Контурныя... назіранні

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Мазаіка з асобым поглядам

 

"Контуры новага часу" - такую назву атрымала новая кніга доктара мастацтвазнаўства, старшыні Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, прафесара Рычарда Смольскага. У ёй у прасторавых і часавых контурах акрэсліваюцца праблемы тэатральнага жыцця Беларусі 2000-х гадоў.

Мазаічная канструкцыя кнігі, хаця і даволі дакладна структураваная, дазволіла змясціць нататкі, якія былі апублікаваны аўтарам у розныя гады новага стагоддзя, ягоныя роздумы і ўражанні ад разнастайных, часта супярэчлівых, фактаў і з'яў у сучаснай тэатральнай культуры. Раздзелы, падзеленыя на шэраг асобных артыкулаў, уяўляюць з сябе тэарэтычныя развагі, што датычацца прыярытэтных напрамкаў развіцця тэатральнай справы ў Беларусі, суадносін прафесійнага тэатра і масавай культуры, акцёрскага майстэрства, адукацыйных працэсаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Асабасны погляд на сутнасць тэатральнага працэсу - натуральны для тэатразнаўцы, не выключаючы агульных поглядаў, шмат у чым базіруецца на індывідуальных меркаваннях аўтара. Праз тэксты выяўляецца яго прыхільнасць да навуковага асэнсавання тэатральнай рэчаіснасці.

У размове пра сучасную драматургію ўзнімаюцца важныя прафесійныя пытанні прынцыпаў увасаблення на сцэне полістылістычных і поліжанравых форм сінтэтычнага твора. Інварыянтныя асаблівасці сучаснага тэатра раскрываюцца ў такіх яго разнавіднасцях, як стацыянарны (рэпертуарны) тэатр, антрэпрыза, тэатр аднаго акцёра, тэатр беларускай драматургіі...

Дыялагічнасць мыслення аўтара кнігі прачытваецца ў разважаннях пра элітарны і агульнадаступны тэатр, пра стабільнасць цяперашняга сцэнічнага працэсу і крызіснасць сучаснай беларускай драматургіі, пра віртуальнасць і рэальнасць тэатральнага відовішча, пра суадносіны класічнага тэатра і масавай культуры.

Той факт, што Рычард Смольскі больш за дзесяць гадоў з'яўляўся рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, натуральна, пашырае поле яго мастацтвазнаўчых інтарэсаў. Зацікаўлена ён гаворыць пра асноўныя спецыяльнасці выяўленчага мастацтва, якія атрымліваюць развіццё ў Акадэміі, пра сувязь мастацтва з вытворчасцю, стварэнне мастацка-прамысловага факультэта, выхаванцаў alma mater, якія ў далейшым сталі выкладчыкамі БДАМ. Адпаведна рэпрэзентуецца і новая навуковая тэма - "Прафесійнае мастацтва і нацыянальная мастацкая школа Беларусі: праблемы трансфармацыі на сучасным этапе", выяўляючы дзейнасць актыўнага даследчыка ў сацыяльным вымярэнні.

Гэтая кніга ў поўнай ступені дапамагае прасякнуцца духам і эстэтыкай сучаснага тэатральнага працэсу, мастацкай адукацыі, сучаснай тэатральнай крытыкі. Многія вербальныя тэксты падмацоўваюцца сацыялагічнымі высновамі, лічбавымі паказчыкамі, рэкамендацыямі да стварэння пэўных практычных праектаў. На старонках кнігі ўзгадваюцца імёны многіх акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, драматургаў, дзяржаўных дзеячаў, якія адыгралі адметную ролю ў абнаўленні, рэфармацыі сучаснага тэатральнага мастацтва. Дадзенае выданне можна ахарактарызаваць як "манаграфія з элементамі эсэістыкі". Дзякуючы такому жанраваму сінтэзу аўтару ўдалося пазбегнуць сухой аналітыкі і перадаць тыя эмоцыі, што ахоплівалі яго самога пры праглядах і абмеркаваннях пэўных спектакляў, рэпертуару фестываляў, творчых конкурсаў.

Вера ПРАКАПЦОВА, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры БДУКіМ