Тры месяцы лета і...

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Кажуць, што лета — “мёртвы” сезон для творчага жыцця? Адпачынкі, курорты, спёка, нарэшце. Разам са сваімі суразмоўцамі “К” вырашыла абвергнуць гэты стэрэатып. Такім чынам...

/i/content/pi/cult/337/6230/6-1.jpg

Што дадаць у "...Кактэйль"?

 ...тэлепраекты новага сезона

Дырэктар Дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анжаліна МІКУЛЬСКАЯ на наша пытанне ўсміхнулася: "Сачыненне "Як я правёў лета"? А можна, каб - не толькі я, але і ўвесь тэлеканал?"

 - Упершыню за пяць гадоў я пайшла ў адпачынак! І пабывала ў той краіне, якую даўно марыла наведаць. Я люблю за рулём калясіць па Еўропе. Нарэшце, аб'ехала Швейцарыю. Трапіла на Венскі фестываль авангарднага кіно. Уражанняў - мора! Гэта, да ўсяго, і вялізная творчая падпітка. Бо вельмі важна, працуючы на тэлебачанні, убачыць на свае вочы тыя новыя тэндэнцыі, якія адбываюцца ў еўрапейскім і сусветным кіно, сустрэцца з цікавымі творцамі, абмеркаваць агульныя праблемы. Такая інфармацыя, убачаныя авангардныя рысы і прыёмы не могуць не стаць стымулам да дзеяння. Зусім не абавязкова іх пераймаць! Важна - зразумець, у якім кірунку сёння рухаюцца відовішчныя мастацтвы, успрыняць сам дух тых пошукаў ды іх перспектывы.

 І на самім тэлеканале - лета мы не змарнавалі! Былі і шэсць канцэртаў цыкла "Вечары ў Мірскім замку", і ўрачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці. З'ездзілі ў Францыю, здымалі там чарговы выпуск "Бітвы тытанаў" - нармальнае працоўнае лета! Дый восень, а за ёй і ўвесь новы сезон чакаюцца не менш насычанымі. У нас - маса цікавых праектаў! 8 верасня выязджаем у рэгіёны: у кожнай з абласцей краіны будзем праводзіць кастынгі. Адзін з іх - дзіцячы, для праекта "Я пяю!". Другі - сярод прыгажунь, для "Міс Беларусь-2012". Яшчэ адзін адбор будзе ў асяроддзі маладых таленавітых вакалістаў. І апошні- будзем шукаць людзей з пачуццём гумару, якія валодаюць размоўным жанрам. Літаральна заўтра распачынаем здымкі "Эстраднага кактэйля", у ім стане больш "інгрэдыентаў".

Праз два тыдні пачнём "сустракаць Новы год": мы заўжды рыхтуем да гэтага свята нешта незвычайнае, і здымкі распачынаюцца задоўга да эфіру. У кастрычніку ж на экраны выйдуць знятыя ў верасні выпускі "Гонару нацыі" - пра людзей, чыё жыццё, як подзвіг. Будуць ахоплены прадстаўнікі самых розных прафесій і статусаў: урачы, касманаўты, спартсмены, дзеячы культуры, інваліды... Яны кінулі выклік лёсу, імі мы можам ганарыцца. Дык ці ж можна пра ўсё гэта распавядаць без гонару?..

Надзея БУНЦЭВІЧ

Агент і Чуб у адным акцёры/i/content/pi/cult/337/6230/6-2.jpg

...доктар Журавель

- Гэтае лета, дарэчы, як і апошнія, збольшага аказалася працоўным. Я быў задзейнічаны ў некалькіх кінапраектах, - кажа заслужаны артыст Беларусі Сяргей ЖУРАВЕЛЬ.

- Першы з гэтых праектаў - гэта тэлефільм "Скрасці Бельмандо", які запускае Белтэлерадыёкампанія. Я іграю ў фільме літаратурнага агента, які прасоўвае творчасць галоўнага героя - пісьменніка... Каманда на праекце склалася цудоўная, і, дарэчы, адной з самых цікавых сустрэч гэтага лета я назваў бы знаёмства з Алегам Несцеравым. Менавіта ён і ўвасабляе таго самага пісьменніка ў стужцы, якога я, так бы мовіць, раскручваю. Алег вядомы публіцы па дзейнасці ў гурце "Мегаполіс", а тут ён спрабуе свае акцёрскія здольнасці. Папрацаваць з ім, пазнаёміцца, пасябраваць мне як прыхільніку творчасці гэтага калектыву было цікава і прыемна.

Што да іншых праектаў - гэта ўжо карціны, за якімі стаяць замежныя прадзюсары. Яны маюць назву "Альбанец" і "Стракатае шчасце". У апошнім я ўвасабляю дзіцячага ўрача-псіхіятра, і, што цікава, гэтая роля працягвае новую лінію ў маёй акцёрскай кінатворчасці. Раней мне ўсё прапаноўвалі ролі дзіўных такіх персанажаў, розных злодзеяў, а вось цяпер чамусьці "пайшлі" ўрачы: то ролю дзіцячага псіхолага прапануюць, то - загадчыка аддзялення педыятрыі. Магчыма, усё - да таго, што ў хуткім часе я маю стаць дзядулем. І, адпаведна, адбываецца такая змена акцёрскага амплуа.

