Буккросінг у Дзень горада

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Сёлетні Дзень горада Мінска пройдзе пад дэвізам “Энергіі і інтэлекту час, славуты Мінск, ты выбіраеш нас!”. І ўжо гэты пасыл абумовіў крэатыўнасць святочных мерапрыемстваў.

/i/content/pi/cult/339/6287/2-3.jpgЯк адзначыла начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава, агулам такіх імпрэзаў 10 верасня адбудзецца болей за 60 - на любы, нават самы прыдзірлівы густ. Некаторыя з іх пройдуць упершыню і, можа, запачаткуюць традыцыю.

Сёлетняе свята горада ўвойдзе ў гісторыю хаця б па той прычыне, што ў яго дзень адбудзецца адкрыццё двух аб'ектаў, якія для Мінска з'яўляюцца "брэндавымі". Наведвальнікі знакамітага Лошыцкага парку здолеюць не толькі ацаніць яго рэканструкцыю, якая завяршылася пакуль толькі часткова, але і "ўнурыцца ў даўніну" дзякуючы адмысловай канцэртнай праграме.

Колішняя Царква Святога Духу, якая некалі лічылася адным з самых прыгожых будынкаў Мінска, адрадзілася з нябыту літаральна на нашых вачах ужо ў іншай іпастасі. 10 верасня ў гэтай новай-старой адметнасці адкрыецца новая ўстанова культуры - канцэртная зала "Верхні горад", ці, іншымі словамі, Дзіцячая філармонія.

А непадалёк ад яе, на знакавай для гісторыі горада плошчы Свабоды, упершыню разгорнецца "Мінская мастацкая гасцёўня", удзел у якой возьмуць літаратары і мастакі. Яшчэ адна інавацыя свята - першая маштабная акцыя моднага сёння буккросінгу з красамоўным дэвізам "Стань чытачом".

- Завядзёнка вольна мяняцца кнігамі ўжо з'явілася ў некаторых сталічных бібліятэках, - распавяла карэспандэнту "К" Віталіна Рудзікава. - І вось, мы ўпершыню паспрабуем правесці нешта падобнае на плошчы, у рамках вялікага свята.

Яшчэ адна інавацыя - маштабны фэст вулічных музыкаў, які ладзіцца ў Траецкім прадмесці па ініцыятыве Маладзёжнай палаты пры Мінскім гарсавеце дэпутатаў. Удзел у ім можа ўзяць кожны ахвотны, без залежнасці ад прафесіяналізму і "творчага стажу".

Адметна і тое, што адным з эпіцэнтраў Дня горада сёлета будзе Парк Перамогі. Удзень там размесцяцца адразу некалькі канцэртных пляцовак, а ўвечары над Камсамольскім возерам прагучыць фінальны акорд свята - музычны феерверк.

На здымку: у гэтым будынку размесціцца канцэртная зала "Верхні горад".

Фота Пятра ОВАДА