Фармат Буйніцкага

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Першы тэатр па-за тэатрам?

/i/content/pi/cult/338/6271/14-4.jpgБацькам беларускага тэатра з лёгкай рукі тэатразнаўцы Уладзіміра Няфёда сёння называюць пачынальніка прафесійнага сцэнічнага мастацтва Беларусі Ігната Буйніцкага. 22 жніўня споўнілася 150 гадоў з дня яго нараджэння.

 Народжаны ў в. Палівачы, што на тэрыторыі сучаснага Глыбоцкага раёна, ён упісаў сваё імя ў гісторыю беларускага мастацтва тым, што разам з дочкамі Вандай і Аленай арганізаваў тэатральную трупу, якая, раз'язджаючы на вазах па навакольных вёсках (а пазней - па ўсёй Беларусі), выконвала народныя песні, танцы і тэатральныя замалёўкі, запісаныя пад час выездаў па справах крэдытнага таварыства, дзе Буйніцкі працаваў. І гэты "мужыцкі" тэатр займеў такі шырокі розгалас, што ўжо праз тры гады яго кіраўніка абралі старшынёй Першага таварыства беларускай драмы і камедыі (пазней менавіта на падмурках арганізацыі ўзнік цяперашні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Аднак неўзабаве Буйніцкага прызвалі на фронт, дзе ён раптоўна, ва ўзросце 56 гадоў, памёр ад тыфу.

Глыбоччына не забылася на знакамітага земляка - яго імя носіць адна з вуліц горада. А таксама - выставачная зала Гарадскога цэнтра культуры, у якой мясцовы Гісторыкаэтнаграфічны музей падрыхтаваў і адкрыў выстаўку "Ён славу Першага здабыў...", прысвечаную жыццю і творчасці выбітнага дзеяча. На выстаўцы можна ўбачыць вялікую колькасць фотаздымкаў, асабістыя дакументы, афішы выступленняў трупы Буйніцкага, а таксама - сцэнічныя касцюмы таго часу і народныя музычныя інструменты, без якіх немагчыма ўявіць пастаноўкі.

 У Празароках, дзе пахаваны бацька беларускага тэатра, адбылося свята, прысвечанае 150-годдзю з дня яго нараджэння. Арганізатары прапанавалі ў "фармаце беларускай вечарынкі", якімі славілася трупа Ігната Буйніцкага, пазнаёміцца з жыццём і творчасцю свайго земляка, пачаставацца нацыянальнымі стравамі. І - патрапіць на майстаркласы па народнай харэаграфіі, у часе якіх усе ахвотныя маглі навучыцца танцаваць традыцыйныя "Юрачку", "Мяцеліцу", "Антошку"./i/content/pi/cult/338/6271/14-5.jpg

 Да юбілейнай даты мясцовымі сіламі падрыхтавана гісторыкакраязнаўчая экскурсія "Вандроўка да дзядзькі Ігната" па маршруце Глыбокае - Пліса - Прошкава - Празарокі. Яна прадугледжвае знаёмства з цікавымі фактамі пра гісторыю Глыбоччыны, наведванне Празароцкага школьнага музея, дзе сабрана багата звестак пра земляка, і помніка на яго магіле - акурат "паміж" касцёлам Божай Маці і Петрапаўлаўскай царквой.

На фоне мерапрыемстваў, задуманых і зладжаных на малой радзіме Ігната Буйніцкага, шкадуеш, што буйныя тэатральныя калектывы краіны - тыя, для каго ён, па сутнасці, "пратоптваў сцяжынку" - не адгукнуліся, каб ушанаваць гэтую магутную постаць так, як належала б. Магчыма, хтосьці "спіша" гэтую цішыню на сезон адпачынкаў. Ды толькі думаецца, што для сапраўднай, удзячнай памяці "адпачынкаў" быць не можа, і тэатры, вярнуўшыся да працы, згадаюць пра свайго "прашчура" - балазе, такія даты вартыя таго, каб адзначаць іх цягам года.

На здымках: трупа Буйніцкага; сам "бацька беларускага тэатра" таксама браў удзел у "вечарынках";

афіша прадстаўлення ў Слуцку.