Тайна дзевяці прэм’ер

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Аперэты, балеты, кабарэ і крыху фэнтазі

/i/content/pi/cult/337/6238/9-3.jpg

Учора мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, заслужаны работнік культуры краіны Адам МУРЗІЧ адзначыў сваё 70-годдзе. Але ўсе яго думкі напярэдадні юбілею былі - пра новы тэатральны сезон, што распачнецца 1 верасня.

- Мае асабістае жаданне, - неяк не па-святочнаму пачаў Адам Асманавіч, - каб у тэатра з'явіліся свае беларускія аўтары. Я вельмі рады, што кампазітар Уладзімір Саўчык знайшоў агульную мову з галоўным харэографам тэатра, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Івановым. Вынік убачыце ў лютым: прэм'еру балета "Асоль". Яшчэ раней, у снежні, запросім на м'юзік-фэнтазі Алены Атрашкевіч "Цётухна Прастуда, ці Новы год адмяняецца" (П'есу Наталлі Марчук, паводле якой і створаны гэты спектакль, "К" у свой час друкавала. - Н.Б.). Але гэтага мала - спектакляў айчынных кампазітараў павінна быць больш!

- У наступным сезоне, як я падлічыла, беларускіх будзе дзве прэм'еры з.../i/content/pi/cult/337/6238/9-2.jpg

 - ...Дзевяці. Пра "12 крэслаў" Генадзя Гладкова вы ведаеце, цалкам будзе пастаўлены "Шчаўкунок" Чайкоўскага ў харэаграфіі Васіля Вайнонэна (пакуль у нас ідзе толькі фрагмент). Яшчэ адной прэм'ерай для дзяцей і дарослых стане мюзікл "Чароўная лямпа Аладдзіна" расійскага аўтара Марка Самойлава (у нашым тэатры ідзе ягоны "Нябесны ціхаход"). Не абмінём увагай нававенскую аперэту: да Міжнароднага дня тэатра падрыхтуем пастаноўку "Графа Люксембурга" Легара. Амерыканская класіка? Калі ласка: "Вестсайдская гісторыя" Бернстайна, прычым з тамтэйшымі дырыжорам і балетмайстрам, каб іх традыцыі перайшлі да нас "з рук у рукі". А яшчэ- "Папялушка" на тэмы брадвейскіх мюзіклаў, тэатралізаваны гала-канцэрт "Навагодняе кабарэ". Увогуле, апошняга жанру будзе больш, аднак не буду пакуль раскрываць усе сакрэты.

/i/content/pi/cult/337/6238/9-1.jpg - Асабіста для мяне ваш галоўны сакрэт - як вы ў такім салідным узросце не пабаяліся ўскласці на сябе адказнасць на пасадзе мастацкага кіраўніка тэатра? Тым больш, што дагэтуль займаліся выключна педагагічнай дзейнасцю, больш за 30 гадоў узначальвалі вакальнае аддзяленне Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі...

- Заўважу, з гэтым тэатрам я быў звязаны і раней. І не толькі таму, што часам прыходзіў туды як глядач, - у 1980-я колькі гадоў працаваў тут з хорам, быў педагогам-кансультантам. А той жа Сяргей Косцін, які пэўны час быў дырэктарам тэатра, працаваў са мной у вучылішчы. Дый увогуле, для якіх устаноў, як не для оперных ды музычных тэатраў, мы рыхтуем, у рэшце рэшт, сваіх выхаванцаў? Так што, лічу, мастацкі кіраўнік - таксама своеасаблівы педагог. Яго галоўная задача- выхоўваць і падтрымліваць добры густ: і ў трупы, і, адпаведна, у публікі. А сувязі тэатра з навучальнымі ўстановамі, якія рыхтуюць нам кадры, мы працягнем. У новым сезоне плануем адрадзіць Рэспубліканскі конкурс вакалістаў "Убельская ластаўка", прысвечаны Станіславу Манюшку. Ён збярэ навучэнцаў сярэдняга звяна і пройдзе на базе нашага тэатра.

 - Але змена месца працы - сітуацыя, у пэўнай меры, заўсёды стрэсавая...

- Мне пашанцавала, што ў тэатры склалася добрая прафесійная каманда. Мы імкнёмся берагчы кадры, захоўваць пераемнасць пакаленняў. Я прапанаваў, каб ва ўстанове былі педагогі па вакале. Імі сталі наша прымадонна Наталля Гайда і Пётр Рыдзігер, які выкладае ў Акадэмі і музыкі, а калісьці быў н е пераўзыдзеным артыстам-прэм'ерам, героем класічных аперэт. Зінаіда Вяржбіцкая, цудоўная характарная артыстка, працуе памочнікам рэжысёра. Днямі наш калектыў павіншаваў з 70годдзем Вікторыю Мазур, якая ўпісала свае старонкі ў развіццё нашага тэатра. Мы з ёй, дарэчы, вучыліся на адным курсе кансерваторыі і ў аднаго педагога - Арсенія Карынскага. Ён быў настолькі патрабавальны, што я вырашыў ад яго сысці, напісаў заяву з просьбай перавесці да іншага выкладчыка, але ўжо назаўтра, асэнсаваўшы недарэчнасць свайго ўчынку, папрасіўся назад. Так што ў Вікторыі Мазур - шыкоўная вакальная школа, дый паводле першай адукацыі яна піяністка, і гэта вельмі дапамагло ёй у яе спеўнай кар'еры. Якой выдатнай гераіняй яна была! У гэтым змогуць пераканацца і тыя, хто не бачыў яе раней на сцэне. Бо ўвосень у філармоніі пройдзе яе сольны канцэрт. Не пакрыўдзім мы і нашу сённяшнюю прымадонну: да Вялікадня зладзім фестываль "Наталля Гайда запрашае". Прыходзьце ў наш тэатр часцей: прыемныя цікавосткі тут вас чакаюць ледзь не штодня!..

На здымках: у мінулым сезоне Музычны тэатр здзіўляў канцэртам пад адкрытым небам у скансене, а таксама спектаклямі "Каханнем паітальянску" і "Аднойчы ў Чыкага".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"