“Людзі будуць лічыць за гонар размаўляць з гэтым сынам карчмара…”

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Востры позірк Марка Антакольскага

 

/i/content/pi/cult/338/6268/15-1.jpg...У першую чаргу камунікабельны юнак Марк Антакольскі, хутка адчуўшы сябе ў сталіцы цалкам самастойным і незалежным ад сям'і чалавекам, пасябраваў з Генрыхам Семірадскім, Канстанцінам Савіцкім, Віктарам Васняцовым, Васілём Максімавым, Ільёй Рэпіным... Пазней гэтае кола было пашырана Уладзімірам Стасавым, Савам Марозавым, Мадэстам Мусаргскім і Іванам Тургеневым...

 (Заканчэнне. Пачатак у № 34.)

Асабліва блізка сышоўся Антакольскі з Рэпіным. Яны так пасябравалі, што на нейкі час удвух пасяліліся ў невялічкай кватэры дома №4 на 7-й лініі Васільеўскага вострава. Дзверы заўсёды былі адчыненыя для разначыннай творчай моладзі. Маладыя людзі, нягледзячы на цеснату, разам умудраліся маляваць з натуры, у палемічным запале абмяркоўвалі свежыя часопісныя артыкулы Д.Пісарава і М.Чарнышэўскага, горача спрачаліся пра ролю мастацтва ў грамадскапалітычным жыцці Расіі. Не абыходзілася і без вясёлых банкетаванняў...

Паралельна па чацвяргах сябры-аднадумцы наведвалі сходы Арцелі мастакоў. Там галоўную скрыпку іграў ідэйны кіраўнік рэалістаў, "антыакадэміст" Іван Крамской. На адным з падобных вечароў ён падараваў Антакольскаму сваю фатаграфію з кароткім надпісам: "Байцу ідэй". Пазней, у 1876-м, Крамской намалюе яго цудоўны паясны партрэт. А яшчэ праз 8 гадоў ужо пэндзаль Віктара Васняцова ўвекавечыў на палатне натхнёны вобраз скульптара. А першыя партрэтныя выявы Антакольскага адносяцца да 1866 года. Гэта два алоўкавыя партрэты, якія выканаў яго самы блізкі на той час сябар Ілья Рэпін.

У 1864-м, у перыяд летніх канікул, Марк прыехаў у Вільню і на паддашшы бацькоўскага дома па вуліцы Субачавус стаў працаваць над кампазіцыямі з жыцця мясцовай бядноты. Яго поспехі на творчай ніве не прымусілі доўга чакаць: ужо восенню таго ж года за гарэльеф у дрэве "Вячэрняя праца старога" ("Яўрэй-кравец, які ўцягвае нітку"), выкананы з натуры ў родным горадзе, ён быў уганараваны сярэбраным медалём. У наступным, 1865-м, Антакольскі выступіў з новай гарэльефнай работай на "віленскі" сюжэт, якую назваў "Мяняла, альбо Скупы, які лічыць грошы". Пагрудную фігуру Скупога ў аконным праёме ён выразаў са слановай косці, а абрамленне і фон - з дрэва. Сама форма гарэльефа ў трактоўцы аўтара зрабіла гэтую работу своеасаблівай ляпной карцінай у раме.

 Вось што пісаў Стасаў пра "Скупога": "Тут яркімі рысамі выяўляецца шлях, які толькі адзін магчымы і патрэбны цяпер для скульптуры, калі яна не жадае канчаткова памерці і знікнуць з шэрагу іншых мастацтваў. Гэта шлях - разрыў з ранейшай скульптурай, ідэальнай, ілжывай, якая здольная была вырабляць толькі Муз, Німф, Парысаў, Венер... - і схіленне да праўдзівай перадачы рэчаіснага жыцця, незлічоных яго сцэн, тыпаў і выяў".

