Нацыянальная опера: маніторынг або “сеткавы маркетынг”?

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Нататкі крытыка. А вы адрозніце “дыяменты” ад “шкельцаў”?

/i/content/pi/cult/337/6243/103.jpg

1 верасня Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь адкрые свой 79-ы сезон. Мы ўбачым оперу "Аіда" Дж.Вердзі, пастаўленую акурат пад заслону мінулага сезона. 9 верасня - прэм'ера "Севільскага цырульніка" Дж.Расіні. 16га - адкрыццё новага канцэртнага цыкла "Легенды беларускай оперы", запланаванага ў Камернай зале імя Л.Александроўскай. А як наконт саміх беларускіх опер? Гэтая тэма не ўпершыню ўзнімалася на самых розных узроўнях грамадскага абмеркавання, у тым ліку на старонках "К". На якім жа этапе знаходзіцца "оперная справа" сёння? І ўвогуле, ці настолькі патрэбны нам нацыянальныя оперы, як пра гэта "б'юць у званы" музыказнаўцы? Можа, у оперы абмяжуемся класікай, а ў сферы нацыянальнага дастаткова і іншых жанраў?

 Оперны бум ці "не бум"?

 З лёгкай рукі Уладзіміра Стасава - кажучы сучаснай мовай, ідэолага "Магутнай кучкі" - па оперных прыкметах сталі праводзіць гістарычную перыядызацыю. Адпаведна, у савецкія часы менавіта са стварэння опернай партытуры пачыналі адлік нацыянальнай кампазітарскай школы ў кожнай з рэспублік былога Саюза. Але аб'ектыўная падстава для такога вылучэння оперы сярод іншых жанраў - ёсць, і вельмі трывалая. Бо яна як ці не самы сінтэтычны жанр яднае дасягненні ў розных галінах музычнай дзейнасці і розных відах мастацтва.

Так што няма чаго здзіўляцца, калі да оперы складаецца такое неабыякавае дзяржаўнае стаўленне. А да нацыянальнай - тым больш! Бо гэта папраўдзе адзін з самых значных паказчыкаў развіцця культуры. Мяркуючы ж па афішы нашага Вялікага тэатра, з операмі ў беларускіх кампазітараў штосьці "не склалася". І ўвогуле, сучасная опера - штосьці незразумелае. Не толькі для шырокай публікі, але і для адданых меламанаў. Але ж ці так гэта насамрэч?

Мікстура для мікста

Кампазітар і опера - гэта паядынак. Спачатку аўтар змагаецца з музычным матэрыялам, а то і з лібрэтыстамі, калі толькі не ўзвальвае на свае плечы яшчэ і літаратурны тэкст твора. Паспяхова завяршыўшы першы тайм - уласна напісанне партытуры ці хаця б клавіра, аўтар пераходзіць да другога раўнда - барацьбы за пастаноўку. Тут таксама драматычных момантаў не пазбегнуць: нават калі абсалютна ўсе зацікаўлены ў ёй, разуменне таго, якім павінен быць канчатковы вынік, у кампазітара, рэжысёра, дырыжора і ўдзельнікаў спектакля - індывідуальнае, а таму - адрознае. Нарэшце, трэці перыяд, калі насупраць кампазітара апынаецца публіка, - бадай, самы складаны. Бо калі фіяска церпіць класічны спектакль, вінаватым у вачах гледачоў аказваецца рэжысёр. А калі сучасная опера - кампазітар, і- без варыянтаў./i/content/pi/cult/337/6243/10-2.jpg

А што ж глядач? Ды нічога: ён увогуле не ведае пра кампазітарскія задумы. А калі і ведае, дык з чужых слоў. Ці - самога кампазітара, які ў інтэрв'ю распавядае пра тое, чым займаўся ў вольны ад асноўнай працы час. Ці - са слоў дасведчанага музыказнаўцы. А можа, нават - з даведніка, які Беларускі саюз кампазітараў выпускае кожныя чатыры гады "вялізным" тыражом у сто з нечым асобнікаў. У кожным з такіх даведнікаў - па некалькі оперных твораў. Гартаю адзін з апошніх. У Алега Хадоскі - "Цень" паводле Я.Шварца і "Чорны манах" паводле А.Чэхава. У Вячаслава Кузняцова - дзве набокаўскія партытуры (паводле "Запрашэння на пакаранне" і "Лаліты"). Дый насупраць імёнаў Уладзіміра Саўчыка, Аліны Безенсон, Марыны Марозавай і многіх іншых - таксама оперныя назвы. Далучыце сюды творы, якія пакуль у працы, а яшчэ тыя, што напісаны раней.

