Падтрымка праектаў сферы

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Як паведамляе Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы, на рэалізацыю творчых праектаў у сферы нацыянальнай культуры і мастацтва са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва ў бягучым годзе выдаткавана амаль 550 млн. рублёў. Адпаведнае рашэнне Савета фонду Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў сваім распараджэннем 11 жніўня.

 

Міністэрству культуры выдзелена 185 млн. рублёў на набыццё 55 твораў сучасных беларускіх мастакоў для вядучых мастацкіх, гістарычных і літаратурных музеяў краіны, Гомельскаму палацава-паркаваму ансамблю - 10 млн. на закупку работ ураджэнца Гомеля мастака І.Сямекі.

Задаволены просьбы Беларускай дзяржаўнай філармоніі аб аказанні фінансавай падтрымкі ў стварэнні новых канцэртных праграм ансамблем "Камерата" (67,3 млн. рублёў) і Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча (70 млн. рублёў), Гомельскага абласнога драматычнага тэатра - у пастаноўцы спектакля "Вар'яцкі дзень, або Жаніцьба Фігара" паводле п'есы П.Бамаршэ (50 млн. рублёў).

За кошт сродкаў фонду Беларускім саюзам мастакоў будзе арганізавана выстаўка, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння М.Багдановіча, - на гэтыя мэты накіравана 22 млн. рублёў. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў ажыццявіць адраджэнне і сцэнічнае ўвасабленне народнага абраду "Ваджэнне і пахаванне Стралы" - для гэтага ВНУ выдзелена 62,38 млн. рублёў.

Пры падтрымцы фонду таксама будуць выдадзены кніга "Беларуская школа скульптуры" (43,202 млн. рублёў) і буклет, прысвечаны 30-годдзю Тэатрастудыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" (40 млн. рублёў).

 Як адзначылі ў Прэс-службе Прэзідэнта, падпісанне распараджэння з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем пастаяннага клопату Кіраўніка дзяржавы аб развіцці беларускай культуры і мастацтва.