Такія розныя, розныя, розныя абліччы…

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Нядаўна ў Палацы мастацтва прайшла сумесная выстаўка двух жывапісцаў — Яўгена Каробушкіна і Уладзіміра Гладкова. Абодва яны юбіляры: першаму споўнілася 75 гадоў, другому — 60, і ў абодвух за плячыма доўгі творчы шлях. Яўген Георгіевіч усё жыццё працаваў на Беларусі, паказваючы на сваіх палотнах бытавыя сцэны, пейзажы, яскравыя нацюрморты. Уладзімір Іванавіч жыў ва Узбекістане, падарожнічаў па Усходзе, таму на яго карцінах мы можам бачыць экзатычныя храмы, партрэты таямнічых жанчын, непрывычныя нашаму воку краявіды.

Яны вельмі розныя ва ўсім: у адносінах да сучаснай ім рэчаіснасці, у майстэрстве накладваць фарбы, у каларыце.
 /i/content/pi/cult/129/625/Takija roznyja.1.jpg
 Я.Каробушкін. “Нацюрморт з чорным збаном”.
Стыль Я.Каробушкіна вельмі пазнавальны і па сюжэтах, і па выкананні работ. На выстаўцы можна было бачыць вынікі яго працы за апошнія 5 гадоў.Фарбы мастака вельмі густыя, тлустыя, яны ільсняцца і блішчаць так, нібы шчодры гаспадар намазаў лусту хлеба добрым слоем масла. Найбольш запамінаюцца яго кветкі, трапяткія, рознакаляровыя букеты — творца столькі разоў іх маляваў, што ўсе выяўленыя краскі, пэўна, заслалі б падлогу залы дываном.
На вернісажы прагучалі вершаваныя словы ў гонар жывапісца, у якіх было падкрэслена, што яго краявіды вельмі блізкія і дарагія, “быццам родная хата”, што ён дапамагае любіць і разумець хараство прыроды. Прыхільнікі мастацтва Я.Каробушкіна адзначылі, што яго манера змянілася, ён не стаіць на месцы і ідзе сваім шляхам, не адчуваючы ні салоннага ўплыву, ні ультрамадэрнісцкіх выкрутасаў.
Аб працы У.Гладкова мы можам атрымаць больш поўнае ўяўленне, таму што ён прадставіў не толькі жывапісныя творы, але і эскізы, фотаздымкі распрацаваных ім інтэр’ераў музеяў (іх больш за дваццаць), праекты ландшафтнага дызайну. Гэты чалавек шмат зрабіў для культурнага жыцця Узбекістана, нават атрымаў падзяку ад прэзідэнта
 /i/content/pi/cult/129/625/Takija roznyja.2.jpg

   У.Гладкоў. "Ружы".

гэтай краіны, а з 2002 г. плённа працуе ў Мінску. У яго карцінах выразна праглядаецца светапогляд мастака. Колеры спакойныя, празрыстыя, ураўнаважаныя, ад іх вее цеплынёй і ціхай прыгажосцю. “Ад яго белых ружаў, — кажа захопленая глядачка, — быццам зыходзіць пах, яны як жывыя.”
Жывапісец працуе не толькі ў рэалістычным накірунку — ёсць некалькі карцін, якія арыгінальна адлюстроўваюць ход яго думак, фантазіі, нешта патаемнае.
У верасні распачнецца будаўніцтва экзатарыума ў Мінскім заапарку, у якім будзе адлюстравана флора і фауна Паўднёвай Амерыкі. Ідэю гэтага цікавага праекта распрацаваў Уладзімір Гладкоў. Яму належыць таксама праект атракцыёна “Вакол свету”, які будзе ўстаноўлены ў парку Чалюскінцаў. Яшчэ адну грань таленту гэтага няўрымслівага чалавека мы зможам пабачыць восенню ў Нацыянальным музеі гісторыі культуры Беларусі, дзе адбудзецца экспазіцыя “Гісторыя Беларусі ў партрэтах і геральдыцы”.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