За гэты твор, зроблены на радзіме, Антакольскі атрымаў яшчэ адзін сярэбраны медаль і, што не менш важна, стыпендыю. Тым не менш жыць і вучыцца было цяжка без сталай майстэрні. Праўда, пасля зневажальных хаджэнняў па кіраўніках ён усё ж атрымаў невялічкі халодны пакойчык на 4-м паверсе Акадэміі - і быў вельмі задаволены тым. Але казённай стыпендыі на пражыццё не хапала, і даводзілася выконваць халтуру: усялякія там фігуркі купідончыкаў для гадзіннікаў, анёлкаў, распяцці і да т. п. "З дзесяці рублёў стыпендыі шэсць я аддаваў за кватэру, рубель ішоў на класныя выдаткі, а на астатнія жыві як ведаеш, - узгадваў мастак, - ды яшчэ і слановую косць трэба купляць, і пальмавае дрэва..." Аднак да сваёй мэты Марк ішоў напорыста, настойліва, нягледзячы на здароўе, якое ўсё больш слабела ў сырым пецярбургскім клімаце. Ды і акадэмічная эстэтыка стала вельмі абцяжарваць Антакольскага. Многія творчыя пытанні нясцерпна патрабавалі свайго вырашэння. "Памятаю, аднойчы ноччу з Рэпіным мы доўга ішлі моўчкі, - пісаў скульптар. - "А ведаеш, - сказаў ён раптам, - мне здаецца, што мастацтва ні да чаго не вядзе!" - бачна было, што і яго мучыць тое ж пытанне. Я нападаў на яго, а сам... Каб ён ведаў, што тады ўва мне адбывалася! Калі ў мастацтве нічога няма, калі яно толькі пустая забаўка, то чаму яно так моцна цягне мяне да сябе? Чаму я аддаўся яму, пакінуўшы бацькоў?.. Чаму пакінуў сытны кавалак хлеба і пайшоў галадаць на чужыне, ледзь не працягваючы руку з просьбай аб міласціне? Мастацтва... Што ёсць мастацтва?"

На гэтае вечнае пытанне Антакольскі выразна адказаў сам сабе на пачатку 1870-х, калі з-пад яго разца выйшла славутая статуя "Іван Жахлівы", вядомая сёння ва ўсім свеце. Сапраўды, гэта было зусім новае слова ў тагачаснай рускай скульптуры. Аўтар адмовіўся ад пафаснасці і параднасці афіцыёзнага партрэта манарха ў кароне і парфіры ды нечакана для ўсіх, уключаючы кал/i/content/pi/cult/338/6268/15-2.jpgег па разцу і гісторыкаў, адлюстраваў супярэчлівасць "ката і пакутніка" Івана IV як гістарычнай асобы на аснове глыбокай псіхалагічнай характарыстыкі. "У ім дух магутны, сіла хворага чалавека, сіла, перад якой уся руская зямля трапятала. Ён быў жахлівы; ад аднаго руху ягонага пальца падалі тысячы галоў; ён быў падобны на высахлую губку, якая з прагнасцю ўсмоктвала кроў... Дзень ён праводзіў, гледзячы на катаванні і кары, а па начах, калі стомленыя душа і цела патрабавалі спакою, калі ўсё навокал спала, у яго абуджаліся сумленне, разуменне і ўяўленне; яны мучылі яго, і гэтыя раздзіранні былі больш страшнымі, чым фізічныя катаванні..." - такім прадстаўляў мастак першага рускага цара. На мой погляд, што б там ні казалі сённяшнія адэпты асобы Івана Жахлівага, у Антакольскага вельмі дакладнае гістарычнае азначэнне сутнасці гэтага чалавека. Наогул, гістарычная інтуіцыя мастака, памножаная на глыбокія веды, проста здзіўляе, і практычна ва ўсіх яго творах на тэму далёкага мінулага - і рэальнага, і міфалагічнага. Гэта тычыцца вобразоў Ермака і Сакрата, Хрыста і Мефістофеля, Спінозы і Яраслава Мудрага.

 Праца над статуяй ішла складана: скульптар моцна хварэў. Асабліва яму замінала пастаяннае крывахарканне. Даводзілася час ад часу спыняць работу і ад'язджаць на адпачынак у Вільню. Аднойчы, трошкі паздаравеўшы, Антакольскі вярнуўся ў Пецярбург і прывёз з сабой тады яшчэ зусім юнага Ілью Гінцбурга, ураджэнца Гродна, які праяўляў незвычайныя здольнасці ў лепцы. Юнак стаў дапамагаць мэтру ў рабоце над статуяй Івана Жахлівага, вылепіўшы барэльефы на царскім троне і іншыя не вельмі складаныя дэталі, уключаючы арнаменты. Гэта былі першыя крокі Гінцбурга на шляху да ўласнай славы выдатнага скульптара.

