Для чаго ж патрэбна прастора?

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

На прыступках гісторыі і сучаснасці

/i/content/pi/cult/338/6280/10-4.jpgЦяпер, калі жанр лірычнага пейзажа ўпэўнена пераважае над іншымі, нават крыху незвычайна выглядае выстаўка Святаслава Федарэнкі, якую паказвае Светлагорская карцінная галерэя "Традыцыя" імя Германа Пранішнікава.

Зрэшты, і ён трыма карцінамі ("Па родных мясцінах", "Разліў Прыпяці" і "Над Прыпяццю") нібыта між іншым даказаў, што пры жаданні мог бы з поспехам далучыцца да пейзажнага жывапісу талентам рэаліста.

Але ўжо нават адзін з прыгаданых намі твораў (дарэчы, самы прасторавы) спатрэбіўся мастаку толькі для таго, каб маляўнічай прыгажосцю нагадаць тое, за што змагаюцца героі фігуратыўнай карціны, размешчанай побач і названай лаканічна: "Салдаты Чарнобыля". Гледзячы на яе, зноў пераконваешся, што вялікія па фармаце "шматлюдныя" палотны гэтага мастака вызначаюцца маштабнасцю задум і прасторавым увасабленнем. Ён піша не толькі тое, што выяўляе візуальна, але і час, у якім усё адбываецца. Вось і ў гэтым творы - пераканаўчае сутыкненне ракурсаў, трывожная фрагментарнасць і нейкая духоўная цэласнасць каларыту, рухаў, позіркаў... Усё ад праўды, ад трагічнай рэальнасці. Нават наіўны марлевы рэспіратар на адным з герояў. Але Святаславу Федарэнку мала гэтага. Ён імкнецца да дакументальнага сведчання часу. І вельмі натуральна пашырае фрагментарнасць у карціне "ХХ стагоддзе. Салдаты міру" фотаздымкамі, адлюстраваннем вокладкі "Бібліі".

 Святаслаў Федарэнка кожным сваім творам незвычайнай выстаўкі сцвярджае, што імкнецца быць летапісцам часу. Вось чаму і хочацца сцішана пастаяць ля карціны, якая так і называецца: "На прыступках гісторыі". Зноў фрагментарная імклівасць прасторы, характарная шматлюднасць і строгая дакументальнасць, што нагадвае кадры кінахронікі. Зрэшты, мастак і зрокава не хавае гэтага. Яму мала напісаць Еўфрасінню Полацкую. Ён сюжэтна далучае яе да рэалій таго часавага асяроддзя. Гэтак жа піша Янку Купалу, нібыта ілюструючы яго радкі: "Партызаны, партызаны, беларускія сыны...". Класічна глядзіцца карціна "Хросны шлях народа".

Пасля знаёмства з такімі дынамічнымі ў сваёй пластыцы карцінамі не здзіўляешся мноству сапраўды цікавых, прасякнутых глыбокім псіхалагізмам партрэтных вобразаў. Гэта "Смуга", "Наталля Філіцыянаўна", "Жанна", " Гануля", "Сідаровіч", "Іванова" і шэраг партрэтаў мастакоў...

За мастака заўжды лепш за ўсё гавораць яго карціны. І ўсё ж не лішнім было пачуць словы самога Святаслава Мікалаевіча. "Сродкамі метафарычнасці і мантажу, усёй вобразнасцю, уласцівай жывапісу, я імкнуся перадаць тэмы мінуўшчыны і сучаснасці. Творца не можа заставацца абыякавым да таго, што хвалюе ўсіх, да трывог і надзей Радзімы".

Менавіта да падобнага ўсведамлення заахвочваў сына вядомы беларускі мастак Мікалай Федарэнка. Гэтаму вучылі Святаслава ў маскоўскай сярэдняй Мастацкай школе імя В.Сурыкава, а потым у Тэатральна-мастацкім інстытуце выдатныя настаўнікі У. Сухаверхаў, А.Казлоўскі, П.Крохалеў.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск