Сезонныя “інтрыгі”

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Дзень ведаў сёлета можна будзе адзначыць з музыкай! Бо акурат 1 верасня, адначасова з традыцыйным школьным, адкрываюцца два тэатральныя сезоны. 79ты — у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. 42-і — у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.

 

На опернай сцэне ў гэты дзень будзе "Аіда" Дж.Вердзі, прэм'ерныя паказы якой прыйшліся на завяршэнне мінулага сезона. Любоўны трохвугольнік, які завяршаецца смерцю закаханых і пакутамі непадзеленых пачуццяў, складуць Ніна Шарубіна (Аіда), Сяргей Франкоўскі (Радамэс) і Кацярына Галаўлёва (Амнерыс). У тым сезоне К.Галаўлёва спявала Аіду, цяпер жа, упершыню (!), яна паўстане ў ролі суперніцы. Вось вам і першая інтрыга!

 Другой інтрыгай опернага сезона (па ліку, а не па значнасці) стане новы "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні (прэм'ера - 9 верасня), які можна па праве назваць сумесным інтэрнацыянальным праектам. Гэта знакамітая італьянская камічная опера набудзе яшчэ больш "італьянскасці". Паводле задумы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ, дзеянне перанясецца з іспанскай Севільі ў італьянскую Венецыю, якую забяспечыць галоўны мастак тэатра Аляксандр Касцючэнка. А галоўнае, дырыжорам-пастаноўшчыкам спектакля выступае італьянец Джанлука Марчыана, што на дадзены момант, з'яўляецца мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя З.Паліяшвілі.

А што ж у Музычным? На адкрыцці сезона будзе паказана "Блакітная камея" К.Брэйтбурга. Прэм'ерай жа стане эксцэнтрычна-балетны пошук дыяментаў у адным з "12-ці крэслаў" Г.Гладкова (прэм'ера - 12 верасня). Праўда, у адрозненне ад "... камеі", аўтары вырашылі, згодна з першакрыніцай, не забяспечваць свой твор, шчаслівым фіналам...