Балтыка ў палацы

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Гэты тыдзень аказаўся плённым у кірунку супрацоўніцтва Беларусі і Латвіі.

/i/content/pi/cult/337/6222/2-2.jpg

Адбыліся сустрэчы кіраўнікоў кантрольных органаў дзвюх краін у Мінску, латвійскую дэлегацыю прыняў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны Анатоль Рубінаў.

А ў культурнай сферы якраз на гэтым тыдні ацаніць даробак мастакоў прыбалтыйскай краіны змаглі гамяльчане. У горадзе над Сожам у рамках акцыі "Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011" пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц Садружнасці адбылося адкрыццё новай выстаўкі. У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі цягам месяца будуць прадстаўляць сучаснае латвійскае мастацтва ў работах мастачкі Інгрыды Ірбе і фатографа Юрыса Шульца. Дарэчы, з творамі апошняга гамяльчане паспелі пазнаёміцца яшчэ ў рамках "Ночы музеяў-2009".

Што ж адлюстроўваюць работы? Уязбярэжжа Балтыйскага мора, прыгожыя краявіды, незвычайную архітэктуру - ад сярэднявечных замкаў і вулачак у Старой Рызе да выкшталцоных дамоў у югендстылі, - а таксама - саміх латышоў. Дарэчы, Гомель з'яўляецца горадам-пабрацімам латышскай Ліепаі. Таму адкрыццё латвійскай выстаўкі - чарговы крок ва ўмацаванні двухбаковых стасункаў.