Брэндынг праз кнігу

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Бібліятэчная справа на беларускіх землях існуе і развіваецца ўжо каля тысячагоддзя. За гэты час былі створаны дзясяткі, калі не сотні разнастайных кніжных збораў. Пра многія з іх шырокая грамадскасць не ведае амаль нічога. Выправіць гэтую сітуацыю мусіць кніга дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага “З мінулага ў будучыню. Бібліятэкі Беларусі”. Напярэдадні яе прэзентацыі карэспандэнт “К” паспрабаваў высветліць адкрыцці выдання непасрэдна ў самога аўтара, якога за некалькі гадзін да яе ў час пасяджэння калегіі Міністэрства культуры быў узнагароджаны міністрам Паўлам Латушкам нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

/i/content/pi/cult/338/6255/3-2.jpg- Цікава, як нарадзілася задума стварэння такой фундаментальнай працы?

 - Ідэя напісання кнігі даволі нечаканая і вызначаецца як "навукатэрапія". Па шчырасці, пасля заканчэння будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі я вярнуўся да той справы, што "сэрцу люба". Была задума напісаць кнігу пра перспектывы развіцця бібліятэк нашай краіны, стварыць мадэль іх далейшага функцыянавання. Вядома ж, для таго, каб мадэляваць будучыню, трэба ведаць сучасны стан і гісторыю. І калі спачатку планавалася напісаць усяго толькі параграф пра мінуўшчыну бібліятэчнай справы на беларускіх землях, дык у выніку гэты параграф перарос у цэлую кнігу. Яшчэ пад час працы над зборам матэрыялаў для выдання высветлілася, што гісторыя кніжнай, бібліятэчнай справы вельмі цікавая, але, на жаль, не даследаваная. Аказалася, што ў ёй больш "белых плям", чым вядомых фактаў. І гэта пры тым, што багаццем кніжных збораў айчынныя бібліятэкі не саступалі бібліятэкам суседніх краін.

- Не магу не пацікавіцца, якія ж адкрыцці прынесла ваша навуковая праца?

 - Даволі шмат, і калі не адкрыццяў, то багата новых, надзвычай цікавых фактаў. У працэсе даследавання высветлілася, да прыкладу, што бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора, створаная ў 1066 г.,- адзіная на тры ўсходнеславянскія народы старажытная бібліятэка, пасля якой засталіся матэрыяльныя сведчанні, артэфакты. Гэта, у прыватнасці, адзінаццаць кніг, якія захаваліся да нашых дзён. Вельмі цікавымі атрымаліся вынікі даследавання канфесійных бібліятэк, якія практычна не вывучаліся ў савецкі час. У прыватнасці, мала хто ведае пра ўнікальную бібліятэку Езуіцкага калегіума ў Полацку - найбуйнейшую на той час на беларускіх землях. Яе зборы налічвалі больш за 40 тысяч тамоў. І сёння, перакананы, вельмі важна знайсці яе сляды. Гэтаксама ці не ўпершыню зроблены аналіз многіх прыватных беларускіх кнігазбораў. Важна і тое, што кожная з бібліятэчных калекцый мае сваю гісторыю, а таму мусіць мець асобнае ўсеабдымнае даследаванне з выкарыстаннем самых розных крыніц, многія з якіх знаходзяцца за межамі Беларусі.

 - Атрымліваецца, што наперадзе яшчэ вельмі шмат даследчай працы?

 - Менавіта так! Гэтую кнігу я разглядаю не як закончаны вынік, а толькі як самы пачатак, своеасаблівае "тэхнічнае заданне" для далейшай навуковай працы. Тым больш у пяцігадовай Дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" маецца асобны раздзел, які прадугледжвае даследаванне кніжнай культуры, што, відавочна, паспрыяе далейшым адкрыццям у гэтай сферы. У выніку, гэтыя веды павінны легчы ў падмурак фарміравання ідэалогіі беларускай дзяржавы, што перш за ўсё арыентуецца на сістэму нацыянальных каштоўнасцей.

- Наколькі запатрабавана інфармацыя пра гісторыю бібліятэчнай справы нашай краіны за яе межамі?

 - Надзвычай! Невыпадковы і выбар рускай мовы выдання, што быў абумоўлены імкненнем папулярызаваць беларускую кніжную культуру за мяжой. І што не менш важна, выданне гэтай кнігі мусіць дапамагчы разбурэнню стэрэатыпаў пра нібыта "бедную" гісторыю нашай краіны, прадставіць нашу культуру ў агульнаеўрапейскім кантэксце. Не выпадкова кожны раздзел кнігі пачынаецца з карты нашай краіны ў адпаведны гістарычны час.


Рэдакцыя "К" шчыра шчыра віншуе Рамана Матульскага з 50-годдзем, жадае яму плёну ў працы і даследчыцкай дзейнасці, а таксама моцнага здароўя і аптымізму!