Рэпетыцыя не паводле Феліні

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

“Мы, канешне, падхопім у любой імправізацыі...”

/i/content/pi/cult/338/6267/7-1.jpg

Тое, што бачаць гледачы на любым фестывалі ці конкурсе, - толькі вяршыня айсберга, якім з'яўляецца любая мастацкая падзея. Бо ёй папярэднічае вялізная падрыхтоўчая праца, схаваная ад публікі. Як жа адбывалася падрыхтоўка канцэртных праграм ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне?

 ...Я на адной з рэпетыцый Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. Да фестывалю тады яшчэ заставаўся цэлы працоўны тыдзень, а праграма гала-канцэрта адкрыцця адпрацавана на ўсе сто - сапраўдны генеральны прагон, толькі не напярэдадні, як гэта бывае ў іншых калектывах. Як спрактыкаваны дырыжор і кіраўнік, Міхаіл Якаўлевіч разумее, што перад канцэртам вакалістам лепей паберагчы голас, таму ўсё робіцца загадзя. Уласна кажучы, праграма была цалкам зроблена яшчэ да сыходу аркестра ў адпачынак, таму ў гэтыя дзесяць дафестывальных дзён, калі калектыў сабраўся пасля летніх вакацый, яе давялося папросту аднавіць.

Нягледзячы на малую плошчу рэпетыцыйнай залы, прагон канцэрта ішоў у такім выглядзе, як усё будзе адбывацца ў Маладзечне: з трансляцыяй запісу разважанняў Уладзіміра Мулявіна пра нашу спадчыну, са словамі вядучай, з добра адладжанымі прыёмамі інструментальнага тэатра. Адразу звяртаеш увагу не толькі на прафесіяналізм заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алены Спірыдовіч, якая, у адпаведнасці з унесенымі зменамі ў парадак песень, уносіць карэктывы ў тэкст сцэнарыя, але і на само "лібрэта канцэрта", напісанае паэтам Алесем Бадаком. Тут і біяграфічныя звесткі пра Вялікага Песняра, і цікавыя выпадкі з яго жыцця, і змястоўныя "падводкі" да саміх песень, і, галоўнае, ацэнка ўнёску Уладзіміра Мулявіна і "Песняроў" у нашу нацыянальную культуру./i/content/pi/cult/338/6267/7-3.jpg

Кожная песня раскрываецца па-новаму. І справа не толькі ў тым, што "песняроўскі" рэпертуар "прымяраюць" на сябе салісты аркестра. Новыя фарбы ўносяць аранжыроўкі, багатыя на шматлікія сола не толькі асобных інструментаў, але і аркестравых груп. Салісты ж вельмі перажываюць, што харэаграфічныя нумары, зробленыя для гэтых песень, змогуць пабачыць толькі ў час канцэрта: маўляў, цяжка адпавядаць таму, што робіцца за тваёй спінай, а хочацца ж, каб усе дэталі супадалі.

Сапраўды, вялізны канцэрт, пры ўсёй сваёй разнастайнасці, аказваецца строга вытрыманым па стылі. Пачынаючыся са знакамітай "Малітвы" Алега Молчана на верш Янкі Купалы, ён становіцца быццам роздумам самога Уладзіміра Мулявіна, а разам з ім і ўсіх цяперашніх выканаўцаў, пра нашу нацыянальную песенную спадчыну.

- Мне пашанцавала, - кажа мне ў перапынку Міхаіл Фінберг,- я сустрэў Уладзіміра Мулявіна яшчэ ў 1964 годзе, пасля канцэрта салдацкай самадзейнасці, на прыступках Дома афіцэраў. Ужо тады ён уразіў мяне цікавымі гармоніямі: сам спяваў і акампаніраваў сабе на гітары. А праз столькі гадоў, па волі лёсу, свае апошнія буйныя канцэрты ён правёў менавіта з нашым аркестрам. І гэта праграма- яшчэ адна даніна памяці чалавеку, які надаў беларускай песні сусветнае гучанне.

- Узгадваючы шлях, пройдзены фестывалем у Маладзечне, - дзеліцца сваімі разважаннямі народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, якому даверылі спяваць "Малітву", - сёння мы лепей разумеем, што беларуская песня патрэбна не толькі для таго, каб дапамагаць нам "будаваць і жыць". З ёй мы адчуваем сябе прыналежнымі да нацыі. Міхаіл Якаўлевіч мудра паступіў, абраўшы для гэтага канцэрта творчасць "Песняроў". Беларускія песні- усе прыгожыя. Але Уладзімір Мулявін умеў спыніцца бадай на самых каларытных, надаўшы ім асаблівы водар і "смак". Іх цяперашнія аранжыроўкі - быццам працяг таго, што ён зрабіў бы сам, каб быў з намі. Слухаючы аркестр і асабліва яго шматлікія інструментальныя сола, я атрымліваю велізарную асалоду. Што ж да "Малітвы", дык "пераспяваць" Мулявіна, вядома, немагчыма, кожны шукае штосьці сваё, адказнасць - найвялікая. Выконваючы яе, я быццам звяртаюся да Еўфрасінні Полацкай, каб яна ахоўвала працалюбівы, шчыры беларускі народ./i/content/pi/cult/338/6267/7-2.jpg

 Зваротам да самога Уладзіміра Мулявіна стала інструментальная кампазіцыя "Песня Песняра", створаная паводле "Крыку птушкі", а насамрэч - быццам крыку яго душы. Гэты канцэртны нумар, як і колішнюю сімфонію "Песняры", як і ўсе аранжыроўкі цяперашняй праграмы, напісаў колішні артыст ансамбля, саліст аркестра, заслужаны артыст краіны Уладзімір Ткачэнка:

- Штораз здаецца, знайсці нешта новае ў гэтым матэрыяле немагчыма. Але чым больш часу праходзіць, тым больш асэнсоўваецца ўнёсак Уладзіміра Мулявіна ў беларускую нацыянальную культуру. І калі ў гэтай канцэртнай праграме аказаліся сабраныя разам народныя песні і песні на народныя тэксты, што былі ў рэпертуары ансамбля, дык стала відавочна, што гэты стылёвы пласт - сапраўдны падмурак і адзін з самых моцных бакоў шматграннай творчасці "Песняроў".

