З 1975 года на базе Ліпніцкага СДК Драгічыншчыны працуе народны фальклорнаэтнаграфічны ансамбль "Скібічане" - удзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў.
На сёння ў склад гэтага самабытнага калектыву ўваходзіць 12 чалавек, у асноўным гэта людзі сталага ўзросту. Яны захавалі своеасаблівасць спеўнай манеры свайго рэгіёна, па-майстэрску выконваюць народныя танцы і перадаюць свой вопыт малодшаму пакаленню: пры ансамблі створаны ўзорны ансамбль фальклорнага танца "Ліпачка", калектыў якога таксама неаднаразова выступаў за межамі Драгічыншчыны.
Своеасаблівай візітоўкай "Ліпачкі" з'яўляецца мясцовы танец "Полька-мост", і яго выкананне захопіць любога аматара аўтэнтычных беларускіх танцаў. Дзяўчаты і хлопцы настолькі дакладна і дасканала перанялі танцавальную манеру сваіх бабуль і дзядуляў, што можна з упэўненасцю сцвярджаць: традыцыі ў Ліпніках будуць жыць яшчэ доўга, а выступленні калектыву будуць пастаянна радаваць землякоў у раёне і за яго межамі.
Юрась ГАРЧАК