Перамагчы пажар

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Бяспека жыцця Месячнік пажарнай бяспекі будзе доўжыцца ў сталіцы да 15 верасня.

 

Прадстаўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях ладзяць падворны абход домаўладанняў, дзяржаўных і ведамасных жылых дамоў. Мэта акцыі - праверка супрацьпажарнага стану і навучанне правілам пажарнай бяспекі.

Статыстыка сведчыць, што каля 80 працэнтаў пажараў у рэспубліцы адбываецца ў жылым сектары. Прычына - няспраўныя электрапрыборы і пячное ацяпленне, няправільна зманціраваная электраправодка. Вельмі часта віноўнікамі пажараў становяцца дзеці, якія свавольнічаюць з запалкамі, гаручымі і выбуханебяспечнымі рэчывамі. Распаўсюджанымі з'яўляюцца і пажары, выкліканыя непатушанай сігарэтай.

Пад час месячніка неабходна прывесці тэрыторыю ў годны стан: прыбраць сухую расліннасць, лістоту, смецце. Але спальваць усё гэта катэгарычна забаронена. Іскра пад павевам ветру можа праляцець іншым разам да сотні метраў і прызямліцца на гаручы матэрыял.

Стаўшы сведкам пажару, перш за ўсё неабходна патэлефанаваць па нумары 101. Калі няма магчымасці пакінуць памяшканне, варта зачыніць дзверы. Вокны адчыняюцца толькі ў тым выпадку, калі вы бачыце пажарныя падраздзяленні, што спяшаюцца вас выратаваць. Памятайце, з моманту выкліку да прыбыцця пажарных праходзіць каля 5-7 мінут. Калі ёсць магчымасць патушыць агонь падручнымі сродкамі (коўдра, вогнетушыцель і г.д.), дык варта прыступіць да тушэння. А пасля ўстаноўкі дома аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка вы надзейна застрахуеце свае маёмасць і жыллё ад магчымых непрыемнасцей.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска