Башмет і “Акіян...”

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, які праходзіць у Мінску з 2006 года, не раз прыносіў мноства сюрпрызаў аматарам музыкі. Але сёлетняя праграма, разлічаная на дзесяць першых кастрычніцкіх дзён, павінна, падобна на тое, пераўзысці ўсе чаканні.

/i/content/pi/cult/339/6290/3-1.jpg Сапраўды, калі такое было, каб паслухаць музыку хадзілі не ў філармонію, а ў цырк? Хіба ў 1960-я, калі менавіта там і больш нідзе можна было пачуць джаз - у выкананні аркестра цырка. На гэты раз "увесь вечар на арэне" правядзе старэйшы філарманічны калектыў - Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, прычым іграць ён будзе шэдэўры акадэмічнай класікі. У першым аддзяленні можна будзе пачуць сімфонію з саліруючым альтом "Гарольд у Італіі" Г.Берліёза. Саліраваць, вядома, будзе галоўны герой фестывалю Юрый Башмет, якога яшчэ ў маладосці пачалі называць Паганіні альта. Яшчэ большай нечаканасцю стане другое аддзяленне, дзе прагучаць фрагменты з усіх трох балетаў П.Чайкоўскага: "Лебядзінага возера", "Спячай прыгажуні" і "Шчаўкунка".

- Такога яшчэ не было! - узрушана распавядае дырэктар і мастацкі кіраўнік фестывалю, піяніст Расціслаў Крымер. - Гімнасты рыхтуюць спецыяльныя нумары, і пад гэту балетную сюіту пад купалам разгорнецца шыкоўнае, вельмі рамантычнае відовішча. Нагадаю, адкрыццё фестывалю будзе 1 кастрычніка. Не менш узрушыць і закрыццё, якое пройдзе 10-га ў Палацы спорту. У канцэрце "Класіка сустракае рок" беларускі філарманічны аркестр выступіць разам са знакамітым украінскім рок-гуртом "Акіян Эльзы" - каментарыі тут, бадай, залішнія.

Але не трэба думаць, што такім эпатажным будзе ўвесь фестываль. Як заўсёды, на ім знойдзецца месца і для цалкам акадэмічных канцэртаў вышэйшай пробы. Акрамя самога Юрыя Башмета прыедзе і яго славуты калектыў "Салісты Масквы". Адбудзецца сольны канцэрт вядомага расійскага піяніста Мікалая Луганскага. Заўсёднік фестывалю Васіль Лабанаў сыграе Фартэпіянны канцэрт Альфрэда Шнітке (дадам, што менавіта гэтаму музыканту Альфрэд Шнітке прысвячаў свае фартэпіянныя творы, ён жа заўсёды быў іх першым выканаўцам). Пашырыцца і кола салістаў: вы пачуеце і флейту, і цымбалы. Паводле традыцыі, паралельна з фестывалем адбудзецца Маладзёжная акадэмія, якой таксама кіруе Юрый Башмет.

- Улічваючы вашы колішнія пажаданні, выказаныя на старонках газеты "Культура", - зазначыў Расціслаў Крымер, - на фестываль зноў вернецца практыка беларускіх сімфанічных прэм'ер. Калі раней такія творы мы замаўлялі прызнаным майстрам, сапраўдным мэтрам беларускай музыкі Галіне Гарэлавай, Вячаславу Кузняцову, дык цяпер вырашылі звярнуцца да маладога, але перспектыўнага кампазітара Канстанціна Яськова. Ён рыхтуе да фестывалю фантазію для цымбалаў і сімфанічнага аркестра, саліраваць будзе лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Вераніка Прадзед.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"