Але ў мастацтве ўсё большую вагу набывае нават не "што", а "як". І вось тут- поўная таямніца.

Пагаджуся, пастаноўка оперы - справа нятанная. Вядома, не параўнальная з кіно, але ж і магчымасці "адбіць грошы", укладзеныя ў пастаноўку, роўныя нулю. Да таго ж, уласна "здымачны працэс" у оперы, як і ўвогуле ў тэатры, не завяршаецца ніколі. Кожны новы паказ спектакля - гэта новыя выдаткі. А яшчэ - уводы салістаў, дадатковыя рэпетыцыі: у адрозненне ад драмтэатра, у оперы не можа быць аднаго складу артыстаў, бо вакальны апарат- справа тонкая. Няўжо выйсця не знайсці? А можа, звярнуцца да замежнага вопыту? Ці - да знаходкі нашых Андрэя Мдзівані і Сяргея Бельцюкова, якія прыдумалі новы жанр - харэаграфічная сімфонія? Маўляў, вось вам прэзентацыя музычнага матэрыялу для будучага балета. А можа, узгадаць, як "раскручвалі" оперы ў былыя часы?

 Піяр-кампанія: "пілотны" выпуск

Сусветная практыка оперных пастановак распрацавана даўно. Чарговы твор у пэўных традыцыях, запатрабаваных публікай, імпрэсарыа замаўляў кампазітару. Працягам гэтага можа лічыцца практыка дзяржзаказаў, якая няўхільна вытрымлівалася ў нас у савецкія дзесяцігоддзі.

А раптам твор папраўдзе "не адпавядае"? Хто можа прадказаць, як у такім выпадку будзе паводзіць сябе публіка? Зрэшты, можна - праверыць. Прыкладам жа "праверкі" можа стаць гісторыя пастановак "Фаўста" Антонія Генрыха Радзівіла - прадстаўніка слыннага беларускага роду, які, ажаніўшыся, з'ехаў у Германію. Гэтая опера была паказана літаральна па ўсёй Еўропе! З ёй знаёміліся ўсё новыя гарады. І не толькі ў выглядзе пастановак, але і ў філарманічным варыянце.

 У нашым тэатры канцэртныя і напаўканцэртныя выкананні опер, што пачалі практыкавацца з 1990-х, былі раскрытыкаваны: маўляў, пры чым тут тэатр? А між тым, такі падыход апошнім часам прыняты ва ўсім свеце: опера спачатку "раскручваецца" ў гэткім "аўдыяфармаце", і калі пройдзе выпрабаванне - атрымлівае паўнавартасную пастаноўку. Адзін з апошніх прыкладаў такога роду - французска-расійскі "Вішнёвы сад", у прэм'еры якога ўдзельнічала наша Настасся Масквіна.

/i/content/pi/cult/337/6243/10-1.jpgШырока распаўсюджаны і так званы сеткавы маркетынг. Новая опера, вакол якой узнімаецца грамадскі розгалас праз СМІ, ставіцца ў адным з тэатраў. Пастаноўку працягваюць піярыць, і яна пераносіцца ў іншы. Пройдзе некалькі разоў там- едзе ў трэці, чацвёрты. Пры гэтым дырыжор, салісты (пажадана, вядомыя), сцэнічнае афармленне (максімальна простае, прыдатнае для сцэны любога памеру), касцюмы - пераязджаюць з горада ў горад. А вось аркестр, хор, міманс, выканаўцы невялічкіх партый другога плана застаюцца мясцовымі. Гэта чымсьці падобна на гастролі, але значна танней. Да таго ж, удзел мясцовых артыстаў разам з прыезжымі зоркамі падагравае цікавасць. Узнікае і штосьці накшталт спаборніцтва: чыё выкананне атрымаецца лепшым?

