм’ер за 79-ы сезон — такія абавязкі паставіў перад сабой Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Адлік, як кажуць, пайшоў: не паспеў сезон адкрыцца 1 верасня, як ужо 9-га і 12-га — прэм’ера “Севільскага цырульніка” Дж.Расіні.

/i/content/pi/cult/339/6291/3-2.jpg Галоўным адрозненнем выканальніцкіх складаў, якія будуць заняты ў спектаклі ў гэтыя дні, стане... асоба дырыжора. Спярша спектакль правядзе італьянскі маэстра Джанлука Марчыяна, які выступаў пастаноўшчыкам, а 12-га за пультам будзе наш Мікалай Калядка. Салісты ўжо вызначаны: Разіна - Таццяна Гаўрылава, граф Альмавіва - Юрый Гарадзецкі, Фігара - Станіслаў Трыфанаў. Іншых выканаўцаў гэтых партый можна будзе ўбачыць у наступных спектаклях, бо гэта пастаноўка, па словах рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ, надзвычай складаная для артыстаў і патрабуе сцэнічных рэпетыцый з кожным з іх, на што пакуль нават фізічна не заставалася часу. Джанлука Марчыяна не стамляецца ўхваляць нашу трупу: "Не так часта даводзіцца працаваць з рэжысёрам, які меў бы музычную адукацыю, як у вас. А Станіслаў Трыфанаў - гэта фантастыка! Ён здольны і на "каларатуры", і на сакавітыя басовыя ноты. Маё ж галоўнае патрабаванне пры выкананні музыкі Расіні - каб усе спявалі лёгка і нязмушана". Узрушаны праведзенай працай і М.Панджавідзэ: "Я ў захапленні ад артыстаў! І хаця раней ажыццяўляў тут ужо тры оперныя пастаноўкі ("Набука", "Тоска", "Аіда"), па-сапраўднаму парадніўся з трупай менавіта на "Севільскім цырульніку".

Далейшыя прэм'еры сезона не менш цікавыя. Гэта, паводле храналогіі будучых прэм'ер, аднаактовыя балеты "Шахеразада" і "Тамар", якія ствараліся стагоддзе таму для "Рускіх сезонаў" у Парыжы, а цяпер будуць пастаўлены ў нас Андрысам Ліепам; опера "Лючыя дзі Ламермур" Г.Даніцэці; балеты "Жызель" А.Адана ў пастаноўцы Мікіты Далгушына і "Анюта" В.Гаўрыліна "ў прачытанні" Уладзіміра Васільева. Нарэшце, опера "Турандот" Дж.Пучыні і, можа быць, "Яўген Анегін" П.Чайкоўскага, запланаваны ўжо надалей. Рыхтуючыся да юбілейнага 80-га сезона, які пройдзе ў 2012 - 13 гг., тэатр дбае пра беларускія прэм'еры. Імі стануць новая рэдакцыя оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага ў пастаноўцы М.Панджавідзэ і балет "Князь Вітаўт" Вячаслава Кузняцова, які будзе ўвасоблены Юрыем Траянам.

Намячаюцца ў тэатры і іншыя творча-арганізацыйныя навінкі. Хутка адбудзецца праслухоўванне ў стажорскую групу, якая ствараецца пры тэатры. Яе кіраўніком прызначана знаная оперная салістка Наталля Руднева. Пастаяннымі стануць і гастрольныя выезды па абласных і іншых гарадах Беларусі. Працягнуцца замежныя гастролі, залогам чаго з'яўляецца падпісанне шэрагу кантрактаў і дамоў. Калядны форум зрушыцца бліжэй да Ражджаства - 17 - 22 снежня. А ў адной з адноўленых залаў палаца Радзівілаў у Нясвіжы адкрыецца філіял Камернай залы тэатра імя Л.Александроўскай.

На здымку: сцэна з оперы "Аіда".