Калі казаць пра бягучыя тэатральныя ролі, то цяпер у Купалаўскім ідзе праца над новым спектаклем па творах М.Гогаля пад рабочай назвай "Ноч перад Калядамі". Рэжысёр - Мікалай Пінігін. Я ў пастаноўцы выконваю ролю бацькі славутай гераіні Аксаны пад прозвішчам Чуб. Такім чынам, атрымліваецца, што я па ўсіх профілях - у бацьках.

 "Троіца"-экспа

 ...магія "Варажбіта" з акарынай

 /i/content/pi/cult/337/6230/6-3.jpgНе маю сумневаў, у залах Гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе", дзе заўтра ўпершыню ў Беларусі прадэманструюць эксклюзіўную калекцыю музычных інструментаў Івана КІРЧУКА і этна-трыа "Троіца", заўтра не будзе вольнага месца.

- Што за відовішча чакае ў Заслаўі?

- Найперш хочацца падзякаваць, што дзяржава звярнула ўвагу на нашу працу. Уявіце, інструментаў ды рэчаў этнаграфічнага характару сабралася настолькі шмат, што частка майго ўласнага музея сёння знаходзіцца ў Варшаве! Тое, што цяпер у Беларусі, - вялікая колькасць духавых, акарыны з розных краін свету... Сярод іх - набытыя намі на замежных фестывалях, а таксама падораныя слухачамі. Згадваю, як у Галандыі сляпая слухачка, пачуўшы нашу музыку, зрабіла падарункі са сваёй калекцыі: нямецкая цытра, вялікая галандская акарына, афрыканскія дудкі... Зазначу, амаль усе інструменты, якія траплялі ў "Троіцу", скарыстоўваліся ў запісах. Скажам, там жа, у Нідэрландах, нашаму гітарысту Юрыю Дзмітрыеву падарылі турэцкі саз, які ў хуткім часе прагучаў на беларускім трыб'юце "Depeche Mode". Карацей, сёння ўсё складзена ў валізы (Гутарка адбывалася ў панядзелак. - С.Т.), і я нават не ўяўляю пакуль, як будзе выглядаць выстаўка (усміхаецца).

- А "Варажбіт" - паўтор колішняй праграмы?

- Калісьці я выступаў з такой праграмай сольна, увасабляючы дух нашых продкаў. Назва, мне бачыцца, паходзіць ад слоў "вар", "варыцца", менш - ад "варажба". Прысвечана яны жыццю чалавека, якое праходзіць сваё кола. У нядзелю будзе варыянт на дваццаць хвілін. І ўпершыню запрасіў да ўдзелу дзяўчыну- аспірантку Кацярыну Баброўскую,- каб больш дасканала паказаць старадаўнія рытуалы. За апошнія гады маёй працы ва Універсітэце культуры і мастацтваў назіраю новую генерацыю студэнтаў, якім цікава не толькі спяваць, але і ўвасабляць той самы зварот да вады, агню... Што прагучыць з інструментаў? Гуслі- з Расіі, варган - з Венгрыі, двайная акарына - ад новарасійскіх беларусаў, рог - майстра з Ліды Аляксандра Блахіна... Наогул, мяне папрасілі зрабіць своеасаблівы ілюстрацыйны дэма-дыск, каб наведвальнікі маглі ўяўляць гучанне інструментаў праз кампазіцыі "Троіцы".

- А колькі ў калекцыі беларускіх інструментаў?

- Мы ж з іх і пачыналі! Скажам, я паехаў ва ўласную экспедыцыю да Усевалада Жукоўскага ў Мар'іну Горку. Гэта ж чатыры пакаленні майстроў-скрыпачоў! Ліра ад іх якраз і будзе на выстаўцы. Увогуле ж, яны рабілі інструменты для "Харошак", "Песняроў". Зміцер Ровенскі падарыў мне выдатную дудку, зробленую з... лыжнай палкі. Ёсць капыльскія, гродзенскія дудкі, нешта стваралі для мяне студэнты БДУКіМ... Скажам, адну я назваў бохан-яган, бо яна дужа падобная на хлеб, іншую "ахрысціў" рогам, а бываюць такія, што і назвы не маюць. Шмат дапамагаў нам згаданы Аляксандр Блахін, які сапраўды "ў тэме", наведвае многія фестывалі. Гучаць у гурце жалейкі і дуда Віктара Кульпіна, акарыны Дзяніса Грома - сына знакамітага Уладзіміра Грома. Наш беларус з Сібіры Павел Крыж зрабіў для мяне выдатныя гуслі, іх пабачыце і на выстаўцы.

- Якія гастрольныя і фестывальныя планы?