 Скажаце, нам гэта не пагражае? Так, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр у Беларусі - адзіны і непаўторны на ўсю краіну. Але "парушэнне абсалютнай манаполіі" і спроба "сеткавага маркетынгу" адбыліся спачатку ў сталічнай філармоніі, а потым - на Міжнародным тэатральным фестывалі "Белая Вежа" ў Брэсце. Аднаактовую оперу "Мядзведзь" Сяргея Картэса, падрыхтаваную маэстра Аляксандрам Анісімавым і нашымі опернымі салістамі, выконваў спярша Нацыянальны акадэмічны сімфанічны аркестр, а потым - брэсцкія музыканты. У гэтым сезоне, дарэчы, опера пойдзе і ў тэатры: яна пазначана ў лістападаўскай афішы Камернай залы імя Л.Александроўскай. Далучыце сюды колішнюю маскоўскую пастаноўку - у тэатры імя Б.Пакроўскага, ажыццёўленую цалкам расійскімі сіламі, - і атрымаецца спалучэнне двух згаданых вышэй спосабаў папулярызацыі сучасных нацыянальных опер.

Захад справа - захад злева

 Сапраўды, абвінавачваць творцаў ці тэатр у тым, што яны нічога не робяць для папаўнення нацыянальнага рэпертуару, не выпадае. Тэатр актыўна запрашае кампазітараў да супрацоўніцтва, тыя гэтак жа актыўна адгукаюцца, звяртаючыся менавіта да нацыянальнай літаратурнай спадчыны. Найперш - Уладзіміра Караткевіча - тут і другая рэдакцыя "Сівой легенды" Дзмітрыя Смольскага, і "Ладдзя роспачы" Сяргея Картэса, - а таксама "Шляхціч Завальня" Алега Хадоскі паводле Яна Баршчэўскага. І гэта - толькі тое, што ў свой час афіцыйна называлася сярод нарыхтовак.

 Дбае пра нацыянальны рэпертуар і Дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Там зроблены захады па арганізацыі конкурсу на новы беларускі балет, музычны і дзіцячы спектаклі. Дарэчы, апошнія дзве намінацыі могуць утрымліваць і оперныя творы адпаведнага гэтаму тэатру зместу.

Але ўсё гэта тычыцца новых, пераважна яшчэ не напісаных твораў. А што рабіць з тымі, якія ўжо гатовы? Няўжо сярод іх няма нічога вартага? Збіраючыся прыгатаваць ежу, добрая гаспадыня спачатку зазірне ў халадзільнік, а ўжо потым кіруецца ў краму. Можа, трэба так і з музыкай? Першае, з чаго трэба пачаць, клапоцячыся пра нацыянальны оперны рэпертуар, - гэта канцэртнае выкананне таго, што было створана нашымі кампазітарамі ў розныя часы. Падобныя прапановы, выказаныя на тых жа прэс-канферэнцыях, галоўны дырыжор Вялікага тэатра Віктар Пласкіна звычайна адрасаваў аркестру радыё: маўляў, хай гэтым займаюцца яны, а не мы. Што ж, сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі заўсёды быў галоўным "прапагандыстам" і захавальнікам нашай музычнай спадчыны. Але ж хіба ў самім тэатры няма на гэта ні сіл, ні магчымасцей? Хапае і салістаў, мала занятых у бягучым рэпертуары, багата і дырыжораў, якія маглі б рэалізаваць свой творчы патэнцыял. А галоўнае - такі грамадскі паказ назапашанага ў опернай галіне ператварыўся б у своеасаблівы конкурс: і на лепшы твор, і на лепшых выканаўцаў невядомых ці забытых партытур. Адначасова гэта быў бы і своеасаблівы "маніторынг" сучаснай беларускай оперы і нашых салістаў.

Увогуле ж, з часам такія канцэртныя "агляды" маглі б стаць добрай традыцыяй, адпаведнай найноўшым сусветным тэндэнцыям. Спачатку - канцэртнае выкананне новай оперы, якое можа папярэджвацца "раскруткай" асобных яе фрагментаў. Потым - пастаноўка, увядзенне ў фестывальныя праекты і шмат чаго іншага. Можа, пабачым - "шкельцы", а можа - "дыяменты". Давайце паглядзім! А спачатку - паслухаем.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"