Зразумела, для музея найлепшы падарунак - экспанаты. Госці з Мінска прывезлі вініл з аўтографам музыканта, узятым на ленінградскім канцэрце ў 1976-м. Дыск перадаў маскоўскі калекцыянер Рынат Ібрагімаў. А нядаўнія госці Белдзяржфілармоніі - польскае джазавае трыа Артура Дудкевіча - пакінула для музея афішу і кампакт-дыск "Немэн імправізацыі". Кіраўнік калектыву, дарэчы, зазначыў, што з вялікім задавальненнем дасць канцэрт у саміх Старых Васілішках.
Сярод таго, чым папоўнілася калекцыя ўстановы культуры апошнім часам, - піяніна, перададзенае прыхільнікамі таленту ўзгадаванага Беларуссю Немэна. "Яно выдатна ўпісалася ў інтэр'еры пакоя, стаіць на тым месцы, дзе быў інструмент самога творцы", - кажа адзін з актыўных ініцыятараў стварэння музея мінскі кінасцэнарыст, журналіст Вера Савіна.
З'явіліся ў Доме-музеі і фота Немэна: у Старых Васілішках з сябрамі юнацтва, на валуне, дзе любіў сядзець гадзінамі, калі наведваў радзіму... Дарэчы, цяпер гэты камень у двары мясцовага ксяндза, але той збіраецца перадаць яго ў музейны двор. А яшчэ адно фота музыканта, зроблены ў мінскім Палацы спорту, павялічылі і павесілі насупраць увахода.
Таксама адбыўся першы канцэрт у садзе пры сядзібе, на ўпарадкаванне і рамонт якой Шчучынскі райвыканкам распачаў збор сродкаў на дабрачынныя рахункі. А пакуль сад Немэна ахвотна частуе ўсіх смачнымі яблыкамі.
С.Т.
Фота Алы БІБІКАВАЙ