Урэшце ўсё паспяхова ўладзілася, і 9 лютага 1871 года статуя была скончана. У.Стасаў ужо праз 4 дні надрукаваў яркі і глыбокі артыкул у "Санкт-Петербургских ведомостях" пад назвай "Новая руская статуя", дзе, у прыватнасці, гаварылася, што "Іван Жахлівы Антакольскага - першы жывы чалавек і першае жывое пачуццё, якое выказана ў гліне". У той жа газеце сваё захопленае меркаванне пра скульптуру пазней надрукаваў і Іван Тургенеў. Імператар Аляксандр II тут жа заказвае паўтор скульптуры ў мармуры, потым набывае ўжо бронзавы адліў для Эрмітажа за вялікія тады грошы - 8 тысяч рублёў. Да таго ж, малады вольнаслухач нечакана 20 лютага 1871 г. атрымае званне акадэміка! За ўсю больш чым стогадовую гісторыю Акадэміі такога яшчэ не бывала!

Праз год статуя з вялікім поспехам экспанавалася на Міжнароднай выстаўцы ў Лондане, і Кенсінгтонскі музей англійскай сталіцы заказвае для свайго збору гіпсавы злепак - гонар, якога рэдка ўдастойваюцца іншаземныя мастакі. Гэта была першая работа рускага майстра, што трапіла ў замежную скарбніцу. У 1878 г. статуя ўпрыгожыла Сусветную выстаўку ў Парыжы, і як вынік - ордэн Ганаровага легіёна ад французскай дзяржавы і выбранне аўтара ганаровым членам мастацкіх акадэмій Парыжа, Вены, Лондана і Берліна. "Я заснуў бедным, - пісаў Антакольскі,- устаў багатым. Учора быў невядомым, сёння стаў модным". Так да мастака прыйшло еўрапейскае прызнанне. Аднак на лаўрах ён не спачываў і, нягледзячы на сухоты, якія ўсё больш наступалі, шчыраваў ад раніцы да вечара.

Неймаверная праца і агідны пецярбургскі клімат зусім падарвалі здароўе мастака, і ён, па патрабаванні доктара і блізкага сябра С.Боткіна, летам 1871 г. едзе на лячэнне ў Італію. Па дарозе, канешне ж, заязджае ў Вільню. У Рыме адразу ж прыступае да работы над поўнай моцы і энергіі манументальнай статуяй Пятра I у мундзіры афіцэра Праабражэнскага палка. Іван Жахлівы і Пётр Вялікі... "Мне хацелася, - успамінае скульптар, - увасобіць дзве цалкам супярэчлівыя рысы рускай гісторыі. Мне здавалася, што гэтыя, вельмі кантрасныя вобразы, у гісторыі дапаўняюць адзін аднаго і складваюцца ў нешта цэльнае". Скульптар і тут меў рацыю. Пра Пятра ён казаў: "Незвычайны ва ўсіх адносінах, гэта быў не адзін чалавек, а "адлівак" з некалькіх разам; у яго ўсё незвычайнае: рост незвычайны, сіла незвычайная, розум незвычайны... І страсці, і жорсткасць яго былі незвычайныя..." Як пісаў той жа Стасаў, гэтай статуяй "можа ганарыцца наша школа, якая наўрад ці ў чым саступіць лепшым стварэнням сучаснага еўрапейскага мастацтва". Пазней скульптарам былі выкананыя і мадэлі помнікаў Пятру I для Таганрога і Архангельска. Аднак адкрыццё гэтых манументаў адбылося ўжо без аўтара- у 1903 і 1914 гадах.

Адразу пасля заканчэння работы над Пятром мастак імчыцца ў родную Вільню, дзе ўсё ж такі бярэ шлюб з Аленай Апатавай, якая яго чакала ўсе гэтыя гады. Разам з жонкай Антакольскі вяртаецца ў Італію, потым перабіраецца ў Парыж. Тое быў самы шчаслівы перыяд у творчым і сямейным жыцці скульптара. З яго рымскай і парыжскай майстэрань адзін за адным выходяць шматлікія партрэты, станковыя кампазіцыі і барэльефы, а таксама статуя Кацярыны II, зробленая спецыяльна для роднай Вільні. Помнік быў усталяваны на Цэнтральнай плошчы ў 1904-м ужо пасля смерці аўтара, але праз 7 гадоў - зняты, і што з ім потым здарылася - невядома.

