Жыццё даказала: ёсць не толькі слухацкі попыт на калектывы рускіх народных інструментаў, але і тыя беларускія "разыначкі", якія вылучаюць нашы фарміраванні сярод падобных, што існуюць у Расіі яшчэ з 1888 года, калі Васіль Андрэеў стварыў у Санкт-Пецярбургу першы такі аркестр.
У Баранавіцкім музвучылішчы, адкрытым у 1969-м, ужо праз год з'явіўся народны ансамбль, а за ім - і аркестр. Навучэнцам пашанцавала, што калектывам заўсёды кіравалі толькі лепшыя музыканты: балалаечнік Уладзімір Антаненка (ён не толькі дырыжыраваў, але і саліраваў - ды яшчэ як!), баяніст Валерый Грыдзін, якога той сам прызначыў сваім пераемнікам. А з 2000 года, пасля заўчаснай смерці Грыдзіна, - Уладзімір Кляшчоў.
- Каб аркестр быў яшчэ больш каларыстычным, шматтэмбравым, - распавядае Уладзімір Аляксандравіч,- мы выкарыстоўваем усю палітру народных духавых і ўдарных інструментаў, дадаём да баянаў разнастайныя гармонікі. Выконваем творы з салістамі ўсіх спецыяльнасцей, пачынаючы з вакалу. З аркестрам гучаць не толькі больш традыцыйныя для такіх складаў народныя інструменты, флейта, габой ды кларнет, але і труба, трамбон, валторна, струнныя смычковыя. У такіх аркестрах навучэнцы і выкладчыкі працуюць у адной "камандзе", выступаюць і перад людзьмі старэйшага пакалення, і перад моладдзю, і гэта дае дадатковыя выхаваўчыя эфекты.
На здымку: аркестр рускіх народных інструментаў Баранавіцкага музвучылішча.