"Гэта было нядаўна..." - так называецца чарговая выстаўка з праектнага цыкла "Нашы калекцыі" ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, прысвечаная тым амаль пяцідзесяці мастакам, якія сёлета адзначаюць свае юбілеі, і тым, якія маглі б іх адзначыць, але не дажылі да дзён сённяшніх. Розніца ва ўзросце ўдзельнікаў выстаўкі (а сярод іх - творцы з Мінска, Віцебска, Гомеля, Брэста, Гродна) сягае да 95 гадоў. Ёсць тут і некалькі работ нашых суайчыннікаў-эмігрантаў - Л.Зільбера і М.Рабермана, а таксама зусім не вядомага асабіста мне - жывапісца У.Закрэўскага.
У Кнізе водгукаў мне запомнілася колькі запісаў. Прывяду толькі два - як найбольш характэрныя, якія належаць гасцям нашай краіны: "Надзвычайная калекцыя! Штогод я прыязджаю ў Мінск і не перастаю захапляцца. Вельмі хочацца бачыць такіх мастакоў у Інтэрнэце і мець магчымасць набыць буклеты пра іхнюю творчасць. Алена Кіраўніцава (Падмаскоўе)"; "Ёміста, цікава, шыкоўна! Пачуцці перапаўняюць сэрца ў час, які быў прысвечаны агляду выстаўкі. Ад убачанага займае дух! Наталля Кузьміна (Палтава)". Што і казаць, вельмі прыемныя словы...
Цяпер - уласна пра выстаўку. Гэта ўжо мой асабісты погляд. Яркая візуальная розніца творчых прынцыпаў і манер прадстаўленых мастакоў, на першы погляд, магла б прывесці да нейкай стракатасці, нават хаатычнасці экспазіцыі, каб не стрыжнёвае гучанне глыбока жыццёвых тэм і сюжэтаў, якія для людзей тых пакаленняў былі зразумелымі, блізкімі і звыклымі. Праз неаднолькавасць почыркаў, зразумела, выяўляецца і розніца прафесійнай падрыхтоўкі аўтараў, і асаблівасці індывідуальнага бачання, успрымання ды адчування. Усё гэта так. Акрамя таго, у супастаўленні прыёмаў і спосабаў адлюстравання свету даволі выразна выступаюць характэрныя прыкметы, якія былі ўласцівы творцам пасляваеннага часу і перыяду так званага суровага стылю, калі ў беларускім выяўленчым мастацтве быў зроблены кардынальны прарыў да свежай пластычнай вобразнасці і зусім новай сацыяльна-мастацкай тэматыкі, раней невядомай, дакладней, "калектыўна не запатрабаванай".
Такім чынам, у айчынным мастацтве 1960 - 80-х гадоў (а гэта большасць твораў экспазіцыі) бачны жывы працэс скрыжавання і ўзаемадзеяння спецыфічных культурных каштоўнасцей, на якіх фарміраваўся фундамент таго самага мастацтва, што мы маем сёння, на старце XXI стагоддзя ў новых ідэалагічнай і пластычнавобразнай сістэмах.
Я ўзгадаў Блока, які перадаў пакутлівы кругазварот часу ў сваім вядомым вершы. "Ноч, вуліца, ліхтар, аптэка" - гэтыя мерныя пералічэнні выклікаюць да жыцця тыя імгненні, што страцілі розніцу паміж днём сённяшнім мінулым, і тыя часы патанулі ў застылым "назаўсёды". Менавіта да такога перажывання часу набліжаюцца многія творы экспазіцыі. Тэма яго - хуткага або запаволенага, прыпыначнага або таго, што вяртаецца, - шчыльна звязана з тэмай Памяці, якая ў ранейшыя дзесяцігоддзі мела асаблівае значэнне ў нашым мастацтве. Наогул, роздум аб законах, таямніцах і парадоксах часу - неад'емная адзнака вобразнага мыслення, уласцівага мастацтву ў розных яго варыяцыях, незалежна ад віду і жанру творчасці. А на выстаўцы, акрамя жывапісу, прадстаўлены і скульптура, і эстамп, і акварэль, і габелен.
Мы не заўсёды разумеем тое, чаму мастакі так часта звяртаюцца да тэматыкі, якая глыбінна звязана з традыцыйнымі ўяўленнямі аб "усеўладдзі часу". І тут не трэба шукаць прамога, "лабавога" адлюстравання тэмы ў кантэксце гэтай праблемы - усё залежыць ад прафесійнага выхавання, унутранай культуры, светаразумення і таленту аўтара. Хіба палотны Б.Аракчэева, Р.Ландарскага, М.Меранкова, В.Нямцова, акварэлі Ф.Гумена, І.Пратасені, нацюрморты У.Гардзеенкі і С.Катковай, скульптуры Г.Гаравой і Г.Мурамцава - не пра тое ж, не пра "час і пра сябе"? Канешне, сёння многія з гэтых мастакоў у чымсьці перагледзелі сваё эстэтычнае (і творчае) стаўленне да навакольнага свету, але куды ж падзецца ад тых асноватворных прынцыпаў, якія былі закладзены імі раней?
Асабіста ў мяне дадзеная экспазіцыя выклікала яшчэ і журботныя ўспаміны пра ўсіх тых мастакоў, каго ў свой час я добра ведаў і якія не дажылі да сённяшняга дня. Кожны з іх тым або іншым чынам уклаў сваю "цаглінку" ў фундамент культуры, хаця, на жаль, некаторыя постаці ў плыні марнасці жыцця аказаліся сёння несправядліва напаўзабытымі... Вось тыя імёны мастакоў-нябожчыкаў, чые творы ўпрыгожваюць экспазіцыю: Н.Воранаў, Л.Ізмайлава, У.Пасюкевіч, І.Глазава, І.Грыгаровіч, А.Семілетаў, Я.Пакаташкін, К.Пятроў, М.Шарэнка, А.Пуцейка, Б.Няпомняшчы, М.Палякоў, Л.Дробаў, В.Шматаў, Л.Скрыпнічэнка, Г.Юзеева, Л.Лапчынскі, Я.Санько, У.Булыга, У.Міхайлоўскі, М.Лісоўскі, Г.Шумскі, Я.Печкін, У.Кухараў, В.Кубараў, Э.Куфко, В.Варламаў, Я.Ігнацьеў, Л.Давідзенка, І.Краўчанка, Б.Івонцьеў... Карціна апошняга "Успаміны" выклікала ў мяне асаблівыя пачуцці: вельмі ўдала паказаны кінарэжысёр Віктар Тураў (са спіны!) на выбары натуры для свайго фільма "Людзі на балоце". Віктара Цімафеевіча і таленавітага кінамастака Жэню Ігнацьева я добра ведаў шмат гадоў... Словам, выстаўка аказалася далёка не "прахадной". Яна запамінаецца гледачам і дакладна выяўляе жыццяздольнасць таго мастацтва з усімі яго вартасцямі і супярэчнасцямі, якое існавала ў Беларусі ў 60 - 80-я гады мінулага стагоддзя.