Балазе, балалайка!

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

У той час як адны дзеці ды падлеткі на летніх канікулах адпачываюць, іншыя— працягваюць займацца. Менавіта так правёў лета і 15-гадовы Кірыла Ячмянёў, які сёлета скончыў ДМШ № 1 Віцебска па класе балалайкі.

/i/content/pi/cult/337/6240/9-5.jpg

Летась ён перамог на Міжнародным конкурсе ў Ніжнім Ноўгарадзе, а цяпер стаў уладальнікам Гран-пры і спецпрыза за выкананне твора буйной формы на V Адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя В.Андрэева ў Маскве.

- На заключным канцэрце нават мэтры, якія былі ў журы, крычалі яму "Брава!", - дзеліцца ўражаннямі Алеся Пунчанка, настаўніца хлопчыка, выпускніца педагагічнага факультэта ў Магілёве Акадэміі музыкі і магістратуры БДАМ. - Калі бацькі прывялі яго ў музычную школу, ён хацеў граць на гітары, але я прапанавала балалайку. Кірыла - вельмі дапытлівы, па-добраму апантаны, не прапускае ніводнага канцэрта, цягам усіх гадоў навучання граў у аркестры, быў яго канцэртмайстрам. А з аркестрам выкладчыкаў- неаднойчы саліраваў. У Маскве яму давялося саліраваць з Нацыянальным акадэмічным аркестрам народных інструментаў Расіі імя Мікалая Осіпава. Натхняў яго і новы інструмент. Сёлета бацькі купілі яму балалайку ў вядомага майстра: той вырабляў яе з разлікам на выканальніцкія магчымасці маладога музыканта. На тым жа конкурсе ў Маскве ён граў найскладаны адначасткавы Канцэрт заўчасна загінулага беларускага кампазітара Генадзя Ермачэнкава, пералажэнне 24-га Капрыза Паганіні, Варыяцыі на яго тэму. Скончыўшы нашу школу, Кірыла будзе яшчэ год займацца ў школе пры Віцебскім музычным каледжы імя Салярцінскага. Сезон 2011/2012 пройдзе пад знакам Рэспубліканскага конкурсу імя І.Жыновіча... Пасля ж цяперашняга конкурсу Кірылу запрасілі на майстар-класы ў Маскву і Пецярбург...

Слухаючы Алесю Валер'еўну, усё больш пераконваюся ў думцы, што запрашэнне хлопчыка прайсці майстар-класы вядомых майстроў нават важнейшае за конкурсы. Любой нацыянальнай выканальніцкай школе неабходна знаёмства з новымі замежнымі тэхналогіямі, педагагічнымі методыкамі і распрацоўкамі. Балалайка на Беларусі не карыстаецца такім попытам, як у Расіі. Хаця Віцебск тут - выключэнне. У школе, дзе займаецца Кірыла, - шасцёра выкладчыкаў на гэтым інструменце. А ў Віцебскай філармоніі працуе Актэт балалаек на чале з Тамарай Шафранавай.

На здымку: Кірыла Ячмянёў і Алеся Пунчанка. 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"