Гульні інтэлекту і акварэлі

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў “Палац мастацтва” распачаліся дзве цікавыя выстаўкі.

/i/content/pi/cult/337/6223/2-3.jpgПершы праект - ІІІ Міжнародны біенале "Вада + фарба" (па выніках Полацкага пленэру). Маштаб яго павялічваецца з года з год, і сёння ў залах прадстаўлена каля 150 твораў 70 мастакоў з Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Нарвегіі, Даніі, Ірландыі, Францыі.

Такім чынам, удзельнікі пленэру - мастакі розных стыляў, кірункаў, светаўспрымання, тэхнік выканання - стварылі экспазіцыю, якая стала своеасаблівай пуцяводнай ніткай па свеце сучаснага акварэльнага жывапісу.

Другі мастацкі праект называецца "Чэнта. (Дэ)фрагментацыя". У ім прымаюць удзел 14 беларускіх творцаў, сярод якіх - такія вядомыя імёны, як З.Літвінава, А.Суша, С.Бабарыка, В.Герасімаў, С.Каткова, З.Луцэвіч, Р.Таболіч, А.Барташэвіч, А.Некрашэвіч і іншыя.

Чэнта - літаратурны тэрмін, што прадугледжвае стварэнне новага літаратурнага твора са слоў і сказаў іншых тэкстаў. З часоў Старажытнай Грэцыі творцаў і чытачоў цікавіць, як праз новыя ўзаемасувязі тэкставыя элементы набываюць сэнсавыя вымярэнні. Інакш кажучы, гэта своеасаблівая інтэлектуальная гульня, дзе ўдзельнічаюць інсталяцыі, калажы, аб'екты, творы графікі, жывапісу і г. д., пры дапамозе якіх аўтары пераносяць тэхніку "чэнта" ў галіну выяўленчай культуры.