Аднак сказаць, што ўсё ішло ў Антакольскага гладка, будзе няправільным. Па-першае, ён ніяк не мог аднавіць, вярнуць даўно падарванае і расхістанае здароўе, другой перашкодай для плённай работы з'яўлялася, як ні дзіўна, пастаяннае безграшоўе і неабходнасць рабіць халтурныя заказы, асабліва ў галіне мемарыяльнай пластыкі. І гэта пры тым, што ён насіў тытул акадэміка некалькіх еўрапейскіх акадэмій мастацтваў! Справа даходзіла да таго, што яму даводзілася распрадаваць на аўкцыёне сваю рэдкую калекцыю антыкварных рэчаў і клапаціцца наконт закладу дома, які належыў у Вільні ягонай жонцы Алене Юліянаўне. Усё гэта не давала магчымасці мастаку цалкам разгарнуць свой талент так, як ён хацеў. Я маю на ўвазе тыя многія эскізы помнікаў, у прыватнасці, Пушкіну, якія яму не давялося давесці да канца.

Разам з тым, Антакольскі, пражываючы ў Еўропе, заўсёды імкнуўся паказаць свае творы дома. І ў 1893-м ён атрымаў магчымасць па-сапраўднаму выставіцца ў Пецярбургу. Ніколі ў залах Акадэміі мастацтваў не было экспанавана так шмат работ аднаго скульптара, які настолькі ярка і глыбока закрануў драматычную гісторыю. Праўда, некаторыя крытыкі правага толку сустрэлі выстаўку вулічнай лаянкай. Антакольскі перажываў, але яго супакоіў Стасаў, які сказаў пра такіх "ценителей" цудоўную фразу, якая стала афарызмам: "Укус клапа бяспечны, толькі смурод ад яго агідны". Але большасць гледачоў, літаратараў і мастацтвазнаўцаў прынялі "на ўра" і Сакрата атручанага, і Хрыста звязанага, і Спінозу, усімі пакінутага, і Іаана-Хрысціцеля абезгалоўленага, і герояў-стваральнікаў - мудрага старога Нестара, адважнага Ермака Цімафеевіча, цароў-рэфарматараў Пятра, Кацярыну і Аляксандра II. І- Мефістофеля зласлівага, "які гатовы ўсё знішчыць, над усім паздзекавацца, усё апаганіць - усё, што ні ёсць хоць крыху сумленным, добрым". Партрэты скульптара таксама звярталі на сябе ўвагу: гэта бездакорныя па падабенстве і псіхалагічнай характарыстыцы вобразы У.Стасава, І.Тургенева, урача С.Боткіна, выдаўца А.Краеўскага, адукаванага барона А.Штыгліца. Хаця, па праўдзе кажучы, многія партрэтныя бюсты, асабліва зробленыя ў натуральную велічыню, на маю думку, не могуць быць па сіле ўздзеяння пастаўлены ў адзін шэраг з гістарычнымі кампазіцыямі Антакольскага.

У апошні раз скульптар быў усцешаны шумнай увагай на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы 1900 года, дзе атрымаў за заслугі ў мастацтве камандорскі крыж французскага Ганаровага легіёна. Але цяжкім горам і крушэннем многіх надзей стала для яго нечаканая смерць адзінага сына Лёвачкі (у мастака былі яшчэ дзве дачкі). Ад гэтага ўзрушэння ён ужо не адышоў, тым больш, што абвастрыліся і старыя сухоты. Незадоўга да скону скульптар напісаў: "Калі ў нас не зразумеюць мяне сёння, зразумеюць заўтра, паслязаўтра, калі-небудзь, у гэтым я ўпэўнены, у гэтым вера мая моцная, з гэтай верай я спакойна памру".

Марк Антакольскі памёр 9 ліпеня 1902 г. на невялікім нямецкім курорце Бад-Гамбургу. Апошнім, хто з ім развітаўся, быў Ілья Гінцбург. Па просьбе сяброў мастака і пры згодзе ўдавы пахаванне вырашана было арганізаваць у Расіі. Па дарозе з Германіі ў гарадах Дзвінску, Коўне і асабліва ў Вільні задоўга да прыезду жалобнага цягніка платформы былі цалкам забітыя народам. Галоўная ж цырымонія адбывалася ў Санкт-Пецярбургу на Праабражэнскіх могілках. "Якая велізарная страта для нашага мастацтва,- пісаў У.Стасаў. - Антакольскі даўно ўжо быў прызнаны ва ўсіх мастацкіх цэнтрах Еўропы адным з найвялікшых і найарыгінальнейшых мастакоў XIX стагоддзя". Адкрыццё надмагільнага помніка М.Антакольскаму па праекце архітэктара Я.Гевірца і скульптара І.Гінцбурга, любімага вучня нябожчыка, адбылося 22 лістапада 1909 года...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"