- Даўняя традыцыя: наперад нічога не распавядаць да часу... З таго, што было, - польскі фестываль "Чарэмхі", што сабраў шырокае прадстаўніцтва з Усходняй Еўропы. У яго рамках адбылася і канферэнцыя. Палякі распавялі, што ў іхніх школах няма ўрокаў спеваў, яны ўзнімалі праблему рамёстваў, якія ў іх не развіваюцца, загінулі, - і не знайсці карані... У нас жа, на жаль, фестывалі менавіта этнічнай музыкі можна пералічыць па пальцах, а, скажам, у Канадзе іх - 1200 на год... Прыкладам, мы былі на фэсце ў Мірскім замку. Колькі дзён была папулярная музыка, а ў адзіным этнічным канцэрце прынялі ўдзел толькі мы, "Kriwi" і "Стары Ольса"... Канешне, арганізатарам многіх фестываляў варта назапасіць і замежнага вопыту. Чаму б, па прыкладзе венгерскага "Sziget", не паспрабаваць рабіць на фэстах некалькі пляцовак - на розныя густы?..

- І яшчэ пра "Варажбіта". А вы варажыць умееце?

- Ведаеце, не (усміхаецца). Але, старыя людзі казалі, раней за музыку ніколі не аддавалі дачку, як і за млынара, таму што тыя заўжды жылі з пэўнымі гукамі. Вось і я так жыву: з інструментамі з розных краін, кожны, вядома ж, мае сваю энергетыку... Я бачыў у дакументальнай стужцы, што нашы дзяды маглі буру, снег, вецер, град адвесці ад вёскі, і яны не былі варажбітамі, але з'яўляліся моцнымі людзьмі. А песня, музычны інструмент... Нават мы гаворым, а ўжо ёсць магія! Таму і "варажбіт" - ад слова "варыцца"...

Сяргей ТРАФІЛАЎ

Канцэпцыя і маштаб

...арт-кірмаш плюс біенале

Дзве сталічныя галерэі нядаўна прымалі ўдзел у ІІ Міжнародным мастацкім кірмашы "Art-Vilnus".

Тым больш заўважны гэты факт у кантэксце пошуку новых падыходаў да папулярызацыі і прэзентацыі на міжнародным узроўні сучаснага айчыннага мастацтва. Сярод тых творцаў, праз чые работы вільнюсцы і госці літоўскай сталіцы спазнавалі найноўшы беларускі art, - і мастак Уладзімір КАНЦАДАЙЛАЎ. Пакуль суразмоўца адгортвае старонкі каталога з інтрадукцыямі беларусаў, пачынаю распытваць пра тое, як нашы асяродкі трапілі ў поле зроку міжнароднага форуму. Прычым трапілі "ў яблычак": прыватная сталічная галерэя сучаснага мастацтва, што існуе толькі год з лішкам, стала лідарам кірмашу!/i/content/pi/cult/337/6230/6-4.jpg

 - У 2009-м літоўцы прыязджалі ў Мінск і абралі дзве галерэі, што ім спадабаліся, работы мастакоў. Я тады наведаў Вільнюс, нечым дапамог нашым творцам, а таксама азнаёміўся з экспазіцыяй. Зазначу, яна была маштабная, са значным міжнародным прадстаўніцтвам, паколькі тады горад меў статус Культурнай сталіцы Еўропы. Цягам двух гадоў вырашаўся лёс чарговага "Art-Vilnus", таму канчатковае пацвярджэнне нашы галерэі атрымалі толькі ў красавіку. І дырэктар адной з іх - Ларыса Бортнік - прапанавала мне паўдзельнічаць у выстаўцы са сваім праектам.

- Распавядзіце аб ім падрабязней.

- Самае цікавае, што ў працэсе падрыхтоўкі мой жывапіс аб'ядналі з фота Алега Яравенкі: ягоныя здымкі перагукаліся з маімі карцінамі, і ў выніку атрымалася моцная экспазіцыя. Прагучала, лічу, яна на высокім ўзроўні. Серыя ж маіх работ называлася "Праяўленне" - выставачная па сваёй сутнасці, абстрактнага плана.

- Экспазіцыя "Art-Vilnus" - гэта...

 - Калі "суадносішся" з кімсьці, тое заахвочвае да далейшай працы. Тым больш, там прынята прадстаўляць найноўшае. Гэта выстаўка не салоннага плана, а- менавіта сучаснага мастацтва. Яна накіравана, хутчэй, не на продаж работ, а- на выяўленне тэндэнцый, канцэпцый. Хаця сёлета там было больш прыбалтыйскіх галерэй, усё роўна маштаб- значны. Дарэчы, у перспектыве у арганізатараў ёсць дамоўленасць з іх Урадам аб правядзенні выстаўкі раз на два гады. І сведчаннем дзяржаўнай цікавасці сталі візіты кіраўніцтва Літвы- Прэзідэнта і Прэм'ер-міністра - на форум.

- Мы размаўляем, а насупраць- банер ІІІ Міжнароднага біенале акварэлі "Вада+фарба"...

- Узяў у ім удзел... з трэцяга раза: неяк не атрымлівалася раней. Прадставіў работы з тых часоў, калі захапляўся графікай, калажамі. Узровень акварэльнага біенале - высокі: госці з замежжа, каталог, выстаўка ў сталіцы пасля паказу ў Полацку...

С.Т.