 - Нізкі паклон Уладзіміру Мулявіну,- працягвае размову салістка аркестра Галіна Грамовіч, - за цудоўныя апрацоўкі народных песень. Фальклор - галоўны скарб любога народа. Таму кожнае новае пакаленне павінна даваць народнай творчасці новае жыццё, новае гучанне. Адпраўляючы сына Юзары на "Новую хвалю-2011", дзе сярод іншых песень трэба выконваць хіт сваёй краіны, мы вырашылі, што гэта павінна быць народная песня з рэпертуару "Песняроў". І не памыліліся! Цяпер Юзары, наколькі мне вядома, рыхтуе цэлы блок беларускіх народных песень. І не таму, што гэта я са сваёй схільнасцю да гэтых спеваў неяк паўплывала на яго выбар. Уплыў, калі і быў, дык на падсвядомым узроўні, бо такая музыка акружала яго з дзяцінства. Увогуле ж, народныя песні павінен мець у сваім рэпертуары кожны выканаўца. Не толькі для таго, каб падкрэсліць яго прыналежнасць да краіны. Разумееце, народныя песні, у якіх цягам стагоддзяў рабіўся натуральны адбор, акумулююць у сабе спеўныя прыёмы, уласцівыя нацыі. Менавіта адсюль фарміруецца нацыянальная вакальная школа! Народная песня - залог індывідуальнасці нашых выканаўцаў.

/i/content/pi/cult/338/6267/7-4.jpgМабыць, не выпадкова ў аркестры, дзе заўсёды дбаюць пра нацыянальны рэпертуар і падтрымку маладых артыстаў, працуе некалькі пераможцаў маладзечанскага конкурсу мінулых гадоў. Два гады таму, адразу пасля юбілейнага Х фестывалю, узялі ў калектыў уладальніка Гран-пры маладзечанца Алеся Салаўёва, і сёння ён - сапраўдны салоўка, пазначаны не толькі добрым голасам і артыстызмам, але і асаблівай музычнасцю, выразнасцю выканання.

- Гэта знакавы для мяне фестываль, - кажа Дзмітрый Качароўскі, які сёлета можа спраўляць 10-гадовы юбілей свайго Гран-пры ў Маладзечне і, следам, першай прэміі на "Славянскім базары ў Віцебску". - Да яго я ўжо два гады спяваў у аркестры, але, лічу, менавіта "Маладзечна-2001" стала своеасаблівым стартам маёй далейшай творчай кар'еры.

 - Але конкурс, - дадае лаўрэат "Маладзечна-1994", салістка аркестра Наталля Тамела, - гэта толькі пачатак. Галоўнае - не якое месца ты на ім возьмеш, а якое зоймеш у жыцці. Тая ж Ала Пугачова звычайна была на конкурсах другой, а ў жыцці - толькі першай!

Наступны рэпетыцыйны дзень, на які я патрапіла, быў аддадзены канкурсантам.

- Гэта наша апошняя сустрэча з імі перад выездам у Маладзечна, - сказаў пасля завяршэння рэпетыцыі Міхаіл Фінберг. - А першыя былі яшчэ ў тым сезоне. Кожная вобласць і Мінск вызначалі трох спевакоў, якія будуць прадстаўляць іх на конкурсе. Пасля гэтага з канкурсантамі пачалі працаваць мы. У мяне было шмат заўваг да іх- найперш, наконт рэпертуару. Давялося нават некалькі песень замяніць, былі з р о б л е н ы аранжыр о ў к і . Д а л ё ка не ўсе канкурсанты, зразумела, раней спявалі з аркестрам, і на рэпетыцыях даводзілася навучаць іх гэтаму.

Працэс навучання, вядома, працягваўся і на той рэпетыцыі, дзе я пабывала. Вось толькі некаторыя з заўваг маэстра: "Не забывай, што песня ў цябе- даволі працяглая, таму размяркоўвай свае сілы, каб іх хапіла да фіналу", "Ты спяваеш добра, але ж у музыцы ёсць метр і рытм. Мы, канешне, падхопім цябе ў любой "імправізацыі", але і ты да аркестра прыслухоўвайся!"

- Яны малайцы! - падвёў вынік Міхаіл Якаўлевіч, калі канкурсанты разышліся. - Уважліва, зацікаўлена ставяцца і да працы, і, шырэй, да беларускай песні. Прыязджаюць на рэпетыцыі за свой кошт, ловяць кожнае слова, прагнуць новых ведаў і ўменняў. Папярэдняя падрыхтоўка ва ўсіх розная, і гэта адчуваецца. Але конкурс, лічу, пойдзе на карысць кожнаму, незалежна ад колькасці атрыманых балаў.

А ўсім нам пойдзе на карысць адкрыццё новых імёнаў, новых песень і новага прачытання вядомых, што і дорыць гэты фестываль.

Фота Пятра ОВАДА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"